Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Беларусі спыніў дзейнасьць “Таварыства аматараў ведаў (філяматаў)”


Уладзімер Глод, Менск Адпаведнае рашэньне вынес 4 траўня судзьдзя Валеры Самайлюк пасьля двух дзён разьбіраньня. З заявай аб забароне дзейнасьці таварыства ў суд зьвярталася Міністэрства юстыцыі

Падставай для звароту ў суд стала тое, што летась і пазалетась прадстаўнікі таварыства былі сярод арганізатараў, выступоўцаў і ўдзельнікаў дыскусіі на некалькіх міжнародных канфэрэнцыях, прысьвечаных працэсу эўраінтэграцыі і пэрспэктывам Беларусі ў аб’яднанай Эўропе. На думку экспэртаў міністэрства, гэта выходзіць за межы гістарычнай навукі, якой, згодна са статутам, павінны займацца філяматы.

Выканаўчы дырэктар таварыства Аляксей Хадыка, які разам са старшынём рады Валянцінам Голубевым прадстаўляў арганізацыю ў судовым працэсе, лічыць, што ніякіх парушэньняў яны не дапусьцілі:

(Хадыка: ) “Паводле артыкула 34 дзейнай Канстытуцыі, пашырэньне актуальных ведаў, якія датычацца палітыкі, эканомікі, культурнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі, а таксама своечасовае атрыманьне гэтых зьвестак, аналіз іх, вывучэньне, карыстаньне імі, гарантуюцца Канстытуцыяй. Такім чынам, наша грамадзкая арганізацыя дзейнічае адпаведна са сваім статутам, у якім таксама замацавана права на інфармацыйную дзейнасьць у галіне гуманітарных навук, экалёгіі, эканомікі і гэтак далей”.

Пракурор Федарэнчык падчас свайго выступу прызнала, што вызначыць мяжу, якая падзяляе нацыянальную і міжнародную гісторыю, сучасную паліталёгію і гісторыю палітычных навук, надзвычай складана. Як прызнала і тое, што бальшыня сяброў рады таварыства — асобы, якія прафэсійна займаюцца гуманітарнымі праблемамі. Аднак адначасова яна падтрымала патрабаваньні Міністэрства юстыцыі.

Валянцін Голубеў лічыць, што, паколькі да таварыства немагчыма было прад’явіць прэтэнзіі адносна юрыдычнага адрасу, дакладнага афармленьня сяброўства ў арганізацыі ды іншых тэхнічных падставаў, то ўлады зайшлі з іншага боку:

(Голубеў: ) “Мы адкрыта адной з асноўных сваіх праграмаў узялі праграму абмеркаваньня сытуацыі ў аб’яднанай Эўропе і вывучэньня магчымых пэрспэктываў для Беларусі, як плюсаў, так і мінусаў. І тут бываюць хістаньні — калі наша праграма ў чым-небудзь супадае з выказваньнямі кіраўніка дзяржавы, нам нічога не гавораць; калі пачынаецца паварот з Захаду на Ўсход, высьвятляецца, што абмяркоўваць гэтае пытаньне ўжо нельга. На нашых канфэрэнцыях мы абмяркоўваем усе магчымыя варыянты: ўзаемаадносіны і з Расеяй (і плюсы, і мінусы), і з Эўропай (і плюсы, і мінусы). Грамадзянскай супольнасьці трэба ж да гэтага рыхтавацца”.

Сучаснае адраджэньне ў Беларусі таварыства філяматаў пачалося ў 1997 годзе, калі быў створаны Народны ўнівэрсытэт культуры. Тут выкладалі Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Падгол, Валянцін Голубеў, Юры Хадыка. Праз Народны ўнівэрсытэт прайшлі больш за паўтары тысячы студэнтаў. Цікава, што сорак зь іх на апошніх выбарах сталі дэпутатамі мясцовых саветаў. Пасьля ўнівэрсытэт ператварылі ў “Таварыства аматараў ведаў (філяматаў)”, якое і было зарэгістраванае 20 лістапада 2002 году ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Летась у Беларусі ўлады зьліквідавалі каля пяцідзесяці грамадзкіх арганізацыяў. Гэтая практыка працягваецца і сёлета. У прыватнасьці, у красавіку была спыненая дзейнасьць НІСЭПД (Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG