Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваныя грамадзяне Ўкраіны застануцца за кратамі


Любоў Лунёва, Менск Старшыня Менскага гарадзкога суду Міхаіл Ардзяка разгледзеў адміністрацыйныя справы арыштаваных за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка грамадзянаў Украіны. Усім арыштаваным прысуды пакінулі бязь зьменаў. За кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка застаюцца дэпутат мясцовай Рады Валынскай вобласьці і лідэр моладзевага руху “Нацыянальны альянс” Ігар Гузь і яго паплечнікі Андрэй Бокач, Аляксей Панасюк, Андрэй Грымалюк і Аляксей Мафлай. Міжнародная праваабарончая арганізацыя надала ім статус вязьняў сумленьня. Усе ўкраінцы адбываюць пакараньне ў адной камэры. Ужо тыдзень яны трымаюць галадоўку.

Старшыні суду Міхаілу Ардзяку спатрэбілася два дні, каб перагледзець адміністрацыйныя справы пяці ўкраінскіх грамадзянаў. 2 траўня консул украінскай амбасады Васіль Сэрдэга восем гадзінаў знаходзіўся ў гарадзкім судзе. Кожную гадзіну яму абяцалі, што хутка дадуць адказ. Але напрыканцы працоўнага дня старшыня суду паведаміў, што ў судзе вялікая нагрузка і ён не пасьпеў разгледзець справаў. Сёньня нарэшце ён азнаёміўся з пратаколамі і судовымі пастановамі.

Усе пяць прысудаў, а гэта арышты ад 9 да 15 сутак, засталіся бязь зьменаў. Адміністрацыя спэцпрыёмніка дазволіла консулу Васілю Сэрдэгу наведаць палітвязьняў, якія трымаюць галадоўку, і перадаць ім ваду і сок.

Супрацоўнікі амбасады спадзяваліся, што беларускія ўлады паставяцца да іх грамадзянаў так, як і да арыштаваных падчас акцыі расейцаў. Нагадаем, 26 красавіка разам з украінцамі амонаўцы затрымалі 14 грамадзянаў Расеі і каля двух дзясяткаў грамадзянаў Беларусі. Цэнтральны і Ленінскі суды арыштавалі 27 чалавек на тэрмін ад 5 да 15 сутак. 30 красавіка старшыня Менскага гарадзкога суду, нягледзячы на выходны дзень, перагледзеў справы расейцаў і скасаваў прысуды. Праз тры гадзіны вызваленыя грамадзяне Расеі на цягніку Берасьце—Масква пакінулі Беларусь.

Сябры “Маладога фронту” два дні пільнавалі сваіх арыштаваных паплечнікаў з “Нацыянальнага альянсу” ля сьценаў спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна і на вакзале. Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Двое сутак мы пільнавалі нашых сяброў з Украіны, каб іх не вывезьлі ў якой-небудзь машыне ці цягніку з тэрыторыі Беларусі. Дваццаць чалавек знаходзіліся на вакзале і пільнавалі ўсе цягнікі, якія адыходзілі ў бок Украіны. У нас знаходзіліся іх рэчы, і, зразумела, яны мусілі зь імі ехаць дадому. Калі мы цяпер даведаліся, што ім прыйдзецца сядзець поўны тэрмін, вырашылі, што правядзем шэраг акцыяў у падтрымку нашых палітвязьняў — як беларусаў, так і ўкраінцаў. Акцыі адбудуцца ў Беларусі і ва ўкраінскай сталіцы ля беларускай амбасады, якую будуць блякаваць сябры “Нацыянальнага альянсу” і “Маладога фронту”.

Маладафронтаўцы меркавалі, што іх сяброў могуць дэпартаваць. Цяпер гэтага не адбудзецца, бо паводле беларускага заканадаўства грамадзяне Ўкраіны Ігар Гузь, Андрэй Бокач, Аляксандар Мафлай, Аляксей Панасюк і Андрэй Грымалюк спачатку мусяць адбыць арышт. 5 траўня на волю выйдзе першы палітвязень Аляксей Панасюк. Пазьней за ўсіх выйдзе Андрэй Бокач. Яго арыштавалі на 15 сутак.

За кратамі спэцпрыёмніка застаюцца 8 беларусаў. Трое зь іх — Зьміцер Дашкевіч, Кірыл Шымановіч і Сяржук Высоцкі — трымаюць галадоўку. Намесьніка лідэра “Маладога фронту” Сержука Лісічонка з камэры адвезьлі ў інфэкцыйны шпіталь.
XS
SM
MD
LG