Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: Дзень Эўропы будзе ўпершыню адзначацца ў Беларусі


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Комсомольская правда в Белоруссии” распавядае пра сьвята Дня Эўропы, якое ўпершыню будзе адзначацца ў Беларусі. У Менску, Берасьці, Віцебску і Гародні будуць дэманстраваць 12 фільмаў па адным ад кожнай краіны Эўразьвязу, і адзін фільм ад Беларусі. Паказ пройдзе з 14 па 19 траўня. Бясплатныя запрашальныя квіткі можна набыць у касах кінатэатраў у дзень дэманстрацыі. Як паўдзельнічаць у конкурсе і выйграць палёт у Вену ды іншыя падарункі ад амбасадаў краінаў Эўразьвязу? Чытайце аб гэтым у сёньняшнім нумары “Комсомолки”.

Старонкі гісторыі. Пасьляваенны Менск: плошча Перамогі была засеяна бульбай. У часе раскопак, якія праводзілі разам з будаўніцтвам падземнага горада на плошчы Незалежнасьці, археолягі бачылі двухмэтровы слой даваеннага Менску і паўтарамэтровы – пасьляваеннага. Менск быў разбураны на 95%. Тых, хто ўваходзіў у Менск пехам альбо ўяжджаў на танку, уражвала адсутнасьць горада. Людзі разьбіралі руіны. Нікога ня трэба было прымушаць. Працавалі ў выходныя і ўвечары. Нават каб пасадзіць бульбу ці цыбулю трэба было вызваліць зямлю ад аскепкаў. Як гэта было? Чытайце ў газэце “Комсомольская правда”.

Чытачам прапануюць інтэрвію з Элеанорай Язерскай. На старонках газэты эпатажная жанчына выказваецца такім чынам: “Я ніколі не лічу колькі ў мяне капелюшоў, колькі каханых і колькі разоў я была ў Парыжы!” Элеанора сьцьвярджае, што можа апрануць адзеньне ад 46 да 56 памеру. “Маё адзеньне – гэта футра і камяні. Калі прыйдзеш у новай футры, альбо накідцы – гэта помняць доўгі час”, кажа на старонках “Комсомольской правды” Элеанора Язерская.

“Брестская газета” дае парады, як стаць прыгажуняй за 30 хвілінаў. Пасьля выкананьня неабходных працэдураў трэба яшчэ авалодаць неабходнымі прыёмамі спакушэньня. Як страляць вачыма? Чытайце аб гэтым ў “Брестской газете”.

“Чалавек жывы, пакуль пра яго памятаюць” артыкул пад такім загалоўкам газэта прысьвяціла стваральніку і былому дырэктару прадпрыемства “Санта Брэмар” Міхаілу Машэнскаму. Ён памёр 7 траўня 5 гадоў таму. “Саюз прадпрымальнікаў Берасьцейскай вобласьці” прапанаваў гарвыканкаму назваць адну з вуліц горада імем славутага прадпрымальніка. Гарадзкія ўлады пагадзіліся назваць частку вуліцы Шасейнай імём Міхаіла Машэнскага. Першы выпадак, калі вуліцу назвалі ў гонар прадпрымальніка.

5 траўня ўручаецца штогадовая прэмія імя Ўільяма Хэндзі выканаўцам блюзу. У 50-я гады мінулага стагодзьдзя блюз стаў падмуркам сучаснай рок-музыкі. Жанр блюзу падтрымліваецца міжнародным фондам блюзу начале з Кевінам Кейлам.

А газэта “Вечерний Бобруйск” друкуе ўражаньні журналісткі Натальлі Сысой ад Амэрыкі. Яна знаходзілася там у складзе групы рэгіянальных журналістаў на адмысловым сэмінары.

Газэта надрукавала ўльтыматыўныя патрабаваньні старшыні Бабруйскага гарвыканкама аб тым, што, калі прадпрыемствы не выканаюць прагнозныя паказчыкі цягам 5 месяцаў, то для кіраўнікоў гэта будзе мець самыя жорсткія наступствы.
XS
SM
MD
LG