Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высяленьне БНФ "скіравана на зьнішчэньне ў Менску офісаў усёй апазыцыі"


Алесь Дашчынскі, Менск Менскія ўлады запатрабавалі, каб партыя БНФ да 15 траўня тэрмінова вызваліла памяшканьне па вуліцы Варвашэні, 8. З 1992 года тут знаходзіўся цэнтральны офіс партыі. Кіраўнік жыльлёвага рамонтна-эксплюатацыйнага аб’яднаньня Савецкага раёна Менска Мікалай Хамянкоў патлумачыў рашэньне скасаваць дамову на арэнду памяшканьняў у сувязі зь неабходнасьцю разьмяшчэньня па гэтым адрасе нейкіх дзяржаўных службаў.

Як адрэагавалі ў партыі БНФ на гэтае патрабаваньне менскіх уладаў? Сябры партыі заяўляюць, што не зьбіраюцца пакідаць памяшканьня, хаця кіраўнік жыльлёва-эксплюатацыйнай службы прыгразіў зьвярнуцца ў гаспадарчы суд з зыскам аб высяленьні з памяшканьняў і арганізаваць прымусовае высяленьне. Паводле сакратара па юрыдычных пытаньнях партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, юрыдычны бок гэтай праблемы партыя зьбіраецца вырашаць менавіта ў судзе.

(Лабковіч: ) ”Мы аналізавалі сытуацыю, мы лічым, што гэта абсалютна супярэчыць дзейнаму заканадаўству і найперш грамадзянскаму кодэксу, і таму мы гатовыя гэтае пытаньне, у тым ліку, разглядаць у судзе. Мы не будзем выконваць гэты ліст да рашэньня суду. Мы лічым, што гэта, безумоўна, не гаспадарчае пытаньне, гэта выключна палітычнае пытаньне, якое скіравана ў першую чаргу на зьнішчэньне ў Менску офісаў усёй апазыцыі”.

Увогуле, праблемы з памяшканьнямі ў партыі БНФ, як і ў іншых апазыцыйных палітычных партыяў, зьявіліся адразу пасьля рэфэрэндуму аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на трэці тэрмін. На другі ж дзень пасьля рэфэрэндуму міністэрства юстыцыі разаслала лісты з патрабаваньнем перавесьці арганізацыйныя структуры з жыльлёвага фонду ў офісныя памяшканьні. Збольшага партыі ня здолелі гэта выканаць.

Потым партыя БНФ, як і іншыя апазыцыйныя партыі, атрымала пісьмовае папярэджаньне міністэрства юстыцыі. Нагадаю, мін''юст патрабаваў ліквідаваць больш за 80 яе арганізацыйных структураў, якія разьмяшчаліся ў жылых кватэрах, што, на думку міністэрства, зьяўляецца парушэньнем жыльлёвага кодэксу. У сваю чаргу партыя абскардзіла гэтае папярэджаньне ў Вярхоўным судзе, які, урэшце, гэтую скаргу не задаволіў.

Такім чынам, па ўсёй краіне мусіць быць зачыненая значная частка арганізацыйных структураў партыі, калі яны ня знойдуць да 1-га чэрвеня новыя памяшканьні ў нежылым фондзе. Падобныя рашэньні былі вынесеныя ў дачыненьні Партыі камуністаў беларускай і Аб''яднанай грамадзянскай партыі.

Аднак цяпер атрымоўваецца, што партыю БНФ ужо высяляюць зь нежылога фонду. Паводле старшыні Вінцука Вячоркі, страта сядзібы на Варвашэні,8 азначае страту юрыдычных адрасоў і рызыку ўвогуле страціць рэгістрацыю.

Па якой прычыне ўзьнікаюць цяжкасьці з памяшканьнямі ў рэгіянальных партыйных структураў? Чаму яны не вырашаюцца на карысьць грамадзкіх арганізацый? Ва ўправе партыі БНФ ня маюць ніякіх ілюзіяў наконт таго, што ўлады будуць спрыяць пошуку іншых офісаў, іншых юрыдычных адрасоў, высяляючы з галоўнай сядзібы ў Менску. Але й дагэтуль знайсьці памяшканьні ў рэгіёнах пад партыйны офіс было абсалютна немагчыма, тлумачыць Уладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) "Мясцовыя ўлады адмаўляюць па розных надуманых прычынах, то яны кажуць, што ў іх няма вольных памяшканьняў, ці проста адмаўляюць без тлумачэньняў. Падчас праблемаў з рэгіянальнымі структурамі мы шукалі гэтыя офісы ў Менску, і ў Менску яшчэ цяжэй атрымалася, чым у некаторых рэгіёнах. У Менску нам татальна адмовілі ва ўсіх магчымасьцях па разьмяшчэньні арганізацыйных структураў".

Вядома, што наступ з боку ўладаў адчуваюць і іншыя апазыцыйныя палітычныя партыі. Як там ставяцца да сытуацыі вакол партыі БНФ?

Найперш, у самой партыі БНФ рашэньне ўладаў аб высяленьні з цэнтральнага офісу называюць чыста палітычным. Гэта яшчэ адзін крок да аблогі апазыцыйных партый, калі іх легальная дзейнасьць наогул можа спыніцца. Нагадаю, што нават для правядзеньня зьезду партыі зь вялікай цяжкасьцю знаходзяць памяшканьні для арэнды.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, знайсьці юрыдычныя адрасы ў рэгіёнах практычна немагчыма. Калі ўжо зачыняюць цэнтральны офіс, то ў рэгіёне праблема значна больш вострая, і ўвогуле ў гэтай справе ёсьць палітычнае рашэньне кіраўніцтва краіны.

(Лябедзька: ) “Рашэньне палітычнае ёсьць, гэта ніхто не хавае, таму ставіцца мэта да 2006 года альбо ліквідаваць палітычныя партыі, альбо максымальна зьменшыць прававую прастору для іх дзейнасьці”.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч адзначае, што праблема з памяшканьнямі застаецца вострай і для яго партыі. А як ён камэнтуе сытуацыю вакол партыі БНФ?

(Шушкевіч: ) "Гэта адзін з фрагмэнтаў уціску на беларускія дэмакратычныя сілы. У нас зусім дрэнная сытуацыя, мы зараз пэўную дамову знайшлі на офіс, але гэта было гэтулькі намаганьняў, і я яшчэ ня ведаю, ці гэта спрацуе. Ну а БНФ, што ж, калі пазбавяць памяшканьня згодна заканадаўству, могуць прыкрыць партыю. Яны да гэтага імкнуцца. Гаварыць аб прыстойнасьці нашых уладаў проста немагчыма. Гэта проста ардынарны ўціск, таму што ўсіх выціскаюць так, як умеюць. А пачуцьця сораму даўно ў нашай ўлады няма, таму што на чале яе стаіць чалавек, які генэтычна гэтым пачуцьцём не валодае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG