Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Навінкі" здымаюць новы фільм


Севярын Квяткоўскі, Менск Гэта новы сур''ёзны праект творчага асяродку газэты "Навінкі", пасьля таго, як летась улады вымусілі спыніць выхад выданьня. Спачатку быў штраф, прыпыненьне газэты на тры месяцы, а пасьля адмова ў друку. У 2001 годзе "Навінкі" стварылі першы ў краіне пазацэнзурны мастацкі фільм – "Случай з пацаном". Наступнай сталася стужка "Акупацыя" Андрэя Кудзіненкі, і вось цяпер – чарговы незалежны праект.

Першы фільм "Навінак" зьявіўся акурат у часе прэзыдэнцкіх выбраў 2001 году. "Случай з пацаном" меў выразную грамадзка-палітычную сатыру. Як можна акрэсьліць новы праект "Навінак"?

Адразу зазначу, што ў фільма ёсьць сцэнарыст, але агульная канцэпцыя і рэжысура робіцца калегіяльна шэрагам маладых творцаў. Вось што кажа адзін з каардынатараў праекту Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) "Гэта будзе фільм у стылі "horror" – фільм жахаў. Ён будзе ў гратэскнай форме адлюстроўваць сёньняшнія беларускія рэаліі. У нечым гэта футурыстычны фільм, накшталт оруэлаўскага "1984": пра нашую магчымую недалёкую будучыню".

Папярэдні фільм "Навінак" пад назвай "Случай з пацаном" ня быў легалізаваны ў Беларусі. Ён зарэгістраваны ў Расеі і афіцыйна выйшаў у сэрыі "Другое кино". Афіцыйны наклад прададзены колькасьцю некалькі тысяч асобнікаў. У Беларусі стужка прадавалася паўпадпольна. Але пэўная частка накладу рэалізоўвалася празь менскія крамы ў рээкспартным варыянце. "Случай з пацаном" узяў гран-пры на міжнародным маскоўскім фэстывалі "Звышаматарскае кіно". Другой беларускай стужкай у расейскай сэрыі стаўся прафэсійны мастацкі фільм Андрэя Кудзіненкі "Акупацыя".

(Жбанкоў: ) "Кудзіненка з "Навінкамі" цудоўна спалучаюцца, таму што яны існуюць на агульнай глебе. На агульнай тэрыторыі па-за межамі афіцыйнай індустрыі. Яна на іх не глядзіць, яны на яе таксама. Не таму што яны плянуюць барацьбу зь ёю. Проста гэтая індустрыя ім не патрэбная, таму што безь яе яны сабе даюць рады".

Так мяркуе кінакрытык Максім Жбанкоў. Фільм Андрэя Кудзіненкі ня толькі быў забаронены для пракату й продажы ў Беларусі. Міністэрства культуры нават напісала зварот да Маскоўскага кінафэстывалю зьняць "Акупацыю" з пракату. Справа ў тым, што рэжысэр паспрабаваў зірнуць на акупаваную фашыстамі Беларусь іначай, чым прынята афіцыйнай прапагандай. "Акупацыю" Кудзіненкі зь іншымі праектамі "Навінак" яднае яшчэ і тое, што ўсе фільмы малабюджэтныя. Але без усялякай рэклямы разыходзяцца тысячамі накладаў на дысках і касэтах.

Ці не вынікае са сказанага, што ў беларускім кінэматографе зьявілася новая тэндэнцыя, нечаканая плынь? Сучасны стан беларускага кінэматографу кіназнаўца Максім Жбанкоў ацэньвае наступным чынам:

(Жбанкоў: ) "Сярод маладой генэрацыі – вялікая інэрцыя. Гэтая генэрацыя альбо арыентаваная рабіць што закажуць у спадзеве на дзяржаўныя грошыкі, альбо наадварот, выключна прагматычная, і робіць тое, што можа быць канвэртаванае на Захадзе. То бок нашымі ўласнымі справамі ня надта цікавіцца".

А вось як глядзіць у будучыню Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) "Цяпер мы думаем менавіта над тым, каб гадаваць новыя кадры для незалежнага кінэматографа. І сваіх людзей, якія далей будуць удзельнічаць у гэтым нашым праекце".

У кожным выпадку, ужо сёлета ад творчага асяродку "Навінак" можна чакаць новы прадукт беларускага непадцэнзурнага кіно.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG