Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пара канчаць вайну! Якія ж вы пераможцы, калі ваюеце з магіламі?"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 4 траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Анастас Семяновіч: ) “Адказваю на пытаньне тыдня. Трэба абавязкова адкрываць могілкі, дзе былі масавыя захаваньні нямецкіх салдат. Калі я служыў у ГДР, з 1951 па 1966 гады, то немцы вельмі добра прыглядалі могілкі нашых салдат. Былі пастаўленыя помнікі з надпісамі салдат, афіцэраў; былі і безыменныя, пры кім не было дакумэнтаў.

А што ў нас адбываецца? Калі я жыў па вуліцы Каліноўскага і часта хадзіў у лес, які знаходзіцца супраць Маскоўскіх могілак, акрамя зьневажаньня, дзе былі захаваныя немцы, нічога іншага ня бачыў. Гэта кажа пра тое, што нашае начальства, акрамя дзікунства, ні пра што больш і ня ведае. Пацьверджаньне – Курапаты, дзе былі захаваныя лепшыя людзі Беларусі, прычым невінаватыя. Вось вынік бальшавіцкіх людаедаў”.

(Ільля Копыль, маёр ў адстаўцы: ) “Лічу, што ўсе нямецкія пахаваньні і могілкі трэба адшукаць, зьнішчаныя – аднавіць і прывесьці ў парадак, аб іх месцы знаходжаньні паведаміць у нямецкую амбасаду. За тыя пахаваньні, якія аднавіць нельга, з-за ўзьведзеных там пабудоваў, папрасіць прабачэньне. Няхай немцы будуюць помнікі, мэмарыялы – гэта гісторыя.

Я выказваю сваё незадавальненьне і абурэньне ў адрас вэтэранаў вайны, якія да нашага часу змагаюцца з парэшткамі загіблых нямецкіх салдат, якія засталіся назаўсёды ў нашай зямлі. Паводзіны беларускіх вэтэранаў ганебныя! Гэта не па-чалавечы, гэта негуманна. Савецкія салдаты зьдзяйсьнялі таксама шмат злачынстваў, і іх пахаваньні ёсьць на тэрыторыях многіх краінаў.

Мой бацька загінуў 19 жніўня 1945 году пад Мугдэнам. Няўжо яго магілу таксама зьневажаюць, як гэта адбываецца ў Беларусі? Пара канчаць вайну! Якія ж вы пераможцы, калі ваюеце з магіламі?”

(Генадзь Выбігаў: ) “Дыктатура вясковага разьліву ў Беларусі – гэта адкрыты бандытызм супраць дэмакратыі, супраць чалавечнасьці!”

(Спадарыня: ) “Праз вашае радыё хачу зьвярнуцца да праваабарончых органаў Беларусі. Калі яны па нейкай прычыне ня хочуць прыняць радыкальныя меры ў адносінах да лазутчыкаў Беларусі, Украіны і іншых, то гэта зробіць нашая група. Пасьля чаго ніхто зь іх ня здолее лезьці ў краіну, умешвацца ў палітыку іншай дзяржавы. А іншыя падумаюць, ці варта ставіць пад небясьпеку сваё жыцьцё дзеля сотні даляраў”.

(Спадар: ) “На пытаньне тыдня “Ці павінны беларускія ўлады даць згоду на адкрыцьцё могілак нямецкіх салдатаў у Беларусі?” адкажу станоўча. Калі ўлады на гэта не пагодзяцца, то насельніцтва павінна прымусіць іх гэта зрабіць. Паводле аповедаў сьведка ведаю, што ў лесе паміж Палітэхнічным інстытутам і станцыяй мэтро “Ўсход” былі нямецкія могілкі, дзе захаваныя ўсе, хто памёр у Менскіх шпіталях і у ваколіцах Менску. А пасьля вызваленьня бульдозерамі гэтыя могілкі зраўнялі і пасадзілі лес. Я лічу, што могілкі павінны быць могілкамі! І гэта будзе карысна для людзей. Яны будуць ведаць, колькі забіта было немцаў і колькі іх загінула ў Менску”.

(Спадар:) “Нашая Беларусь стала старанным садаводам пад кіраўніцтвам “непераможнага маршала”. Ён увесь сьвет ўражвае. І як нейкі паэт сказаў: “Вершит свой цикл нааборот – сперва растит, потом сажает”. Мяне палітыка не цікавіць, больш клапоціць эканоміка. Зараз па тэлебачаньні, радыё, у газэтах – паўсюль пішуць і кажуць пра мінімальны пражыткавы ўзровень. Хачу запытаць толькі воднае ўсю гэтую каманду, калі толькі магчыма так іх называць. Не хачу сварыцца, сілаў няма. Як для пэнсіянэра вызначалі 121 тысячу пражыткавага мінімуму? Гэта ж тая сума, якая ідзе на аплату камунальных паслуг! Як жыць далей? Хай адкажа гэтая каманда! І вы, калі ласка, адкажыце на гэтае пытаньне, зрабіце інтэрвію. Як жыць? Што рабіць? Гэта ж 10 адсоткаў ад той пэнсіі, якую мы калісьці атрымоўвалі!”
XS
SM
MD
LG