Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Глыбокім: ці павінны сучасныя ўлады даць згоду на адкрыцьцё нямецкіх могілак на Беларусі?


Браніслава Станкевіч, Глыбокае Райцэнтар Глыбокае, што на Віцебшчыне, ёсьць адным з тых нешматлікіх мястэчак на Беларусі, дзе ўжо ёсьць афіцыйнае нямецкае пахаваньне: на тутэйшых могілках усталяваныя дзьве мэмарыяльныя пліты і крыж, пад якімі ляжаць парэшткі нямецкіх вайскоўцаў, загіблых у часе мінулае вайны.

Першапачаткова нямецкія могілкі былі на гарадзкім стадыёне, і толькі гадоў пяць таму, калі Нямеччына дала грошы на абнаўленьне спартовай пляцоўкі, адбылося перазахаваньне і адкрыцьцё гэтага мемарыялу. Але ўсе ў Глыбокім ведаюць, што засталося тут яшчэ адно нямецкае пахаваньне – вакол касьцёла Сьвятой Тройцы, зруйнаванае бульдозерамі і пакрытае асфальтам.

Што думаюць жыхары Глыбокага наконт таго, ці павінныя даць згоду на адкрыцьцё нямецкіх могілак сучасныя беларускія ўлады? Распачынае тутэйшы дэпутат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Хрол.

(Хрол: ) “У нас ва ўрадзе ёсьць узаемнае пагадненьне пра догляд магілаў на тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Нямеччыны. Але пакуль яно не ратыфікавана Парлямэнтам. Але маё чыста чалавечае меркаваньне: прайшло ўжо 60 год, і гэта блюзьнерства, калі, як гэта было ў нас у Глыбокім, на чалавечых костках гуляюць у футбол, хай сабе нават гэта й косткі былых захопнікаў нашае Радзімы”.

(Спадар: ) “Так, у Глыбокім гэтая праблема была вырашана. Але вырашана нейкім цудам, бо мы ведаем і пазыцыю цяперашніх уладаў, і пазыцыю некаторай часткі вэтэранаў, якія вельмі адмоўна ставяцца да стварэньня нямецкіх пахаваньняў. Думаю, што зараз такога, прабачце, не адбылося б!”

(Спадар: ) “Я працаваў майстрам ЖКГ, і мы тут выкапалі экскаватарам косьці 16 нямецкіх жаўнераў. Старажылы гавораць, што немцы былі тут пахаваныя вакол усяго касьцёлу і нават за агароджай. Мяркую, што варта было б перазахаваць і іх, але ж я не прадстаўнік уладаў!”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я веру ў Бога, і мяркую, што кожныя душа і цела мусяць быць пахаваныя вартым чынам. Усё-ткі ўсе яны былі людзі!”

(Спадар: ) “Яны былі акупанты! І рабіць ім пахаваньні, я думаю, ня варта!”

(Бабуля: ) “Дык іх жа ўжо пахавалі там, на новых могілках. І крыжы, мусіць нейкія паставілі! А ў нас тут усе былі супраць, бо яны напалі на нашу Беларусь. Толькі ж мы тут ужо не камандзіры...”

(Спадар: ) “Думаю, што кожны чалавек мусіць быць годна пахаваны, і тыя немцы таксама".

(Карэспандэнтка: ) “А чаму ж тады няма ў нас нямецкіх пахаваньняў?”

(Спадар: ) “Таму што такія ў нас людзі.І такая ў нас культура. Толькі во рэстаранчыкі, “забягалавачкі”...

(Спадар: ) “Няхай бы ў Нямеччыну сваю іх везьлі і там хавалі! І глядзелі б там за імі! На сваёй зямлі, я думаю, свае людзі мусяць ляжаць!”

(Спадарыня: ) “Што ў нас, у Глыбокім, зямлі мала? Во як прэзыдэнта выбіраць, то прыдумляюць рэфэрэндумы. Няхай бы і тут правялі рэфэрэндум: гэта людзі мусяць вырашаць. Я вось так мяркую: калі ўжо лёс такі, што раз менавіта тут давялося чалавеку душу і галоўку сваю скласьці, то тут і ягонае месца!"
XS
SM
MD
LG