Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца рашэньне Вярхоўнага суду ў справе Беларускага таварыства ведаў – "філяматаў"


Уладзімер Глод, Менск 4 траўня Вярхоўны Суд Беларусі вынесе вэрдыкт у справе Беларускага таварыства ведаў, "філяматаў". З позвай аб забароне іх дзейнасьці зьвярнулася Міністэрства юстыцыі. Учора на працягу некалькіх гадзінаў судзьдзя Вярхоўнага суду Валеры Самайлюк слухаў меркаваньні бакоў, а сёньня трэба чакаць ягонага рашэньня. Рашэньне Вярхоўнага Суду канчатковае й абскарджаньню не падлягае.

Напачатку пра тое, што гэта за таварыства, і чаму яго носіць імя філяматаў. Тайныя таварыствы філяматаў, што азначае "сяброў навукі", стварылі напачатку 19-га стагодзьдзя студэнты Віленскага ўнівэрсытэту. Сярод іх былі Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ян Чачот ды шмат іншых патрыётаў. Мэтай філяматаў была культурная праца сярод насельніцтва, выхаваньне патрыятызму ў асяродзьдзі польскай, беларускай і літоўскай моладзі. Яны шмат зрабілі для фармаваньня нацыянальна-вызвольнага руху. Але ў 1823 годзе арганізацыі філяматаў і філярэтаў (сяброў дабрачыннасьці) былі выкрытыя й разгромленыя царскімі ўладамі.

Сучаснае адраджэньне філяматаў пачалося ў 1997 годзе, калі ў Беларусі стварылі Народны ўнівэрсытэт культуры, які прадстаўляў у розных гарадох Беларусі (агулам была 31 такая мясьціна) разнастайныя адукацыйныя праграмы, датычныя сучаснай паліталёгіі, гісторыі беларускай дзяржаўнасьці, гісторыі беларускай культуры, журналістыкі ды некаторых іншых дысцыплінаў. Тут выкладалі такія вядомыя людзі, як Лявон Баршчэўскі і Ўладзімер Падгол, Валянцін Голубеў і Юры Хадыка, Уладзімер Кулажанка й Жана Літвіна...

Праз Народны ўнівэрсытэт прайшло больш за паўтары тысячы студэнтаў. Цікава, што 40 зь іх на апошніх выбарах сталі дэпутатамі мясцовых саветаў. Пасьля ўнівэрсытэт ператварылі ў Рэспубліканскае грамадзкае таварыства ведаў "філяматаў", якое й было зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Чым менавіта незадаволенае міністэрства юстыцыі? Я ўчора пабачыў ксэракопію позвы: ёй напісана, што міністэрства патрабуе закрыцьця арганізацыі, паколькі тая неаднаразова парушала свой статут. Фактычна, тут два галоўныя абвінавачваньні: першае – сучасныя філяматы арганізавалі шэраг канфэрэнцыяў у справе эўраінтэграцыі і пэрспэктываў Беларусі ў эўрасупольнасьці. А другое – адно з узгаданых мерапрыемстваў прайшло пазалетась за межамі краіны, у Беластоку. На падставе чаго сьцьвярджаецца, што таварыства выйшла за межы сваёй статутнай дзейнасьці.

Выканаўчы дырэктар Аляксей Хадыка, які разам са старшынём рады Валянцінам Голубевым прадстаўляе таварыства ведаў у судовым працэсе, лічыць, што тут ніякіх парушэньняў няма.

(Хадыка: ) "Паводле артыкула 34 дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пашырэньне актуальных ведаў, якія датычацца палітыкі, эканомікі, культурнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, а таксама своечасовае атрыманьне гэтых зьвесткаў, аналіз іх, вывучэньне, карыстаньне імі, гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, нашая грамадзкая арганізацыя дзейнічае адпаведна са сваім статутам, у якім таксама запісана права на інфармацыйную дзейнасьць у галіне гуманітарных навук, экалёгіі, эканомікі і гэтак далей".

Мы ўзгадвалі пра сэмінар у Беластоку. Што там адбылося, чаму да яго такая пільная ўвага? Дзе правазнаўцы ўбачылі парушэньне закону?

(Хадыка: ) "Фактычна падставай для вынясеньня папярэджаньня паслужыў, можна так сказаць, моўны казус. У праграме было пазначана, што дыскусія на арганізаванай канфэрэнцыі тычылася сытуацыі ў Беларусі, а далей на польскай мове сказана, як "па выборах да рад локальных", што значыць "пасьля выбараў у мясцовыя саветы". У той жа час міністэрства юстыцыі, якое недакладна пераклала гэты сказ, інтэпрэтавала гэта як дыскусію, якую вялі сябры грамадзкай арганізацыі датычна палітычнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь і непасрэдна выбараў у мясцовыя саветы".

Хачу дадаць, што падчас судовага паседжаньня, калі прадстаўнік міністэрства юстыцыі зразумеў памылку, якую зрабілі ягоныя калегі, ён адмовіўся ад гэтага абвінавачваньня, а скацэнтраваўся на тым, што ўзгаданы сэмінар праводзіўся за мяжой.
XS
SM
MD
LG