Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За першыя сто дзён Віктара Юшчанкі ягоная папулярнасьць падвысілася


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня спаўняецца сто дзён з моманту інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Вядома, пра кардынальныя дасягненьні ў эканоміцы і сацыяльнай палітыцы за такі час казаць немагчыма. Але экспэрты і аналітыкі лічаць, што ўжо першыя сто дзён могуць выявіць, у які бок рухаецца дзяржава і наколькі прэзыдэнту ўдаецца выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні.

Галоўнае, што адзначаюць экспэрты, аналізуючы першыя сто дзён Юшчанкі, – гэта рэальная барацьба з карупцыяй. Новы прэзыдэнт зьмяніў кіраўніцтва на ўсіх узроўнях улады, пачынаючы ад міністэрстваў і закончваючы мясцовымі адміністрацыямі. Супраць некаторых чыноўнікаў з адміністрацыі Кучмы заведзены крымінальныя справы.

Уладзімір Горбач, экспэрт кіеўскага Інстытуту эўраатлянтычных дасьледаваньняў, адзначае, што папулярнасьць Віктара Юшчанкі павышаецца. У той жа час колькасьць тых, хто не давярае Юшчанку, памяншаецца. Калі ў мінулым верасьні такіх было 26 адсоткаў, дык цяпер – 21. Гэта зьвязана як з асобай Юшчанкі, так і з тымі стандартамі дэмакратыі, якія ён прынёс ва ўкраінскую палітыку.

Ст''юард Гэнсэл, экспэрт лёнданскага Эканамічнага дасьледчага цэнтру, заўважае, што Юшчанку ўдалося сабраць высокапрафэсійную каманду. Ён таксама лічыць, што самыя значныя дасягненьні Юшчанкі – ва ўсялякім разе, на сёньняшні дзень – палягаюць у сфэры замежнай палітыкі. 29 дзён – практычна траціну часу – прэзыдэнт правёў у замежных паездках, падчас якіх наведаў 12 краінаў і адназначна заявіў пра далучэньне Ўкраіны да Эўразьвязу і НАТО.

(Гэнсэл: ) “Я мяркую, што ён вельмі пазытыўна ўспрыняты ў Эўразьвязе і ў іншых заходніх арганізацыях, якія ўбачылі ў ім партнэра. Яму ўдалося сабраць каманду, якая возьме ў Брусэлі ад імя Ўкраіны пэўныя абавязкі перад Эўразьвязам. І гэта – адна з галоўных зьменаў, якая адбылася пасьля Кучмы”.

Ст''юард Гэнсэл, экспэрт лёнданскага Эканамічнага дасьледчага цэнтру, заўважае таксама, што Юшчанку ўдалося палепшыць адносіны з Расеяй, нягледзячы на тое, што Ўладзімір Пуцін падтрымліваў на выбарах Віктара Януковіча. Украіна спадзяецца, што Эўрапейскі Зьвяз надасьць ёй статус краіны з рынкавай эканомікай да чэрвеня, аднак некаторыя адміністрацыйныя меры супраць падвышэньня цэнаў на нафту не адпавядаюць законам рынку і ў канчатковым выніку наўрад ці могуць быць эфэктыўнымі.
XS
SM
MD
LG