Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаўнеры Арміі Краёвай Дзень перамогі афіцыйна адзначаць па-ранейшаму ня змогуць


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ня ўсе ўдзельнікі мінулай вайны змогуць нароўні зь іншымі адзначыць 60-годзьдзе перамогі. Гэта датычыць жаўнераў Арміі Краёвай. Успаміны іх саміх і матэрыялы пра іхні лёс друкуе газэта Саюзу палякаў “Глос з-над Немна”. Публікацыі да Дня перамогі разыходзяцца з афіцыйнай прапагандысцкай кампаніяй.

“Глос з-над Немна” піша аб тым, што вэтэраны Арміі Краёвай дагэтуль не рэабілітаваныя і з пункту гледжаньня прысудаў, вынесеных пры Сталіне, яны дагэтуль лічацца бандытамі і злачынцамі. Галоўны рэдактар газэты Анджэй Пісальнік гаворыць:

(Пісальнік): “Для гэтых людзей перамога была вельмі неадназначнай, бо калі нехта стаў пасьля яе героем, то для гэтых людзей перамога азначала яшчэ шмат гадоў пакутаў у Сыбіры, Казахстане, у Гулагу”.

Анджэй Пісальнік зазначае, што Галоўная Рада Саюзу палякаў Беларусі накіравала прэзыдэнту Лукашэнку зварот з просьбай прызнаць жаўнераў Арміі Краёвай вэтэранамі вайны. Іх ужо няшмат засталося і якраз ёсьць нагода — 60-годзьдзе заканчэньня вайны, каб яны маглі ўдзельнічаць у сьвяткаваньні гэтай перамогі.

Днямі атрыманы адказ ад намесьніка міністра працы і сацыяльнай абароны Караля. У ім напісана, што па даручэньні ўраду сумесна з грамадзкім аб’яднаньнем вэтэранаў, камітэтам па архівах і справаводзтву ды інстытутам гісторыі акадэміі быў разгледжаны зварот да прэзыдэнта наконт жаўнераў Арміі Краёвай. Працытуем гэты адказ: “Пасьля вызваленьня Беларусі савецкімі ўладамі было прапанавана распусьціць фармаваньні Арміі Краёвай, а ўсім ахвотным уступіць у польскую армію генэрала Бэрлінга. Аднак гэтае распараджэньне было выканана толькі часткова...”, частка ўдзельнікаў Арміі Краёвай “працягвалі барацьбу супраць новай улады”.

(Пісальнік:) “Тое, што яны змагаліся супраць СССР — гэта так, але СССР ужо няма. Можа гэта і дылетанцкі падыход, але ж цяпер існуе незалежная Рэспубліка Беларусь”.

У адказе зазначана, што “дзейнасьць АК на тэрыторыі Беларусі нельга ацаніць адназначна. Мяркуем, што пытаньне аб прызнаньні былых жаўнераў АК, якія цяпер пражываюць на тэрыторыі РБ, вэтэранамі Вялікай айчыннай вайны, неабходна вырашаць у індывідуальным парадку”.

(Пісальнік:) “У гэтым адказе тлумачаць, што калі яны змагаліся з новай уладай савецкай, то іх нельга рэабілітаваць. Але савецкая ўлада сапраўды не магла іх рэабілітаваць, бо яны супраць яе былі, але беларуская ўлада можа іх рэабілітаваць! — так я разумею гэтую праблему”.

У адказе на зварот Саюзу палякаў да прэзыдэнта Лукашэнкі гаворыцца таксама, што пытаньне адносна кожнага асобнага вэтэрана неабходна вырашаць “пры наяўнасьці ў іх адпаведных дакумэнтаў,.. з улікам рэальнага ўдзелу жаўнераў у барацьбе з фашызмам, пры ўмове, што імі не зьдзяйсьняліся злачынствы”.

У Польшчы ўдзельнікі Арміі Краёвай зраўнаныя ў правах зь вэтэранамі Войска Польскага, якое змагалася на савецкім баку, ды іншых вайсковых фармаваньняў, яны маюць такія ж самыя ільготы і пэнсыі. Што датычыць вэтэранаў АК, якія пражываюць у Беларусі, дык імі стараюцца апекавацца польскія консульскія установы.
XS
SM
MD
LG