Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адказ на адмову вызваліць украінцаў "Нацыянальны альянс" будзе блякаваць беларускую амбасаду


Юры Сьвірко, Кіеў Адбываецца далейшае абвастрэньне беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў у сувязі з адмовай Менску перагледзець прысуд удзельнікам Чарнобыльскага шляху. 5 украінцаў застаюцца за кратамі ў Менску. Таму сёньня моладзевая арганізацыя "Нацыянальны альянс" абяцае пачаць блякаду беларускай амбасады ў Кіеве.

Як у Кіеве адрэагавалі на такое рашэньне менскага суду? Агульны настрой і ўладаў, і грамадзкіх арганізацыяў – расчараваньне. У заяве ўкраінскага МЗС так і гаворыцца, што Ўкраіна расчараваная нежаданьнем беларускага боку пайсьці насустрач затрыманым грамадзянаў Украіны, іх сваякам, а таксама зваротам украінскага МЗС. Прэсавая служба дыпляматычнага ведамства Ўкраіны заяўляе, што беларуская ўлада ўсё ж такі парушыла нормы міжнароднага права, затрымаўшы ўкраінцаў. МЗС заяўляе, што павага да права і правоў чалавека – гэта галоўныя базавыя каштоўнасьці ўнутранай і вонкавай палітыкі Ўкраіны. Таксама Ўкраіна абяцае, што ня будзе заставацца абыякавай да пытаньня выкананьня правоў чалавека ў іншых краінах на постсавецкай прасторы. Украіна абяцае, што МЗС і амбасада ў Менску зробіць усё магчымае, каб вызваліць пецярых украінцаў і вярнуць іх на Бацькаўшчыну.

Якраз гэтыя намаганьні ўкраінскіх дыпляматаў паставіў пад пытаньне беларускі амбасадар у Кіеве Валянцін Вялічка – ён сказаў, што ягоны ўкраінскі калега ў Менску Пятро Шапавал дагэтуль не зьвярнуўся з просьбай вызваліць суайчыньнікаў.

Прэсавая служба дыпляматычнага ведамства Ўкраіны кажа, што гэтыя заявы амбасадара Вялічкі выклікаюць, мякка кажучы, непаразуменьне ў Кіеве. Украінскія дыпляматы вельмі зьдзіўленыя і заяўляюць, што такога не магло быць, а ў неафіцыйных размовах кажуць, што не разумеюць, навошта было амбасадару хлусіць.

Украінскі консул у Менску Васіль Сэрдэга заявіў, што ён проста ня мае словаў, каб пракамэнтаваць заяву беларускага амбасадара, і не разумее, навошта было такое казаць на прэсавай канфэрэнцыі, дзе былі ўсе тэлеканалы Ўкраіны.

Сёньня ўкраінская маладзёвая арганізацыя “Нацыянальны альянс” абяцае распачаць масавыя акцыі пратэсту ў Кіеве. Трэба сказаць, што беларуская амбасада знаходзіцца ў цэнтры Кіева, у такім дыпляматычным раёне – побач амбасада Польшчы, консульскі аддзел амбасады Чэхіі, шэраг дзяржаўных установаў Украіны, і вось у тым раёне пабудавалі новы будынак, дзе знаходзяцца кватэры беларускіх дыпляматаў. Ужо тыдзень там на газоне стаяць тры намёты, насупраць прыпаркаваліся пяць таксовак, упрыгожаных сымболікай леташняй рэвалюцыі – учора прафсаюз таксістаў Кіева падтрымаў патрабаваньне вызваліць суайчыньнікаў. Усё гэта суправаджаецца заклікам вызваліць украінцаў, удзельнікі крычаць "Ганьба!" Сёньня яны вырашылі, што цалкам заблякуюць уваход, ня будуць пускаць дыпляматаў на працу, наведнікаў у консульскі аддзел – сябры "Нацыянальнага альянсу" абяцаюць, што гэта будзе татальная блякада. Міліцыя заяўляе, што прэтэнзіяў да правядзеньня акцыі ня мае.

На фота: плякат "Нацыянальнага альянсу" заклікае ягоных сяброў з усёй Украіны падтрымаць блякаду беларускай амбасады ў Кіеве
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG