Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны адзначае падвойныя стандарты Беларусі ды абяцае паразмаўляць з Лукашэнкам 8 траўня<b/>


Юры Сьвірко, Кіеў Віктар Юшчанка, які знаходзіцца на адпачынку ў Крыме, упершыню пракамэнтаваў затрыманьне грамадзян Украіны ў Менску. А ў Кіеве пачалася блякада беларускай амбасады. Амбасадар Валянцін Вялічка сказаў Радыё Свабода па тэлефоне з абложанага будынку, што не выключае прыпыненьня працы місіі.

Віктар Юшчанка, які знаходзіцца на адпачынку ў Крыме, упершыню пракамэнтаваў затрыманьне грамадзян Украіны ў Менску. Ён сказаў, што плянуе абмеркаваць гэта 8 траўня ў Маскве, дзе ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

(Юшчанка: ) “Я б не хацеў, каб гэты інцыдэнт спарадзіў нейкія тыповыя адметнасьці ў нашых двухбаковых стасунках з брацкім беларускім народам. Але факт падвойных стандартаў стаўленьня да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі грамадзян Украіны, грамадзян Расеі, іншых краін сьведчыць пра адмысловы падыход беларускага кіраўніцтва да гэтага эпізоду. Па гэтым эпізодзе мы накіравалі тры ноты й нам хацелася б, каб рэакцыя беларускага боку на іх была адэкватнай”

У Кіеве тым часам некалькі дзясяткаў сяброў і прыхільнікаў “Нацыянальнага альянсу” спрабуюць блякаваць беларускую амбасаду ды ўсталявалі вакол яе калючы дрот, хаця гэта не дазволіла рабіць кіеўская міліцыя. Адзін з трох дзясяткаў міліцыянтаў, якія ахоўваюць амбасаду, заявіў, што гэты дрот скрадзены. Аднак прадстаўнік “Нацыянальнага альянсу” Юры Міндзюк паведаміў, што гэты дрот законна купіў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.

Варта сказаць, што калючы дрот не перашкаджае наведнікам амбасады ўваходзіць у будынак і выконвае хутчэй сымбалічную функцыю.

Гэта пацьвердзіў і беларускі амбасадар у Кіеве Валянцін Вялічка, які знаходзіцца ўнутры місіі. Ён распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю з дыпмісіяй:

(Вялічка: ) “Ідуць людзі. Вось, напрыклад, ідзе Сьвірко ў амбасаду. Яго на вуліцы сустракаюць: “Пакажыце Вашыя дакумэнты, Юры!” Паказвае. Пытаюць: “Вы ідзяце ў амбасаду? Па якім пытаньні?” Я сёньня задаў гэтае ж самае пытаньне афіцыйна й выклаў свой пункт погляду намесьніку міністра замежных справаў Украіны Налівайку -- што, прабачце мне, у якой краіне, паводле якога права замежнапалітычнае ведамства блякуецца? З-за чаго? Аснова?

Вось зараз была група – добра, што справа не дайшла да бойкі. Прыйшлі нейкія іншыя людзі, крычаць: “Малайцы! Трымайцеся!” Хто гэтыя людзі? Правакатары гэта, не правакатары? Мы нікога не наймалі, мы нікога не прасілі. Разумееце, тут жа можна ўсчыніць што хочаш!”

Амбасадар Вялічка дадаў, што намесьнік міністра замежных справаў Украіны ў тэлефоннай размове зь ім паведаміў, што перадаў ноту пратэсту беларускай амбасады ў МУС і Службу бясьпекі Ўкраіны. У прэсавых службах гэтых ведамстваў паведаміць пра рэакцыю адмовіліся.

Валянцін Вялічка таксама сказаў, што не выключае часовага прыпыненьня працы амбасады Беларусі ў Кіеве.

А ўдзельнікі пікетаваньня-блякады працягваюць скандаваць “Украінцам свабоду” й “Жыве Беларусь!”. Сёньня аўтобус з Луцка прывёз да беларускай амбасады 27 чалавек, якія далучыліся да блякаваньня. Яны чакаюць яшчэ прыезду аднадумцаў з Роўна ды Івана-Франкоўску.

(Юшчанка: ) “Я б не хацеў, каб гэты інцыдэнт спарадзіў нейкія тыповыя адметнасьці ў нашых двухбаковых стасунках з брацкім беларускім народам. Але факт падвойных стандартаў стаўленьня да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі грамадзян Украіны, грамадзян Расеі, іншых краін сьведчыць пра адмысловы падыход беларускага кіраўніцтва да гэтага эпізоду. Па гэтым эпізодзе мы накіравалі тры ноты й нам хацелася б, каб рэакцыя беларускага боку на іх была адэкватнай”

У Кіеве тым часам адбылася спроба сяброў “Нацыянальнага альянсу” блякаваць беларускую амбасаду ды ўсталяваць вакол яе калючы дрот. Аднак гэта не дазволіла зрабіць кіеўская міліцыя, якая заявіла, што дрот скрадзены, і склала пратакол аб ягонай канфіскацыі.

Сёньня ж агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на адміністрацыю беларускага прэзыдэнта паведаміла, што сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны ў Маскве 8 траўня “пакуль не плянуецца”. Суразмоўца агенцтва заявіў, што Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца ўзяць удзел у саміце кіраўнікоў дзяржаваў СНД, аднак “у раскладзе ягонага знаходжаньня ў расейскай сталіцы не пазначана сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны”.
XS
SM
MD
LG