Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пяцёра арыштаваных 26 красавіка ўкраінцаў трымаюць галадоўку


Любоў Лунёва, Менск Украінскі консул Васіль Сэрдэга перадаў ім ваду і сок. Лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі і актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і Кірыл Шымановіч галадаюць на знак салідарнасьці са сваімі ўкраінскімі сябрамі з “Нацыянальнага альянсу”. Намесьнік лідэра “Маладога фронту” Сяржук Лісічонак шпіталізаваны.

Пяцёх украінцаў, дэпутата мясцовага савету Валынскай вобласьці і лідэра “Нацыянальнага альянсу” Ігара Гузя, а таксама Андрэя Бокача, Аляксандра Мафлая, Аляксея Панасюка і Андрэя Грымалюка, трымаюць у адной камэры. У судзе іх абвінавацілі ў тым, што яны некалькі разоў разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі скандавалі: “Жыве Беларусь!” Суд расцаніў гэта як парушэньне грамадзкага парадку.

Пасьля абвяшчэньня прысудаў, а гэта арышты ад 9 да 15 сутак, украінскія грамадзяне адмовіліся прымаць ежу. Яны паведамілі консулу і адміністрацыі спэцпрыёмніка, што будуць трымаць галадоўку да канца тэрміну зьняволеньня. Кіраўнік спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка Ўладзімер Шыбко паведаміў Радыё Свабода, што галадоўнікі атрымліваюць неабходную мэдычную дапамогу.

(Шыбко: ) “Аказваюць дапамогу. Робіцца ўсё неабходнае. Прыехаў консул. Цяпер у маім кабінэце. Мы зь ім размаўляем”.

Лідэр Партыі свабоды Сяржук Высоцкі і актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і Кірыл Шымановіч таксама трымаюць галадоўку на знак салідарнасьці са сваімі ўкраінскімі сябрамі з “Нацыянальнага альянсу”. Арыштаваныя грамадзяне Беларусі знаходзяцца ў адной камэры. Разам з галадоўнікамі адбываюць арышты Анатоль Бякасаў, Мікіта Дзядзюшка і Алег Гнедчык. Намесьніка лідэра “Маладога фронту” Сяржука Лісічонка хуткая дапамога адвезла ў інфэкцыйны шпіталь. Яго шпіталізавалі з дыягназам “вострае рэсьпіратарнае захворваньне”. Усе арыштаваныя скардзіліся, што ў камэрах было вельмі халодна. Мэдыкі лічаць, што прычынай захворваньня стала пераахаладжэньне.Сяржук паведаміў Радыё Свабода, што ў шпіталі яго наведаў супрацоўнік КГБ.

(Лісічонак: ) “Празь некалькі дзён мне стала кепска. Падвысіўся ціск, тэмпэратура… Цяпер я пад клінічным наглядам. Тут са сваімі можна размаўляць праз вакно. Падчас адной такой размовы з маладафронтаўцамі мяне пацягнулі за рукаво і запрасілі ў іншы пакойчык. Там я ўбачыў таго ж самага кагэбэшніка, які мяне спыняў 30 сакавіка і прапаноўваў супрацоўніцтва на карысьць камітэту. Той жа самы Кірыл, які прабраўся сюды, нягледзячы на тое, што ўстанова дастаткова закрытая, і, нягледзячы на тое, што быў ціхі час. Я яму адказаў, што размаўляць ня буду і ніякіх справаў з камітэтам мець не зьбіраюся”.

Дзяжурны афіцэр паведаміў Сержуку Лісічонку, што ён абавязаны пасьля выздараўленьня адседзець астатнія суткі арышту, прызначаныя судом.

5 траўня на волю выйдзе першы ўкраінскі палітвязень Андрэй Панасюк. 6 траўня на волю выйдуць пяцёра беларусаў і яшчэ трое ўкраінцаў, якіх суд пакараў на 10 сутак арышту.

Нагадаем, 26 красавіка ў часе разгону мірнай дэманстрацыі амонаўцы затрымалі 14 грамадзянаў Расеі, 5 — Украіны і каля двух дзясяткаў грамадзянаў Беларусі. 30 красавіка 14 расейцаў пакінулі Беларусь згодна з пратэстам пракуратуры, які скасаваў судовыя прысуды.
XS
SM
MD
LG