Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ выганяюць з памяшканьня


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Жыльлёва-эксплюатацыйная служба Савецкага раёна Менску запатрабавала ад партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ "Адраджэньне" вызваліць сядзібу арганізацыі ў Менску па вуліцы Варвашэні, 8, у якім БНФ месьціцца ад 1992 году. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што ўльтыматыўны характар ліста сьведчыць, што жыльлёвым службам загад на высяленьне партыі з памяшканьня дадзены палітычным кіраўніцтвам краіны

Кіраўнік Жыльлёвага рамонтна-эксплюатацыйнага аб’яднаньня Савецкага раёна Мікалай Хамянок накіраваў лідэру БНФ Вінцуку Вячорку прадпісаньне вызваліць памяшканьні па вуліцы Варвашэні, 8 "дабраахвотна, ва ўстаноўленым парадку”, "у сувязі з неабходнасьцю размяшчэньня па гэтым адрасе дзяржаўных службаў.” Са спадаром Хамянковым сёньня зьвязацца не ўдалося – ён быў на тэрміновай нарадзе, у аддзеле нежылога фонду Жыльлёва-эксплюатацыйнага аб’яднаньня Савецкага раёна Менску ніяк не змаглі патлумачыць матывы раптоўнага высяленьня БНФ.

Калі партыя не пагодзіцца на добраахвотнае высяленьне, ЖРЭА пагражае зьвярнуцца ў гаспадарчы суд з адпаведным пазовам і арганізаваць прымусовае высяленьне.

Памяшканьнем у доме нумар 8 па вуліцы Варвашэні БНФ карыстаецца з 1992 года, цяпер яно служыць сядзібай і юрыдычным адрасам не толькі для партыі і руху, але і шэрагу суполак. Гэтае памяшканьне побач з акадэміяй міліцыі мае вялікую гісторыю, тут праводзіліся партыйныя сходы і з’езды, прычым, не толькі ў БНФ, а таксама разнастайныя культурныя і палітычныя мерапрыемствы, нядаўна толькі ў гэтым будынку змаглі сабрацца ўдзельнікі рэгіянальных канфэрэнцыяў Менску і Менскай вобласьці ў справе вылучэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Сядзіба БНФ заўсёды была пад пільным вокам міліцыі спэцслуцжбаў – неаднаразова тут праводзіліся ператрусы і затрыманьні актывістаў апазыцыі.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што ўльтыматыўны характар ліста сьведчыць, што жыльлёвым службам загад на высяленьне партыі з памяшканьня дадзены палітычным кіраўніцтвам краіны. Ён лічыць дзеяньні Жыльлёва-экспюатацыйнага аб’яднаньня незаконнымі.

(Вячорка:) “Вынясеньнем гэтага вердыкту ўладальнік памяшканьня парушыў шэраг нормаў, але пра гэта будзе гаворка ў судзе.”

Спадар Вячорка перакананы, што ўладамі задуманая атака на само юрыдычнае існаваньне партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, і што палітычны загад адносна БНФ значна больш жорсткі, чым быў у свой час адносна ТБМ, якое ўлады таксама спрабавалі выселіць з займаемага памяшканьня.

(Вячорка) “Натуральна, што гэты каток будзе надалей закочваць тое, што мы маем у юрыдычным сэнсе, таму што фактычна нікому не пад сілу спыніць дзейнасьць БНФ”.

Тое, што падобныя лісты жыльлёвых службаў не жарт, даказвае выпадак з высяленьнем гарадзенскай арганізацыі БНФ – тамтэйшыя жыльлёвыя службы спаслаўшыся на зношанасьць будынку, сёлета праз суд выселілі мясцовыя арганізацыі Беларускага народнага фронту, якія пазьней з вялікай цяжкасьцю знайшлі сабе пакойчык у прыватным нежылым будынку.

Дадам, што шэраг іншых партыйных структураў БНФ, як і ўсіх апазыцыйных партыяў, зарэгістраваныя ў кватэрах, паводле распараджэньня Міністэрства юстыцыі павінны быць пераведзеныя ў нежылы фонд, і гэтым самым фактычна пастаўленыя перад пагрозай страціць юрыдычны адрас і права на далейшую легальную дзейнасьць.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў: "гэта ўдар ня толькі па партыі, а па вялікай частцы дэмакратычнага руху.

(Івашкевіч: ) ”У сувязі з тым, што памяшканьне даўно абсталяванае на прадмет праслухоўваньня, мы думалі, што нас пакінуць у ім, каб улады мелі магчымасьць даведвацца пра нашыя пляны. Але сёньняшні ліст сьведчыць, што ўладам слухаць больш нецікава, улады вырашылі ісьці на ўсё больш адкрыты канфлікт і удушэньне, абсалютна ня зьвяртаючы ўвагу на нейкае датрыманьне зьнешніх прыкметаў цывілізаванасьці".

Партыя БНФ мяркуе арганізаваць грамадзкі пратэст супраць высяленьня. Прэцэдэнт ёсьць. Аналягічная сытуацыя адбылася з грамадзкім аб’яднаньнем "Таварыства беларускае мовы" восеньню 2003 года. Тады ТБМ распачала збор подпісаў супраць высяленьня аб''яднаньня па ўсёй Беларусі, і мясцовыя ўлады былі вымушаныя працягнуць дамову да лютага 2005 года, а потым — да студзеня 2006 года.
XS
SM
MD
LG