Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная воля" на двух палосах публікуе сьпіс тых, хто ўвайшоў у грамадзкі рух "Воля народу"


Алесь Дашчынскі, Менск Газэта “Народная воля” апублікавала прозьвішчы грамадзянаў, якія падпісаліся пад зваротам аб стварэньні агульнанацыянальнага руху “Воля народа”. Ініцыятарамі стварэньня руху выступілі вядомыя ў краіне асобы – былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, акадэмік Генадзь Лыч, пісьменьнік Алесь Пашкевіч і іншыя. Як грамадзяне рэагуюць на гэтую ініцыятыву?

Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі каардынацыйнай рады, цягам гэтага невялікага часу грамадзянскую ініцыятыву па стварэньні руху падтрымалі тысячы жыхароў Беларусі. Сярод іх – рабочыя, калгасьнікі, настаўнікі, пэнсіянэры, урачы, моладзь. Тое, што апублікавала газэта – гэта прозьвішчы тых, хто ў першых шэрагах падтрымаў зварот і стаў, як цьвердзяць каардынатары, адным з выразьнікаў ствараемага руху “Воля народа”.

Паводле гэтых сьпісаў самым прадстаўнічым апынуўся Клецк Менскай вобласьці, што сьведчыць пра актыўнасьць невялікіх гарадоў. А вось, да прыкладу, у вёсках Рыжкавічы ці ў Барках Шклоўскага раёну падпісалі зварот па адным грамадзяніну, таму ўзьнікае пытаньне – ці баяліся гэтыя людзі пры цяперашняй сытуацыі ў краіне падпісацца пад зваротам? Меркаваньне 23-гадовага зваршчыка сьвінакомплекса з вёскі Любінічы Шклоўскага раёна Ігара Шпакава:

(Шпакаў: ) “Не баяўся нічога, падпісаў. Чаго баяцца? Не баяўся. Мне патлумачылі, што гэта ўсё нармальна, добра. Трэба каб усё да лепшага памянялася, спадзявацца заўсёды трэба на добрае”.

Дарэчы, Ігар Шпакаў ад мяне даведаўся, што ягонае прозьвішча, сярод іншых, надрукаванае ў газэце “Народная воля”, гэтага нумару газэты ён яшчэ не бачыў.

А як рэагуюць чытачы газэты на публікацыю сьпісаў? Паводле шэф-рэдактара “Народнай волі” Сьвятланы Калінкінай у рэдакцыю тэлефанавалі чытачы, якія пыталіся, дзе і калі можна паставіць свае подпісы пад зваротам. А некаторыя казалі, навошта было друкаваць гэтыя прозьвішчы, бо людзей могуць звольніць з працы і гэтак далей. Паводле спадарыні Сьвятланы, публікацыя сьпісаў – гэта своеасаблівая палітычная акцыя, заяўка на буйную кампанію, а гэты нумар газэты ўвойдзе ў гісторыю. Рэдакцыя мяркуе і надалей друкаваць сьпісы грамадзянаў, якія падтрымалі ідэю стварэньня руху “Воля народа”.

На які эфэкт разьлічваюць арганізатары гэтай акцыі? Паводле шэф-рэдактара газэты Сьвятланы Калінкінай, асноўная задача публікацыі прозьвішчаў у тым, каб пераламіць страх у грамадзтве.

(Калінкіна: ) "Калі людзей, якія не толькі паставяць свае подпісы ў падтрымку, але не пабаяцца публічнасьці, не пабаяцца зрабіць гэта публічна, будзе досыць многа, то рэпрэсіўная машына проста акажацца ня здольнай пайсьці на тыя самыя рэпрэсіі, на запалохваньне, на звальненьне. Да прыкладу, немагчыма звольніць з таго ж салігорскага камбіната адразу 500 чалавек. Толькі ў гэтым гарантыя таго, што ўсё ж такі можна процістаяць дзяржаве, уладзе, якая нават ужо не хавае, што дзейнічае рэпрэсіўнымі мэтадамі. Тут людзі адкрыта заяўляюць аб сваёй пазыцыі і гэта добры знак, калі вялікая колькасьць людзей ўжо не баіцца і разумее, што так далей жыць нельга".

Сябра каардынацыйнай рады грамадзянскай ініцыятывы па стварэньні агульнанацыянальнага руху “Воля народа”, пісьменьнік Алесь Пашкевіч цьвердзіць, што подпісы пад зваротам паставілі ўжо дзесяткі тысячаў грамадзянаў. Як ён тлумачыць рашэньне каардынацыйнай рады надрукаваць у газэце частку подпісаў грамадзянаў?

(Пашкевіч: ) "Адна справа – мёртвыя душы зьбіраць, а іншая рэч, калі чалавек ня толькі падтрымлівае, але і страх, комплекс страху адпрэчвае, адкідае, пераломвае ў сабе і не баіцца публічна паказаць, засьведчыць сваю грамадзянскую пазыцыю".
XS
SM
MD
LG