Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнародным кінафэстывалі ў Празе паказалі фільм пра жыцьцё маладых у Беларусі


Аляксей Знаткевіч, Прага На Міжнародным фэстывалі фільмаў праваабарончай тэматыкі ў Празе адбылося некалькі паказаў нямецкага фільму, прысьвечанага жыцьцю маладых людзей у Беларусі. Фільм “89 мілімэтраў” – спроба высьветліць, што для маладых беларусаў значыць свабода.

89 мілімэтраў – гэта розьніца ў шырыні чыгуначных каляінаў у былым Савецкім Саюзе і ў краінах на захад ад яго. 26-гадовы рэжысэр фільму Сэбаст’ян Гайнцэль кажа пра свае першыя ўражаньні ад Беларусі.

(Гайнцэль: ) “Пераехаўшы празь мяжу паміж Польшчай і Беларусью, заехаўшы ў краіну пасьля зьмены колаў, я быў адразу шакаваны колькасьцю міліцыі. Гэтая паўсюдная прысутнасьцю міліцыі, а таксама тое, што мне апавядала большасьць людзей, у якіх я браў інтэрвію, паказвалі, што тут існуюць палітычныя рэпрэсіі. Але я таксама быў зьдзіўлены ў добрым сэнсе тым, што большасьць маладых людзей захоўвае пазытыўнае стаўленьне да жыцьця”.

У фільме “89 мілімэтраў” пра сваё жыцьцё і пра сваё разуменьне свабоды гавораць шасьцёра жыхароў Менску, найстарэйшаму зь якіх 25 гадоў. Аляксандар – адзін з актывістаў руху “Зубр”, за апазыцыйную дзейнасьць яго шмат разоў арыштоўвалі. Вольга скончыла Акадэмію мастацтваў, рыхтуецца да міжнароднага танцавальнага конкурсу і падзарабляе танцамі ў начным клюбе. Ігар толькі што скончыў службу ў войску і вырашыў ажаніцца. Людміла вучыцца на факультэце журналістыкі. Павал адседзеў больш за два гады ў турме за кватэрныя крадзяжы, і цяпер фарбуе будынкі. Слава, які раней быў міліцыянтам, жыве паміж Бэрлінам, куды эміграваў ягоны бацька, былы начальнік сьледчага ізалятара Алег Алкаеў, і Менскам, дзе застаецца ягоная жонка і дачка.

Героі фільму па рознаму выказваюцца пра палітычны рэжым у Беларусі. Да прыкладу, Ігар кажа, што ён не адчувае ніякай дыктатуры, бо можа без праблем езьдзіць на рыбалку і паляваць на качак.

(Ігар, запіс з фільму: ) “Я яшчэ занадта малады, каб тлумачыць палітыку. Не хачу туды лезьці, бо гэтая рэч зацягвае. Я больш люблю паляваньне”.

Астатнія гавораць больш крытычна, але пры гэтым па-рознаму бачаць свой шлях – ад адкрытай палітычнай барацьбы да сьвядомага пазьбяганьня палітыкі ці нават эміграцыі. Я запытаўся ў рэжысэра Сэбаст’яна Гайнцэля, якой ён сам пабачыў палітычную сытуацыю ў Беларусі.

(Гайнзэль: ) “Я не хацеў ехаць у Беларусь, каб сказаць, што маладыя людзі жывуць пад дыктатурай. Я хацеў даведацца, ці сапраўды гэта так. Мы глядзелі, ці ёсьць у іх жыцьці сьляды дыктатуры. І я пабачыў, што дыктатура сапраўды ёсьць. Мы пабачылі шмат дробных момантаў, якія пра гэта сьведчаць. Напрыклад, у фільме ёсьць сцэна, дзе брыгада маляроў тэрмінова фарбуе фасад будынку ў цэнтры Менску, бо назаўтра там мае праехаць прэзыдэнт”.

Стваральнікі фільму паспрабавалі адсачыць штодзённае жыцьцё сваіх герояў, што часам было няпроста зрабіць. Вось што расказаў прадусар фільму Штэфан Клос на сустрэчы зь гледачамі пасьля паказу стужкі ў праскім кінатэатры “Světozor”.

(Клос: ) “Фільм здымаўся без афіцыйнага дазволу. Гэта было адзінае выйсьце. Калі б мы зьвярнуліся па такі дазвол, было б дзьве магчымасьці -- альбо нас папросту не пусьцілі бы ў краіну, альбо са здымачнай групай была б нейкая афіцыйная асоба, якая б паказвала прыгожыя рэчы, якія можна здымаць. Таму Сэбаст''ян і апэратар хадзілі зь мінімумам абсталяваньня, каб выглядаць больш-менш як турысты. Калі яны пачалі здымаць у першы дзень, паставіўшы камэру на трыпод, іх адразу ж спыніла міліцыя, і ім сказалі што у цэнтры Менску ўвогуле забаронена здымаць. Фактычна гэта быў канец фільму. Тады яны вырашылі ўжываць толькі ручную камэру, здымаць хутка, каб іх можна было прыняць за турыстаў. Іх шмат разоў спынялі, але яны заўсёды казалі, што яны студэнты, якія вывучаюць архітэктуру і што яны робяць дыплёмную працу, прысьвечаную сталінскай архітэктуры Менску”.

На паказе фільму ў Празе былі і гледачы-беларусы. Вось меркаваньне Сяргея, які ўжо шэсьць гадоў працуе ў Чэхіі ў фірме, што займаецца інфармацыйнымі тэхналёгіямі.

(Сяргей: ) “Фільм атрымаўся вельмі сумны, я б сказаў. Бо асноўнае, што падкрэсьлена ў гэтым фільме -- гэта адсутнасьць усялякай надзеі ў тых, хто ў Беларусі жыве. Натуральна, ёсьць людзі, якіх не турбуюць такія далікатныя моманты жыцьця, гэта аматары паляваньня на качак, але астатнія неяк задумваюцца ці пра сваю будучыню, ці пра будучыню сваіх дзяцей і спрабуюць нешта ў гэтым жыцьці зьмяніць. Мне здаецца, што для людзей з Эўропы гэта вялікае дасягненьне -- зрабіць фільм без асабліва нэгатыўных рэчаў, але пры гэтым такі. Мне фільм спадабаўся, але хацелася б, каб такіх тэмаў для фільмаў ніколі не было".

Калега Сяргея, Вікторыя, кажа, што ў фільме ўсё ж зашмат нэгатыву.

(Вікторыя: ) “Я ганаруся тым, што я зь Беларусі. Але пасьля такога фільма мне здаецца, што больш паказалі цёмнага, чым сьветлага”.

Адзін з чэскіх гледачоў кажа, што фільм “89 мілімэтраў” паказвае ўнівэрсальныя рэчы, якія тычацца ня толькі Беларусі.

(Глядач: ) “Асабіста я думаю, што ў гэтым фільме вельмі добра было сказана, што свабода гэта адносная рэч. Там паказана, як шмат людзей задаволеныя тым узроўнем свабоды, які яны маюць. Напрыклад, і мая краіна не самая свабодная з усіх, але я асабіста задаволены тым узроўнем свабоды, які маю. Я думаю, што тое ж тычыцца многіх іншых чэхаў. тут шмат залежыць ад таго, чаго людзі чакаюць ад дзяржаўных структур. У гэтым сэнсе мне асабліва спадабалася апошняя частка фільму”.

На сустрэчы з гледачамі ў Празе прадусара фільму “89 мілімэтраў” Штэфана Клоса запыталі, ці магчыма паказаць гэтую стужку ў Беларусі.

(Клос: ) “Я думаю, цяпер сытуацыя выглядае так, што мы ня зможам паказаць гэты фільм у Беларусі ў найбліжэйшы год. Але я упэўнены, што мы здолеем яго паказаць. Я спадзяюся, што мы пакажам яго як мага хутчэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG