Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Аўтавытворцы ўключаюць нас у сьпіс краінаў, дзе якасьць паліва ня вельмі добрая"


Міхал Стэльмак, Менск На гэтым тыдні мы разглядалі сытуацыю з падробкамі алькагольнай і лекавай прадукцыі. Тэма сёньняшняй размовы – праблемы аўтамабільнага паліва.

У Беларусі сёньня два сучасныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Няўжо яны ня могуць цалкам задаволіць патрэбы рынку ў якасным паліве? Вытворцы і гандляры сьцьвярджаюць, што праблема "левага" бэнзіну надуманая. Паводле прадстаўнікоў Мазырскага і Наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў, тут вырабляюць якасную прадукцыю, на якую, маўляў, грэх скардзіцца.

Уладальнікі беларускіх аўтазаправак “Белнафтахім”, “Лукойл”, “Слаўнафта” ды іншыя таксама заяўляюць: яны гандлююць таварам, які адпавядае ўсім нацыянальным стандартам якасьці. Размаўляю са спадарыняй Натальляй, супрацоўніцай адной з аўтазаправачных станцыяў пад Менскам:

(Сп-ня Натальля: ) “За маю бытнасьць раней, калі былі яшчэ талёны, такое было. Было, што й калёнку зачынялі, перасорціца была–усялякае бывала. А ў бліжэйшы час не было. Калі ёсьць нейкія скаргі, нехта паскардзіўся, тады прыяжджаюць і правяраюць”.

(Карэспандэнт: ) “А скаргі часта бываюць?”

(Сп-ня Натальля: ) “Ня часта”.

Беларускія кіроўцы адметныя сваёй цярплівасьцю. Напрыклад, зь дзесятка апытаных менскіх кіроўцаў, прычым са шматгадовым стажам, ніводзін ані разу не паскардзіўся на якасьць паліва ў нейкія кантралюючыя інстанцыі, хоць усе сутыкаліся, прычым неаднаразова, з бэнзінавымі фальсыфікатамі:

(Спадар Анатоль: ) “На ўсіх сказаць нельга. Але часам трапляецца. Што і вадзічка трапляе з бэнзінам, што і салярка трапляе з бэнзінам – усё трапляе”.

(Спадар Аляксей: ) “Часам трапляецца гэта”.

(Спадар Іван: ) “Бывае, заправісься на якой запраўцы, дык машына добра ідзе, а на іншай – дык рухавік дэтаніруе. Значыцца, паліва няякаснае”.

(Спадар Аляксей: ) “Ня часта, але бываюць такія моманты”.

(Спадар Анатоль: ) “Па машыне адчуваецца – як машына ідзе. І на расход паліва таксама ўплывае”.

(Спадар Аляксей: ) “Машына моцна рэагуе. Калі паліва добрай якасьці, то матор сьпявае, а калі нізкай якасьці, то машына пачынае і дыміць, і чхаць”.

У кіроўцаў, як мы зараз чулі, насамрэч шмат прэтэнзіяў да якасьці паліва. Але ці яны абгрунтаваныя? Што думаюць на гэты конт спэцыялісты?

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя сутыкнулася нядаўна з праблемай. Вытворцы ўсясьветна вядомых аўтамарак адмовіліся пастаўляць на беларускі рынак лепшыя свае мадэлі. Бо запраўка няякасным палівам адмоўна адбіваецца на працы машын, у выніку ставіцца пад сумненьне іх рэпутацыя. Генэральны дырэктар асацыяцыі Людміла Шабанава паспрабавала вырашыць паліўную праблему, каб беларускія прадпрыемствы маглі набываць сучасныя, прэстыжныя мадэлі:

(Шабанава: ) “Мы пісалі ў “Белнафтахім” і прасілі іх зьвярнуць увагу на якасць паліва ў Беларусі ў сувязі з тым, што аўтавытворцы ўключаюць нас у сьпіс краінаў, дзе якасьць паліва ня вельмі добрая. Але нам адказалі, што ўсё кантралюецца”.

Дарэчы, Людміла Шабанава запраўляе асабісты аўтамабіль толькі на пэўных запраўках. Бо, паводле іншых спэцыялістаў, беларускае паліва не адпавядае эўрапейскім стандартам. Яно робіцца па спрошчаных схемах, якія не забясьпечваюць сапраўды высокую якасьць прадукцыі. Сытуацыю ўскладняюць і кантрабандныя пастаўкі ў Беларусь паліва сумнеўнай якасьці, найперш з Расеі. Вось, напрыклад, што паведаміла на гэты конт афіцыйная прадстаўніца Віцебскай абласной міліцыі Вольга Ціханава:

(Ціханава: ) “Факты ёсьць затрыманьня машын, цыстэрнаў, якія вязуць паліва па сумнеўных дакумэнтах. Але фірма адна перасылае другой бэнзін. Відаць, ёсьць нейкая эканамічная выгада везьці сюды ў Беларусь гаруча-змазачныя матэрыялы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG