Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіне, Малдове і Грузіі давядзецца доўга чакаць уступленьня ў Эўразьвяз?


Сяргей Навумчык, Прага Спэцыяльная ўпаўнаважаная Эўрапэйскага Зьвязу ў справах зьнешніх сувязяў Беніта Фэрэра-Вальднер заявіла, што Украіне, Малдове і Грузіі ня варта разьлічваць у бліжэйшы час далучыцца да Эўрапэйскага Зьвязу. Яна заклікала да рэалізму і сказала, што для далучэньня гэтых краінаў да Эўразьвязу трэба зрабіць вельмі шмат, але пакуль яны могуць атрымаць некаторыя перавагі, якімі карыстаюцца сябры ЭЗ.

Эўрапэйскі Зьвяз, які летась павялічыў колькасьць сяброў з 15 да 25, ўсё яшчэ перажывае працэс адаптацыі да новых краінаў. Ацэнкі першай гадавіны пашырэньня больш аптымістычныя, чым чакалася. Засьцярогі, што невялікія эканамічныя сыстэмы новых членаў будуць раздаўленыя бязьлітаснай сілай Эўразьвязу, ня спраўдзіліся, экспарт Чэхіі, Польшчы, Літвы ды іншых краінаў у Заходнюю Эўропу павялічваецца.

У адрозьненьні ад новых сяброў – ранейшыя краіны Эўразьвязу маюць супярэчлівы вынік. Інвэстыцыі прыходзілі не ім, а ў краіны Усходняй Эўропы. І некаторыя краіны, як, напрыклад, Францыя і Нямеччына, бяз радасьці успрынялі пляны Эўрапэйскай камісіі пашырыць сэктар паслугаў, які дае новым членам вялікія перавагі з прычыны таннасьці працоўнай сілы.

Такім чынам, пэрспэктывы далучэньня Румыніі і Баўгарыі да Эўразьвязу ў 2007 годзе, як плянавалася – даволі спрэчныя. Турэччына таксама мае намер далучыцца, але наўрад ці гэта адбудзецца ў бліжэйшыя 10 альбо нават 15 гадоў. Спэцыяльная ўпаўнаважаная Эўразьвязу Беніта Фэрэра-Вальднэр заявіла ў аўторак у Брусэлі, што было б вельмі пажадана, каб Украіна. Грузія і Малдова не падавалі цяпер афіцыйнай заяўкі на далучэньне да Эўразьвязу, бо ім давялося б адмовіць.

Тым часам, Украіна зрабіла сяброўства ў Эўрапэйскім Зьвязе сваім прыярытэтам. Прадстаўніца Эўразьвязу заявіла, што “аранжавая рэвалюцыя” пацьвердзіла, што ўкраінцы падзяляюць эўрапэйскія каштоўнасьці, але цяпер варта заняцца “зямнымі” праблемамі. Яна ацэньвае Украіну як “вялізную дзяржаву”, якая патрабуе гэткіх жа вялікіх зьменаў. Такія ж зьмены, перакананыя Беніта Фэрэра-Вальднэр, павінны адбыцца ў Грузіі і шў Малдове. Адначасна, не спыняючыся на дэталях, прадстаўніца Эўразьвязу паабяцала даць Украіне, Грузіі і Малдове, якія маюць статус “суседзяў”, магчымасьць большага, чым сёньня, ўдзелу ў палітыцы Эўразьвязу і некаторыя перавагі зь ліку тых, якімі валодаюць члены Зьвязу.

І вось у сувязі з гэтым якая ўзьнікае праблема: ці павінен Эўразьвяз спыніць працэс пашырэньня і праводзіць толькі палітыку “добрасуседзтва”, ухваленую большасьцю заходніх краінаў? Альбо – праводзіць палітыку пашырэньня, аж да ўваходу ў Эўразьвяз Беларусі, як толькі рэжым у гэтай краіне зьменіцца? Адказу на гэтае пытаньне пакуль няма.
XS
SM
MD
LG