Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Куратар беларускай “Крэмніевай даліны” Валер Цапкала прызнаны “Тытанікам Байнэту”


Ігар Карней, Менск Савет міністраў Беларусі даслаў у прэзыдэнцкую адміністрацыю адкарэктаваны на загад Аляксандра Лукашэнкі праект “Парку высокіх тэхналёгіяў”. 14 красавіка на адмысловай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў ураду, кіраўніцтва Нацыянальнай Акадэміі навук і прэзыдэнцкай адміністрацыі Лукашэнка выказаўся за стварэньне ў Беларусі аналягу так званай Крэмніевай даліны і загадаў зрабіць шэраг паправак у праект. Як стала вядома, сярод асноўных правоў, якія атрымаў Аляксандар Лукашэнка пасьля карэктаваньня, — прызначэньне кіраўніцтва тэхнапарку і вызначэньне прэфэрэнцыяў мясцовым і замежным інвэстарам.

Працэс стварэньня “Парку высокіх тэхналёгіяў” можа быць пачаты ўжо сёлета. Гэта стала вядома пасьля таго, як Савет міністраў даслаў Аляксандру Лукашэнку выпраўлены праект. Фармальна куратарам “Парку высокіх тэхналёгіяў” ёсьць Нацыянальная Акадэмія навук, аднак загад на пачатак рэалізацыі мусіць даць непасрэдна Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта апавядае прадстаўніца Акадэміі навук Тацяна Арэхава:

(Арэхава: ) “Так, Савет міністраў накіраваў дакумэнт на канчатковае ўзгадненьне. Але, прыкладам, калі мы будуем дом, то пакуль ня будзе зацьверджаная дакумэнтацыя, мы ня зможам закладваць падмурак. Ёсьць пэўны парадак працы і ў дадзеным выпадку. Таму нешта канкрэтна з гэтай нагоды сказаць наўрад ці магу”.

Крыніцы ў Акадэміі навук сьведчаць, што рэальныя паўнамоцтвы ў найбольш важных пытаньнях дзейнасьці тэхнапарку бярэ на сябе Аляксандар Лукашэнка. Так, у праекце пазначана, што асабіста прэзыдэнт прымае рашэньне наконт прызначэньня кіраўніцтва парку і вызначае прэфэрэнцыі асобным яго ўдзельнікам. Акадэмік Аляксандар Вайтовіч лічыць, што, ня маючы перадумоваў да разьвіцьця інавацыйных тэхналёгіяў, нават у тэорыі разьлічваць на прыток замежных тэхналёгіяў, альбо экспарт беларускіх “ноў-хаў” за мяжу не выпадае.

(Вайтовіч: ) “Усё гэта патрабуе ад нас вельмі добрых, партнэрскіх стасункаў з замежнымі фірмамі. Самім вельмі цяжка прабіцца на замежны рынак, нашыя фірмы, на жаль, ня маюць досьведу працы на зьнешнім рынку. Гэта стрымлівае разьвіцьцё інавацыйнага працэсу ў Беларусі; не відаць, каб асабліва інавацыйныя кампаніі імкнуліся ў Беларусь. Але чаму дзівіцца? Пастаянна мяняецца інавацыйная база, указы, дэкрэты адзін за адным ідуць, адзін адменьвае другі…”

Супрацоўнікі Акадэміі навук прызнаюць, што мала хто з навукоўцаў сур’ёзна прымае пэрспэктыву працаўладкаваньня ў беларускай “Крэмніевай даліне”. Кіраўнік цэнтру маніторынгу міграцыі НАН Міхаіл Арцюхін кажа, што “мазгі” па-ранейшаму зь Беларусі ўцякаюць. Іншага працэсу не назіраецца. І ў гэтым кірунку ўсё больш прыцягальнай робіцца Расея.

(Арцюхін: ) “Моладзь традыцыйна імкнецца на Захад. Больш сталыя ўсё часьцей атрымліваюць запрашэньні з Расеі, і менавіта Расея робіцца краінай-рэпіцыентам: мы ў значнай частцы ёсьць для яе донарам. Але гэта лёгка растлумачыць: заробкі ў Маскве, у Піцеры непараўнальна вышэйшыя, і доктар навук мае там больш магчымасьцяў”.

Адказны за рэалізацыю праекту “Парку высокіх тэхналёгіяў” у прэзыдэнцкай адміністрацыі — памочнік Аляксандра Лукашэнкі Валеры Цапкала. Нядаўна ён стаў ляўрэатам штогадовай інтэрнэт-прэміі “Тытанік Байнэту”. “Тытанікам” паводле вынікаў галасаваньня адзначаюць найгоршыя рэсурсы беларускага інтэрнэту. Народны выбар выпаў на інтэрнэт-сайт “Парку высокіх тэхналёгіяў”.
XS
SM
MD
LG