Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Эўразьвязу патрабуюць, каб Расея прызнала злачынствы СССР у Балтыі


Вольга Караткевіч, Прага Напружаныя дачыненьні паміж Расеяй і трыма балтыйскімі дзяржавамі могуць стаць праблемай для бесканфліктнага правядзеньня саміту "Эўразьвяз – Расея" 10-га траўня.

Дыпляматы гавораць, што дамовы пра межы паміж Расеяй, Эстоніяй і Латвіяй наўрад ці будуць падпісаныя ў часе саміту. Разам з тым вышэйшыя прадстаўнікі Эўразьвязу ўжо пачалі ціск на Расею, каб Масква прызнала злачынствы СССР перад краінамі Балтыі і папрасіла за гэтыя злачынствы прабачэньне.

Гюнтэр Фэргойген, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі, стаў найвышэйшым чыноўнікам Эўразьвязу, які заявіў, што Расея павінна выбачыцца за злачынствы Савецкага Саюзу. Выступаючы ў Таліне, Фэргойген паведаміў, што Расея абавязаная прызнаць факт незаконнай акупацыі Савецкім Саюзам балтыйскіх краінаў. Такое прызнаньне патрэбнае для далейшага разьвіцьця добрасуседзкіх дачыненьняў Крамля з Эўразьвязам.

Агенцтва "Франс-прэс", цытуючы Фэргойгена, адзначае, што Эўразьвяз хоча, каб яго стасункі з Расеяй будаваліся на праўдзе. “Канец ІІ усясьветнай вайны для краінаў Балтыі стаў пачаткам дыктатуры, парушэньня правоў чалавека, адмаўленьня ад дэмакратыі і самаідэнтыфікацыі”.

На мінулым тыдні расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў распад Савецкага Саюзу “найвялікшай геапалітычнай катастрофай мінулага стагодзьдзя”.

Эўракамісія дыстанцыянавалася ад заяваў Фэргойгена, разумеючы далікатнасьць пытаньня напярэдадні саміту "Расея-Эўразьвяз". Эма Удвін, прадстаўніца камісаркі ў пытаньнях міжнародных дачыненьняў Бэніты Фэрэры-Вальднэр сказала, што Эўрапейскі Зьвяз павінен глядзець хутчэй у будучыню, чым у мінулае.

Дацкі прэм’ер Андрэс Расмусэн заявіў, што Расея павінна прызнаць злачынствы савецкага рэжыму, нават калі сучаснае расейскае кіраўніцтва ня можа несьці за іх адказнасьці.

Гэтыя заявы ўхваліў Томас-Хэндрык Ілвэс, былы эстонскі міністар замежных справаў, цяпер віцэ-прэзыдэнт камітэту замежных дачыненьняў Эўрапарлямэнту.

(Ілвэс: ) “Я лічу, што адносіны паміж Эўразьвязам і Расеяй, заснаваныя на хлусьні, будуць пагаршацца. Пакуль праўда замоўчваецца, дачыненьні, пабудаваныя на няпраўдзе, пашкодзяць стасункам у самім Эўразьвязе”.

Лідэры трох балтыйскіх краінаў доўгі час дамагаюцца ад Масквы гістарычнай справядлівасьці. У адказ на адмову Расеі прызнаць свае абавязаньні прэзыдэнты Эстоніі і Літвы адмовіліся прыехаць у Расею на сьвяткаваньне 60-годзьдзя перамогі. Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга пагадзілася прыехаць, але таксама падтрымлівае кампанію ціску, каб Расея прызнала савецкія злачынствы.
XS
SM
MD
LG