Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Была і іншая вайна, пра якую беларускія ўлады стараюцца не ўспамінаць”


Валянцін Жданко, Менск У гэтыя травеньскія дні ў Беларусі шмат гавораць і пішуць пра падзеі 60-гадовай даўніны, калі на эўрапейскім кантынэнце заканчвалася другая ўсясьветная вайна. Але ці ўся праўда пра тую вайну вядомая сёньня ў Беларусі? Ці ўсе яе героі ўшанаваныя, а злачынцы названыя пайменна і пакараныя? Нарэшце, якія гістарычныя ўрокі зробленыя на падставе катастрафічных вынікаў шасьцігадовай драмы, якую давялося перажыць многім народам сьвету ў 30—40-я гады мінулага стагодзьдзя? На гэтую тэму — шматлікія лісты ў пошце Беларускай “Свабоды”.

Сёньняшнюю размову пачну з допіса Алеся Станкевіча з Горадні:

“У гісторыі другой усясьветнай вайны шмат цёмных плямаў, пра якія цяперашнія беларускія ўлады стараюцца маўчаць. Чаго вартае падпісаньне ў жніўні 1939 году пакту Молатава—Рыбэнтропа? А эпізод пярэдадня вайны, калі на просьбу нямецкага боку ў Віцебску, Менску і Кіеве былі ўключаныя радыёмаякі для добрай арыентацыі нямецкіх самалётаў, якія 1 верасьня пачалі бамбіць польскія гарады? А віншавальная тэлеграма Молатава ў Бэрлін ад 8 верасьня 1939 году: “З узяцьцем Варшавы”, хаця авалодаць Варшавай немцы здолелі толькі 18 верасьня? А сумесны парад Чырвонай Арміі і вэрмахту ў Берасьці 23 верасьня? А зьнішчэньне ўвесну 1940-га паводле рашэньня сталінскага Палітбюро 22 тысяч польскіх ваеннапалонных — у асноўным каля Катыні? А масавыя дэпартацыі жыхароў краінаў, акупаваных Савецкім Саюзам у 1939—1940 гадах, на Поўнач і Ўсход Савецкага Саюзу, ад якіх пацярпелі больш за мільён людзей?”

Сапраўды, спадар Станкевіч, пра гэта афіцыйныя беларускія гісторыкі да прапагандысты стараюцца ўвогуле ня згадваць — зрэшты, гэтак жа, як рабілі і ў колішнім СССР. Многія пакаленьні савецкіх школьнікаў і студэнтаў вучылі, што вайна пачалася ў чэрвені 1941 году. Хоць мільёны беларусаў уласнымі вачыма (а многія і на ўласным досьведзе) пераканаліся, што вайна прыйшла ў Беларусь значна раней, у верасьні 1939-га, разам з часткамі Чырвонай Арміі, усьлед за якімі ў Заходняй Беларусі зьявіліся НКВД і камбеды, а потым пачаліся арышты, калектывізацыя, высылкі і бедзтвы мільёнаў сем’яў. Гэтая праўда пра вайну ня надта ўпісваецца ў трыюмфальныя ўрачыстасьці і пампэзныя парады, якімі афіцыйна адзначаюць у гэтыя дні ў Беларусі 60-годзьдзе заканчэньня той вайны.

Наша слухачка Раіса Мазура з Наваградку ў новым лісьце на “Свабоду” апісвае свае жыцьцёвыя цяжкасьці. Яна піша:

“Дагэтуль не магу зразумець, за што мой дзед склаў на вайне голаў, змагаючыся з фашызмам. Няўжо дзеля таго, каб ягоныя дзеці і ўнукі жылі ў такой жахлівай галечы. Каб хадзілі па сьметніках, зьбіралі парожнія бутэлькі, бо няма за што жыць. Цэны на ўсё растуць, а пэнсіі ніхто не дабаўляе. Дапамога на адно дзіця — 40 тысяч 550 рублёў. Хіба можна пракарміць дзіця за гэтыя грошы? Гэтага не хапае нават на хлеб і ваду”.

У сваім лісьце Раіса Мазура падрабязна распавядае пра сытуацыю, у якую трапіла не па сваёй ахвоце. Яна інвалід, бяз мужа гадуе траіх малых дзяцей. Жыве на пэнсію ды на сьціплую дзяржаўную дапамогу на дзяцей. Хата, у якой жыве сям’я, старая, спарахнелая. Печ развальваецца, холадна. Малыя часта хварэюць. Раіса Мазура ня першы год вядзе змаганьне з чыноўнікамі, дамагаецца дапамогі ад дзяржавы. І ўрэшце сяго-таго дабілася. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Мая ўпартасьць урэшце прынесла плён. Выклікалі мяне ў райвыканкам, і таварыш Круглікава сказала: “Шукайце дом, мы вам яго купім. Ды глядзіце, каб у доме былі газ і вада”. Чатыры тыдні з раніцы да вечара я шукала, хоць мне гэта было і нялёгка, як інваліду. І знайшла. Дом каштуе 8 тысяч даляраў. Калі паведаміла чыноўнікам, яны закрычалі, што гэта задорага. Што выдаткаваць яны мне могуць толькі 12 мільёнаў рублёў — гэта пяць з паловай тысяч даляраў. А дзе я за такія грошы куплю дом? Мне кажуць: “Купляйце за ўласныя грошы”. А дзе я іх вазьму, калі мне не хапае нават на харчаваньне. Зноў зьвярталася і ва ўрад, і да Канаплёва. Ніякага выніку”.

Настойлівасьць і ўпартасьць, зь якой вы, спадарыня Мазура, адстойваеце інтарэсы сваёй сям’і, вартыя павагі. З году ў год вы мэтанакіравана пішаце заявы, ходзіце і езьдзіце на прыёмы да чыноўнікаў, судзіцеся — і дасягнулі ў гэтай справе зусім ня мала. Прынамсі, далёка ня ўсе нават дасьведчаныя змагары зь бюракратычнай машынай дамагаюцца падобных вынікаў. Вядома, вы можаце не спыняцца на дасягнутым і патрабаваць ад улады, каб выдаткавала менавіта восем, а ня пяць з паловай тысяч даляраў. Але гэтая цяжба можа расьцягнуцца яшчэ на некалькі гадоў. За гэты час і кошты на нерухомасьць узрастуць, ды і зыход вашай спрэчкі ня надта відавочны. Ці ня варта было б ужо цяпер узяць тое, што гатовы для вас адшкадаваць чыноўнікі — а рэшту ці пазычыць, ці ўзяць крэдыт. Бо, у канчатковым выніку, куды важней, чым нават самыя прынцыповыя спрэчкі, здароўе вашых дзяцей, якія павінны жыць у нармальных умовах.

Наш слухач з Маладэчна Міхаіл Валошка разважае пра тое, чаму многія людзі застаюцца жыць на забруджаных радыяцыяй землях. Ён піша:

“Заўважаю, наколькі больш стала ў нас хворых. Калі, напрыклад, у Маладэчне яшчэ некалькі год таму цяжка было трапіць толькі да стаматоляга, дык цяпер каб узяць талён нават да тэрапэўта (ня кажучы ўжо пра кардыёляга, эндакрыноляга, нэўрапатоляга ці ўроляга) трэба быць ля дзьвярэй паліклінікі ўжо а пятай гадзіне раніцы. І тое — трапіш, калі пашанцуе. А колькі стала хворых на шчытападобную залозу! А гэта ж хвароба, непасрэдна зьвязаная з Чарнобылем. І выяўляюць яе часта выпадкова, пры абшырным дасьледаваньні, альбо ўжо тады, як яна адчувальна заяўляе аб сабе.

Людзі застаюцца жыць на забруджаных тэрыторыях з прычыны сваёй непісьменнасьці ў гэтым пытаньні, толкам не ўяўляючы, якая бяда чакае калі ня іх, дык іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. А ўлады замест таго, каб праўдзіва і кваліфікавана інфармаваць свой народ пра гэту бяду, замоўчваюць альбо нават дэзінфармуюць людзей. Ды яшчэ накіроўваюць туды маладых спэцыялістаў, загадваюць вырошчваць там прадукты харчаваньня. Што гэта, калі не злачынства супраць свайго народу? І калі будзе суд над цяперашняй уладай (а ён абавязкова будзе), то галоўным абвінавачаньнем, лічу, стане гэта. Навукоўцы, якія маўчаць пра сапраўдныя маштабы бяды, таксама не застануцца без увагі правасудзьдзя.

Самае жахлівае, калі нашы ўнукі ці праўнукі зададуць нам простае і страшнае пытаньне: “Навошта вы, самі хворыя, нараджалі на гэты сьвет нас — яшчэ больш хворых? І як нам цяпер жыць?” А яшчэ скжуць, што трэба было ад гэтай бяды ўцякаць, куды вочы глядзяць, як калісьці ўцякалі ад фашысцкай чумы нашы продкі”.

Ня ўсе, спадар Валошка, уцякалі ад фашысцкай чумы. Многім не было куды і не было як уцякаць. А многія засталіся сьвядома, бо ніколі не пакідалі сваёй зямлі, які б акупант не прыходзіў. Гэтак было і ў часе Чарнобылю. Цяжка дакараць людзей, якія ня ведалі і ня ведаюць усёй праўды пра тое, што чакае іх ды іхных дзяцей. Хоць тут трэба мець на ўвазе і тое, што адзінай думкі пра сапраўдныя наступствы катастрофы няма і сярод спэцыялістаў. Але, у кожным разе, калі існуе рызыка і небясьпека для жыцьця ды здароўя, лепш перастрахавацца, чым рызыкаваць дзеля прывідных матэрыяльных дабротаў. І тут вы, спадар Валошка, маеце рацыю: вялізная адказнасьць кладзецца на ўладу, бо менавіта ад яе рашэньняў залежала і залежыць тое, ці будуць людзі ведаць праўду і ці будзе ў іх права на сьвядомы, асэнсаваны выбар.

На заканчэньне кароткі ліст ад Васіля Пракопчыка з Асіповічаў. Слухач піша:

“Дзякуй вам за тое, што далі паслухаць, як сьпявае наш прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. У яго такі чароўны голас, і ён так выдатна акампануе сам сабе на баяне, што хочацца папрасіць, каб вы як найчасьцей давалі нам яго паслухаць. І не адну песьню, а як мага болей. А то ж хто ведаў, што ў яго такі талент, ня толькі на тое, каб кіраваць краінай, але і на сьпевы”.

На жаль, спадар Пракопчык, песьні ў выкананьні Аляксандра Лукашэнкі рэдка даходзяць да шырокай публікі, і абяцаць частую трансьляцыю ягоных вакальных выступаў мы ня можам. Хоць, відавочна, аматараў такіх сьпеваў знайшлося б нямала, і пры пэўных абставінах музычныя здольнасьці Аляксандра Лукашэнкі маглі б праявіцца куды больш шырока і знайсьці большы грамадзкі розгалас.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Галіна Сутула з Глыбокага, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Ільля Копыл зь Менску, Мікола Канаховіч з Пружанаў і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG