Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускія ўлады напалохаліся "імпарту рэвалюцыі" ў Беларусь"


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 29 красавіка) Удзельнікі: старшыня Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу “Маладыя дэмакраты” Кірыл Ігнацік, намесьніца старшыні расейскай моладзевай садружнасьці Саюзу правых сілаў Юлія Малышава і намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской газеты” Віктар Марціновіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Затрыманьні і пакараньні беларускіх апазыцыянэраў сталі звыклаю зьявай і даўно не выклікаюць гучнай рэакцыі ні ў самой Беларусі, ні за яе межамі. А вось знаходжаньне пад вартай украінскіх і расейскіх грамадзянаў выклікала міжнародны скандал. Ствараецца ўражаньне, што беларускія ўлады мэтанакіравана затрымлівалі менавіта замежных удзельнікаў акцыі 26 красавіка. На цяперашні час адбываюць пакараньне 14 расейцаў, 5 украінцаў і 8 беларусаў. То бок, замежнікаў больш за беларусаў амаль у два з паловай разу. Чым вы гэта патлумачыце?”

(Кірыл Ігнацік: ) “Беларускія ўлады цяпер вельмі моцна палохаюцца рэвалюцыяў. Апошнім сыгналам стала рэвалюцыя ў Кыргызстане. І яны баяцца экспарту рэвалюцыі з-за мяжы. Афіцыйныя асобы і СМІ кажуць, што апазыцыя цяпер дэмаралізаваная, на яе акцыі выходзіць мала людзей. І прыбыцьцё замежных грамадзянаў выклікала адчуваньне небясьпекі. А прыехала толькі 6 украінцаў і 25 расейцаў. Таму беларускія ўлады вырашылі запалохаць замежных грамадзянаў. Сярод беларусаў затрыманыя фактычна толькі тыя людзі, якія былі арганізатарамі. А расяян працягвалі затрымліваць нават пасьля заканчэньня мерапрыемства, калі яны былі далёка ад месца правядзеньня акцыі.

Я быў сьведкам гэтых падзеяў. Мы стаялі фатаграфаваліся з прадстаўнікамі расейскіх арганізацыяў. Да нас падышлі амонаўцы і людзі ў цывільным і прапанавалі тым, у каго расейскі пашпарт, зайсьці ў аўтобус. Тлумачылі тым, што яны падазраюцца ў датычнасьці да тэрарызму. А беларусаў на чапалі. Тое ж можна сказаць і пра ўкраінцаў, якія былі затрыманыя досыць жорстка. Мэтай уладаў было запалохваньне замежнай моладзі, каб яна больш не прыяжджала сюды на акцыі апазыцыі. Досьвед украінскай рэвалюцыі паказаў, што ў Кіеў прыяжджала шмат людзей зь іншых краінаў, і гэта стварала інтэрнацыянальную атмасфэру, якую яднала ідэя барацьбы за дэмакратыю на постсавецкай прасторы”.

(Юлія Малышава: ) “Іх затрымлівалі некалькі разоў. Першы раз іх затрымалі яшчэ да акцыі на падставе праверкі дакумэнтаў. Нягледзячы на тое, што ўсе яны паказалі расейскія пашпарты, іх правялі ў міліцыю і праз 20 хвілінаў адпусьцілі. Пасьля акцыі зноў сталі забіраць маіх сяброў, зь якімі я прыехала. Пасьля гэтага наступствы былі зусім іншыя. Я думаю, што беларускія ўлады проста спужаліся “імпарту рэвалюцыі” ў Беларусь, асабліва пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне. І таму рашылі запужаць тых, хто сюды прыехаў. Яны проста не разьлічвалі, наколькі будзе сур’ёзны эфэкт. Яны думалі, што проста ціха забяруць — і нічога ня будзе, усе забудуць пра гэта”.

(Віктар Марціновіч: ) “Я ня згодзен з тым, што беларускія ўлады не чакалі такога эфэкту. Наадварот, стаўка рабілася якраз на такі гучны грамадзкі рэзананс. Чаму? У 2006 годзе адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Відавочна, што адзіная сілай, якая можа прывесьці да адстаўкі Лукашэнкі, гэта вуліца. Таму што якія б ні былі рэальныя вынікі галасаваньня, усё роўна быдзе дэкляраваная чарговая “элегантная перамога”. Пэўныя дзяржаўныя ўстановы прааналізавалі тое, што адбывалася на Майдане ў Кіеве падчас рэвалюцыі. І яны прыйшлі да высновы, што прыкладна 30% людзей там былі замежнікі. І беларускія ўлады баяцца, што ў крытычны момант 10 тысяч людзей прыедзе з Масквы і Кіева. І зь вялікім натоўпам міліцыя ўжо ня зможа нічога зрабіць.

Таму і пасадзілі расейскіх журналістаў першы раз за некалькі гадоў. Сярод іх журналіст газэты “Московский комсомолец”, сярэдні наклад якога складае 1,5 мільёнаў асобнікаў. Каб быў максымальны грамадзкі эфэкт. Каб памяталі — і каб у 2006 годзе сюды ніхто не прыехаў. Аднак тут можа спрацаваць адваротны эфэкт. Замест каб напужаць украінцаў і расейцаў, беларускія ўлады могуць іх раззлаваць”.

(Карбалевіч: ) “Можна было б казаць, што ўлады імкнуцца прадухіліць імпарт аранжавай рэвалюцыі з Украіны, і таму арыштавалі ўкраінцаў. Але навошта затрымліваць расейцаў? З Расеі ж ня можа адбыцца ніякага імпарту рэвалюцыі. Хутчэй адтуль можа адбыцца імпарт контрарэвалюцыі, прымаючы да ўвагі апошнія сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. І далей, пакараных украінцаў толькі 5, а расейцаў ажно 14, нават больш, чым беларусаў. Ці можна тут убачыць нейкую лёгіку? Ці ў дзеяньнях карных органаў шукаць лёгікі бессэнсоўна, бяруць тых, хто трапляе пад руку?”

(Ігнацік: ) “У Расеі цяпер досыць моцна расьце антыпуцінскі рух. Гэта пратэст ня толькі супраць Пуціна як асобы, а супраць мадэлі “кіраванай дэмакратыі”, якая цяпер існуе ў Расеі. Расейская моладзь успрымае гэтую сытуацыю як сапраўдны выклік. І расейскія маладыя лідэры лічаць, што калі ў Беларусі пацерпіць крах аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, то сёньняшнія ўладныя сілы ў Расеі згубяць падтрымку, а галоўнае, згубяць імпэрскую ідэю, ідэю аўтарытарнай улады. І таму расейская моладзь будзе спрыяць устанаўленьню дэмакратыі ў Беларусі ў 2006 годзе. Таму яны будуць змагацца за нашу і іх свабоду”.

(Малышава: ) “Сапраўды, цяпер у Расеі расьце пратэстны рух супраць улады. І штуршком да гэтага стала ўкраінская рэвалюцыя. А грамадзяне Беларусі ўважліва глядзяць на тое, што адбываецца ў Расеі. Таму для беларускага грамадзтва было важна, каб мы прыехалі і падтрымалі мясцовую апазыцыю, паказалі, што мы зь імі. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, адбываецца і ў нас. То бок, у Расеі цяпер адбываецца лукашэнізацыя. Улада ўзурпуецца, перадаецца ў адны рукі. Таму трэба змагацца з таталітарнай лёгікай Лукашэнкі і Пуціна”.

(Карбалевіч: ) “Як вы думаеце, спадарыня Малышава, затрыманьнем расейскіх грамадзянаў Лукашэнка хацеў даслаць нейкі сыгнал Маскве? Калі так, то каму: Пуціну, расейскай дэмакратычнай грамадзкасьці ці каму іншаму?”

(Малышава: ) “Мне падаецца, што Лукашэнка так далёка ня думае. Я думаю, што гэта была проста злосьць на тых, хто выступае супраць яго. Таму іх трэба пасадзіць. Цяпер грамадзкая думка ў Расеі ўзбуджаная. Праходзяць акцыі ў Маскве, будуць праходзіць ў Піцеры, іншых гарадах. Дачыненьні Лукашэнкі з Пуціным пацяплелі. Цяпер паглядзім, што будзе далей”.

(Марціновіч: ) “Я думаю, адыграў ролю той факт, што затрыманыя расейцы прадстаўлялі апазыцыйныя Пуціну партыі і рухі. А ў Расеі стаўленьне да апазыцыі з боку ўлады амаль такое ж, як і ў Беларусі. Калі б у Менск прыехалі прадстаўнікі руху “Ідущие вместе” ці “Наши”, то ня думаю, што рэпрэсіі былі б такія жорсткія”.

(Карбалевіч: ) “Затрыманьне і пакараньне замежных грамадзянаў выклікала міжнародны скандал. У Маскве і Кіеве каля беларускіх амбасадаў адбываюцца акцыі пратэсту тамтэйшай дэмакратычнай грамадзкасьці. Што тычыцца афіцыйнай рэакцыі, то яна розная. Украінскае МЗС пратэстуе, вылучае пэўныя патрабаваньні. А расейскі амбасадар фактычна падтрымаў дзеяньні беларускіх уладаў. Як вы гэта пракамэнтуеце? Як гэты скандал можа паўплываць на пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі з Украінай і Расеяй?”

(Ігнацік: ) “Сапраўды, калі б гэтыя арганізацыі былі прапуцінскія, то, магчыма, расейская амбасада выказалася б больш жорстка. Хоць і цяпер расейскі віцэ-консул робіць усё, каб затрыманыя расейскія грамадзяне адчувалі сябе лепш у тых умовах, у якіх яны апынуліся. Але палітыка Расеі няпер скіраваная на збліжэньне зь беларускім рэжымам. І гэта не дазваляе накіраваць нейкую дыпляматычную ноту на адрас афіцыйнага Менску. А дыпляматы праводзяць той курс, які вызначаны ўрадам і прэзыдэнтам. Яны ня могуць рабіць нейкіх іншых захадаў. А ва Ўкраіне перамог дэмакратычны рэжым. І іх стаўленьне да палітыкі Беларусі іншае. І таму ўкраінскае МЗС будзе жорстка рэагаваць на палітычныя рэпрэсіі супраць украінскіх грамадзянаў у Беларусі”.

(Малышава: ) “Афіцыйнай пазыцыі я так і не пачула. Чыста па-чалавечы ў расейскай амбасадзе падтрымліваюць тое, што іх трэба хутчэй вызваліць, але афіцыйна яны ня могуць нічога сказаць. Што вырашылі ў Крамлі на гэтую тэму, я ня ведаю. Калі б гэта адбылося пяць гадоў таму, то, мусіць, за нас бы заступіўся б наш урад, наш прэзыдэнт. Цяпер яму няма сэнсу заступацца за нас. Яму патрэбна ўмацоўваць таталітарны вэктар улады. Таму душыць апазыцыю можна як у Расеі, так і за яе межамі”.

(Марціновіч: ) “Калі б тое, што адбылося цяпер з расейскімі грамадзянамі ў Менску, адбылося ня пяць гадоў таму, а нават месяц таму, афіцыйная рэакцыя Расеі была б іншай, больш жорсткай. Але цяпер, пасьля 4 красавіка, калі прэзыдэнты ў Сочы аб чымсьці дамовіліся, сытуацыя вось такая. Цяпер за кратамі ў Менску сядзяць расейскія журналісты, чаго не было з часу вядомай справы Шарамета. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі журналісты за асьвятленьне падзеяў, прафэсійную дзейнасьць атрымалі адміністрацыйнае пакараньне”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, барацьба беларускіх уладаў з прывідам каляровай рэвалюцыі набывае новыя формы і ўсё больш скіроўваецца супраць вонкавых пагрозаў. З пасланьня кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу на мінулым тыдні вынікае, што галоўную рэвалюцыйную небясьпеку Лукашэнка бачыць ад суседзяў: Літвы, Польшчы, Украіны. І вось новыя захады ўладаў супраць “аранжавай заразы”. Але ці там шукаюць пагрозы? Вядома, што любыя рэвалюцыі — вынік разьвіцьця ўнутраных чыньнікаў”.
XS
SM
MD
LG