Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Калінкавічах дзявяты дзень трымае галадоўку чарнобыльскі ліквідатар


Казімер Яноўскі, Калінкавічы Інвалід 2-й групы Васіль Сіліверст дамагаецца, каб прызналі, што ягоныя захворваньні ды інваліднасьць зьвязаныя з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Пра сваю галадоўку спадар Сіліверст пісьмова паінфармаваў галоўнага лекара Калінкавіцкага мэдычнага аб’яднаньня Аляксандра Шаўка ды вайсковы камісарыят. Апошні накіроўваў яго як афіцэра запасу ў Чарнобыль. Ніякіх адказаў з гэтых установаў галадоўнік пакуль не атрымаў.

(Сіліверст: ) “Прыходзіла толькі дні тры назад участковы лекар, і ўсё. Сама прыйшла і агледзела мяне. Паказала, якія таблеткі трэба прымаць. У мяне гэта ўсё ёсьць, вось я і знаходжуся дома”, — сказаў нашаму радыё Васіль Сіліверст.

Вайсковы камісар з Калінкавічаў палкоўнік Генадзь Галеня пацьвердзіў, што атрымаў ліст ад галадоўніка, афіцэра запасу спадара Сіліверста:

(Галеня: ) “Спрабуем вызначыцца зь ягоным пытаньнем і дапамагчы па лініі Міністэрства абароны. У мяне займаецца гэтай справай галоўны спэцыяліст”.

Галоўны лекар мэдычнага аб’яднаньня Аляксандар Шаўко заявіў наконт галадоўкі інваліда:

(Шаўко: ) “Я рэгулярна накіроўваю лекара, каб ён сачыў за здароўем Сіліверста. Чым я болей яму дапамагу?! Сузязі захворваньняў з Чарнобылем мы не ўстанаўліваем. Мы толькі вызначаем групы інваліднасьці”.

Спадар Шаўко лічыць: паколькі зьвязаць інваліднасьць Васіля Сіліверста з Чарнобылем адмовіўся рэспубліканскі экспэртны савет Міністэрства аховы здароўя, то і абскарджваць рашэньне трэба ў Менску. Хадайніцтваў наконт перагляду такіх рашэньняў мясцовыя мэдычныя органы не практыкуюць.
XS
SM
MD
LG