Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абароназдольнасьць беларускай арміі забясьпечаць “БелКА” і мілітарызаваныя дырыжаблі


Ігар Карней, Менск У часе меркаванага параду да дня Перамогі над Менскам упершыню паляціць такая колькасьць ваенных самалётаў. Апошнія трэніроўкі паветранага эшалёну заплянаваныя на сёньня і заўтра. Аднак, як высьветліў наш карэспандэнт, неўзабаве ў паветранай прасторы краіны можа зьявіцца абсалютна новая тэхніка, якую беларускія вайскоўцы разглядаюць альтэрнатывай сучасным паветраным сродкам армій Расеі і ЗША.

Перадусім усё ж пра традыцыйную авіятэхніку: 9 траўня менчукі ўбачаць амаль паўсотні адзінак баявой авіятэхнікі, уключна з самалётамі Су-27, МіГ-29 і ваеннымі верталётамі, праляцяць над цэнтрам Менску. Паказальна, што ў Маскве, дзе мерапрыемствы да дня Перамогі абяцаюць быць яшчэ больш маштабнымі, ад паветранага параду адмовіліся ў мэтах бясьпекі. Прадстаўнікі беларускага абароннага ведамства запэўніваюць, што падставаў непакоіцца ў менчукоў няма. Зрэшты, шмат хто лічыць: удзел у падобных парадах ды яшчэ штогадовыя вучэньні – амаль адзіная магчымасьць узьняць самалёт у паветра. Рэжым ашчаднасьці дзейнічае ў беларускім войску фактычна ад моманту ліквідацыі Беларускай ваеннай акругі ў структуры Мінабароны СССР.

Нядаўна зьявілася інфармацыя, што на ўзбраеньне беларускай арміі можа паступіць досыць экзатычная зброя – дырыжаблі. Падобная ідэя абмяркоўваецца ня першы год, але, сапраўды, ёсьць зьвесткі, што канструктары распрацоўваюць шматмэтавы дырыжабль з функцыямі паветранай выведкі. Пры гэтым кажуць нават пра альтэрнатыву самалётам “Авакс” у амэрыканскай арміі, альбо А-50 у арміі Расеі.

За ідэю, як кажуць, ухапіўся міністар абароны Леанід Мальцаў, які рашуча арыентаваны ажыцьцявіць задуму. Ініцыятыву генэрала Мальцава, свайго “аднакашніка” па сувораўскай вучэльні, камэнтуе падпалкоўнік запасу Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Тут мала карысьці – як ваенны чалавек кажу. Калі будзе ўзьняты такі дырыжабль, нашыя суседзі адразу ж убачаць, што мы за імі назіраем. Так ніколі ў войску ня робіцца. Выведка – як паветра: ці яно ёсьць, ці яго няма. А калі паказальна ўзьняць такі агрэгат ля мяжы і прадэманстраваць тым самым – мы назіраем, гэта можа пацягнуць за сабой складанасьці дыпляматычнага і палітычнага кшталту. Магчыма, гэта выгодна з гледзішча тэхнічнай выведкі, але дэманстраваць тое, што мы адсочваем вайсковымі сіламі тэрыторыі суседніх дзяржаваў?.. Зараз і так вялікія складанасьці зь міжнародным аўтарытэтам у нашай краіны. Можна знайсьці, куды прыстасаваць гэта, але ня дзеля выведкі ў якасьці сыстэмы “Авакс”.

У міністэрстве абароны якраз лічаць, што дырыжабль можа быць альтэрнатывай “Аваксу”. Альтэрнатывай самалёту ён быць ня можа ўжо таму, што самалёт актыўна рухаецца. А дырыжабль будзе знаходзіцца практычна на адным месцы, і гэта робіць яго вельмі лёгкай мішэньню, яго можна зьбіць практычна любой зброяй.

Яшчэ адна амбіцыйная задума – вывад на арбіту беларускага спадарожніка. Што кажуць з гэтай нагоды спэцыялісты? Калі нічога надзвычайнага ня здарыцца, спадарожнік “БелКА” (Беларускі Касьмічны Апарат) з дапамогай расейскай ракеты мусіць быць выведзены на арбіту пры канцы году. Набыткам галоснасьці пакуль толькі мірныя мэты спадарожніка; зацікаўленасьць у ім ваенных для шырокай публікі не фігуруе.

Куратарам праекту – Нацыянальная Акадэмія навук. Непасрэдна зьбіраюць спадарожнік на менскім аб’яднаньні “Пілінг”. Але чым бліжэй да акрэсьленай даты, тым больш пэсымізму нават у непасрэдных выканаўцаў замовы. Вось што мне апавялі ў кулюарах Акадэміі навук:

(Супрацоўнік бюро: ) “Колькі спадарожнік над Беларусьсю будзе ляцець? 5-10 хвілінаў. Што ён пасьпее тут зафіксаваць? А па грашох вялізных, укладзеных у праект, такая мэтазгоднасьць сумнеўная. Праект выліваецца прыблізна ў 30 мільёнаў даляраў – гэта больш, чым бюджэт усёй Акадэміі навук. Сачэньне за ім – таксама вялізныя грошы, пяць мільёнаў даляраў штогод. І потым – не здымаецца галаўны боль. Спадарожніка хопіць дзесьці на пяць гадоў, каб ён лятаў, а потым запатрабуюцца гэтаксама вялізныя грошы, каб яго “скінуць” з арбіты”.

Між тым, у Міністэрстве абароны літаральна днямі была агучаная ідэя будаўніцтва ў Беларусі ўласнага касмадрому. Пра пілятаваныя палёты гаворкі пакуль няма, аднак у міністэрстве спасылаюцца на дарагавізну арэнды ракеты-носьбіту дзеля запуску спадарожніка: маўляў, выдаткі на будаўніцтва касмадрому могуць акупіцца хутчэй. Такім чынам, пляны на скарэньне паветранай прасторы ў беларускіх уладаў надзвычай глябальныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG