Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчая група рэспубліканскай пракуратуры шукае цела Зьмітра Завадзкага ў Воршы і Крупках


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аднавіліся актыўныя сьледчыя дзеяньні ў справе аб зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Паводле хадайніцтва Гары Паганяйлы, адваката сваякоў Завадзкага, сьледчыя шукаюць цела зьніклага журналіста ў Воршы і Крупках. У пракуратуры Беларусі не раскрываюць падрабязнасьцяў пошукаў.

З 4 траўня ў Воршы працуе сьледчая група рэспубліканскай пракуратуры, якая расьсьледуе зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Сьледчыя правяраюць зьвесткі пра цела невядомага мужчыны, якога ў 2000 годзе прывезьлі з Крупак і перазахавалі на мясцовых могілках. Паводле Гары Паганяйлы, невядомы можа быць Зьмітром Завадзкім. Такой верагоднасьці адвакат не выключае на падставе падзеяў, якія адбываліся ў 2000 годзе ў Крупках. Менавіта ўлетку 2000 году зьнік Зьміцер Завадзкі. Вось як Гары Паганяйла тлумачыць магчымую сувязь тых падзеяў са справай Зьмітра Завадзкага:

(Паганяйла: ) “Судом прызнана, што да ягонага зьнікненьня датычная групоўка Ігнатовіча. Ігнатовіч родам з Крупак, і ў час, калі зьнік Завадзкі, Ігнатовіча бачылі ва ўрочышчы Малінаўка пад Крупкамі. А менавіта ў гэтым лесе пазьней знайшлі целы двух забітых мужчынаў. Хто гэтыя людзі, ці меў дачыненьне да іх сьмерці былы спэцназавец Ігнатовіч? Вялікія пытаньні ўзьнікаюць і адносна перазахаваньняў гэтых целаў”.

Паводле зьвестак Гары Паганяйлы, людзей, целы якіх пазьней знайшлі ў лесе, спачатку катавалі з выкарыстаньнем адмысловых сродкаў, а потым забілі. Між тым, адвакат заўважае, што мясцовыя праваахоўныя органы неабходнага сьледзтва не правялі, а пасьпяшаліся пахаваць целы як невядомыя. Пазьней адно зь целаў быццам апазналі сваякі і перазахавалі пад Воршай. А нядаўна зьявіліся зьвесткі, што чалавек, які лічыўся пахаваным, жывы. Адвакат задаўся пытаньнем, хто сапраўды пахаваны пад Воршай, і накіраваў адпаведнае хадайніцтва ў пракуратуру Беларусі. Паводле Гары Паганяйлы, сьледчыя падрабязна распыталі яго пра вядомыя акалічнасьці справы і вырашылі праверыць інфармацыю на месцы. “Пасьля Воршы сьледчыя мусяць накіравацца ў Крупкі”, — мяркуе Гары Паганяйла.

У пракуратуры Беларусі не абверглі гэтых зьвестак, але не паведамілі ніякіх падрабязнасьцяў, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

Сьледчую групу ў справе Завадзкага па-ранейшаму ўзначальвае сьледчы ў асабліва важных справах Іван Бранчаль. Гэта ён з памочнікамі ў 2001 годзе высьветліў, што Зьмітра Завадзкага скрала групоўка Ігнатовіча, але цела журналіста гэтак і не было знойдзенае. Адвакат Гары Паганяйла неаднаразова называў дзеяньні сьледчых у справе Завадзкага імітацыяй сьледзтва.

(Паганяйла: ) “Я і сёньня сьцьвярджаю, што сьледзтва не дэманструе імкненьня праверыць вэрсію пра палітычныя матывы зьнікненьняў і пра датычнасьць высокіх асобаў дзяржавы да гэтых зьнікненьняў”.

Нагадаем, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік па дарозе ў менскі аэрапорт 7 ліпеня 2000 году. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што ягонае зьнікненьне стаіць у адным шэрагу з выкраданьнямі апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Эўрапейскія структуры неаднаразова крытыкавалі беларускія ўлады за нежаданьне расьсьледаваць справы зьніклых. Шэрагу беларускіх кіраўнікоў, якіх падазраюць у магчымай датычнасьці да арганізацыі выкраданьняў, быў забаронены ўезд у Эўропу, сярод іх кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, міністар спорту і турызму Юры Сівакоў, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Паводле зьвестак, менавіта Ўладзімер Навумаў наведваў у ізалятары КГБ Ігнатовіча, калі таго арыштавалі паводле падазрэньняў у выкраданьні Завадзкага. Падчас сьледзтва і ў судзе Ігнатовіч гэтак і не паведаміў, дзе знаходзіцца цела Зьмітра Завадзкага.

У сакавіку 2002 году за гэтае злачынства былі асуджаныя 4 чалавекі: Валер Ігнатовіч і Максім Малік атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне, Аляксей Гуз – 25 гадоў пазбаўленьня волі, Сяргей Саўшкін – 12 гадоў зьняволеньня. Аднак ужо летась Саўшкін быў вызвалены. Частку пакараньня ён адбыў раней, калі быў асуджаны за іншае злачынства. У 2003 годзе быў прыняты новы крымінальны кодэкс, які зьмякчыў пакараньне за рабаўніцтва, ў якім быў прызнаны вінаватым Саўшкін

Аднак суд над групай Ігнатовіча ня даў адказу на пытаньне, дзе Завадскі і калі ён загінуў, то дзе ягонае цела. 27 лістапада 2003 году суд Фрунзенскага раёну Менску афіцыйна прызнаў Дзьмітрыя Завадскага памерлым.. У сакавіку летась Генэральная пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы Завадскага з фармулёўкай “незнаходжаньне асобы, якая зьнікла бяз зьвестак”. 7 красавіка сёлета справа была адноўленая з фармулёўкай “у сувязі з неабходнасьцю правядзеньня сьледчых дзеяньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG