Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША гатовы накіраваць 5 мільёнаў даляраў для беларускай грамадзянскай супольнасьці<b/>


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Пагадняльная камісія Кангрэсу ЗША ўхваліла вэрсію законапраекта, які выдаткоўвае дадатковыя сродкі, 5 мільёнаў даляраў, на 2005 фінансавы год на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі

У сакавіку-красавіку сёлета Палата Прадстаўнікоў і Сэнат ЗША ўхвалілі дзьве трохі адрозныя вэрсіі законапраекту пра выдзяленьне дадатковых сродкаў на 2005 фінансавы год на выдаткі, зьвязаныя з абаронай і змаганьнем з сусьветным тэрарызмам. Адной з адметнасьцяў законапраекту было выдзяленьне сродкаў на замежную дапамогу, у прыватнасьці, дапамогу былым краінам СССР.

Вэрсія Сэнату ўхваліла выдзяленьне 70 мільёнаў даляраў. Зь іх для Украіны прызначалася 60 мільнаў даляраў дадатковай дапамогі, Беларусі – 5 мільёнаў даляраў, 5 мільёнаў - на гуманітарныя патрэбы жыхарам Чачэніі і Інгушэтыі.

Вэрсія, прынятая Палатай Прадстаўнікоў у сакавіку, выдзеліла ўдвая меншыя сродкі на дадатковую замежную дапамогу. А Беларусь і зусім не фігуравала ў палатаўскім варыянце законапраекту.

Паводле працэдуры прыняцьця законапраектаў, калі прынятыя вэрсіі законапраектаў не супадаюць, Сэнат і Палата прадстаўнікоў утвараюць пагадняльную камісію і зводзяць розныя вэрсіі ў адну. Гэтая праца была скончаная сёньня і канчатковы варыянт утрымлівае ўмову пра выдзяленьне дадатковых сродкаў Беларусі. Ужо сёньня законапраект будзе канчаткова зарэгістраваны Палатай прадстаўнікоў. Рэгістрацыя ў Сэнаце заплянаваная на пачатак наступнага тыдня. Пасьля гэтага законапраект будзе накіраваны на подпіс Прэзыдэнту краіны і набудзе сілу закону.

Сябры пагадняльнай камісіі Кангрэсу ў рэкамэндацыйным дакумэнце згадалі Беларусь асобна: “Сябры камісіі чакаюць, што сродкі будуць выдзеленыя на дапамогу па ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі [5 мільёнаў даляраў], 2,5 мільёны даляраў будуць у распараджэньні Бюро па Дэмакратыі, Правоў Чалавека і Працы пры Дзярждэпартамэнце і пойдуць на разьвіцьцё палітычных партый. Сябры камісіі рэкамэндуюць рэшту сродкаў на падтрымку незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзкіх арганізацый у Беларусі.”
XS
SM
MD
LG