Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сусьветны дзень свабоды прэсы ў Горадні ўпершыню ўручаны дыплём імя Ігара Герменчука “За адданасьць прынцыпам свабоды слова”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні ўпершыню адбылося выязное пасяджэньне праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў. У Сусьветны дзень свабоды друку дыплёмы БАЖа “За адданасьць прафэсіі” атрымалі чацьвёра гарадзенскіх журналістаў. І ўпершыню сёньня была ўручана ўзнагарода “За адданасьць прынцыпам свабоды слова” імя вядомага беларускага журналіста Ігара Герменчука. Яе атрымала галоўны рэдактар газэты “Биржа Информации” Алена Раўбецкая.

Дыплём імя галоўнага рэдактара газэты “Свабода” і часопіса “Кур’ер” Ігара Герменчука заснавалі супольна нарвэскія “Дом правоў чалавека” і Пэн-клюб. Гэта было зроблена напярэдадні, сам дыплём даставяць у Беларусь з Осла толькі заўтра, зазначыла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Ігар Гермянчук памёр тры гады таму — 29 красавіка 2002 году.

Алена Раўбецкая, атрымаўшы пакуль копію дыплёма, сказала, што яна вельмі шчасьлівая і што апраўданьне гэтаму яна бачыць у тым, што рэдакцыяй “Биржы Информации” была зроблена вялікая праца.

(Раўбецкая:) “Цераз сьцены “Биржы”, цераз яе сутнасьць, я не пабаюся гэтага слова, прайшлі дзесяткі маладых людзей, якія заразіліся прынцыпам свабоды слова. Яны цяпер не працуюць у газэце “Биржа Информации”, яны цяпер прыходзяць і чакаюць, калі зноў выйдзе друкаваная вэрсыя “Биржы”.

Газэта пакуль што не памерла, зазначыла Алена Раўбецкая. Цяпер выходзіць толькі інтэрнэт-вэрсыя выданьня, якую журналісты робяць бясплатна.

Старшыня БАЖ Жана Літвіна наступным чынам ацэньвае ўмовы, у якіх працуюць гарадзенскія журналісты:

(Літвіна:) “Гарадзенская зона — зона павышанай рызыкі для дзейнасьці журналістаў, і таму гэтая акцыя салідарнасьці, яна сёньня прайшла менавіта на Гарадзеншчыне, і ўзнагароды ўручаны ім — гарадзенскім журналістам. Бо сапраўды, калі знаёмісься з матэрыяламі нашага маніторынгу, то такога ціску на незалежную прэсу, на незалежных журналістаў, які адбываецца ў Гарадзенскай вобласьці, відаць, ва ўсёй краіне такога няма”.

А вось меркаваньне Літвіной наконт абранай кандыдатуры для ўзнагароджаньня дыплёмам імя Ігара Герменчука:

(Літвіна:) “Чаму менавіта Алена Раўбецкая? Я лічу яе мужным грамадзянскім учынкам публікацыю, зьвязаную з абвяшчэньнем аб правядзеньні леташняга рэфэрэндуму. Пасьля гэтага рэдакцыя шмат вытрымала: і прыпыненьне выхаду газэты, спробы на пікетах адстойваць свае правы. Праўленьне калегіяльна вырашыла, што менавіта Алена павінна быць узнагароджана першы раз гэтым дыплёмам”.

Дыплёмамі БАЖа “за адданасьць прафэсіі адзначаны супрацоўніца “Биржы Информации” Натальля Макушына, Алена Суравец з ”Новой газеты Сморгони”(яна не змагла прыехаць у Горадню), а таксама Андрэй Пачобут, які цяпер будзе рэдагаваць “Magazyn Polski”, і Андрэй Шантаровіч, які выдае у Ваўкавыску “Местную газету”.
XS
SM
MD
LG