Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лінію Сталіна” ўзводзілі на касьцях салдатаў ранейшых войнаў?


Ігар Карней, Менск Аднаўленчыя працы на абарончым комплексе “лінія Сталіна” ў раёне Заслаўя часова прыпыненыя. Прычынай стала масавае пахаваньне, знойдзенае падчас аднаўленьня супрацьтанкавага рову. Ініцыятары праекту мяркуюць, што гэта могуць быць парэшткі салдатаў напалеонаўскай арміі, пра што сьведчаць знойдзеныя манэты францускай чаканкі ХІХ стагодзьдзя і фрагмэнты адзеньня таго часу. Між тым, часовае прыпыненьне працаў на тэрмінах адкрыцьця “лініі Сталіна” не адаб’ецца: на 9 траўня тут заплянавана ваенізаванае шоў з удзелам салдатаў беларускай арміі, пераапранутых чырвонаармейцамі і фашыстамі.

“Лінія Сталіна” ў складзе комплексу кулямётных дотаў, паўкапаніраў і артылерыйскага назіральнага пункту займае значную плошчу, і ў пэўным сэнсе тэатральна аформленая “парадная частка”, разьмешчаная наўпрост пры дарозе Менск—Маладэчна, цалкам гатовая да прыёму вэтэранаў. Менавіта яны стануць першымі наведнікамі “лініі Сталіна” 9 траўня. Уласна ж будаўнічыя працы прыпыненыя за “фасадам”. Адзін з кіраўнікоў праекту Аляксандар Базарнаў апавядае, што на адным з участкаў знойдзеныя дзясяткі парэшткаў чалавечых целаў. Цяпер высьвятляецца, каму яны маглі належаць. Адна з вэрсіяў — тут пахаваныя салдаты арміі Напалеона.

(Базарнаў: ) “Так, знайшлі парэшткі. Але казаць штосьці адназначна, без правядзеньня экспэртызы, мы ня можам. Гэта могуць быць парэшткі глыбока даваенныя. Маглі быць парэшткі абаронцаў умацавальнага раёну. Маглі быць парэшткі салдатаў, ці мала тут войскаў праходзіла? Магу сказаць, што знайшлі манэту 1812 году. Нават тыя ж салдаты, якія тут працуюць, разумеюць: на касьцях будаваць нельга. Таму парэшткі будуць эксгумаваныя, і будзе прынятае рашэньне перазахаваць іх у адпаведнасьці з рытуаламі, як і належна, калі яны будуць ідэнтыфікаваныя”.

Абарончая лінія на загад кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна пачала ўзводзіцца ў 1930-я гады на савецка-польскай мяжы — толькі ў ваколіцах Заслаўя было збудавана больш за 300 дотаў. Пасьля далучэньня да СССР Заходняй Беларусі дзяржаўная мяжа зьмясьцілася на некалькі соцень кілямэтраў на захад, і “лінія Сталіна” была закінутая. Запытваю ў спадара Базарнава: навошта запатрабавалася раскансэрвацыя аб’екту, які да перамогі ў другой усясьветнай вайне ня мае ніякага дачыненьня?

(Базарнаў: ) “Ну, прынялі такое рашэньне. Нападкі адразу ж пайшлі. Мы гэта прадбачылі ад пачатку: будуць нападкі, будуць абвінавачаньні ў сталінізьме, яшчэ ў чымсьці… Прычым тут сталінізм? Дзе ён тут? Гэта пласт нашай гісторыі, у тым ліку і беларускай, бо Беларусь уваходзіла ў склад СССР. Таму тут кавалак і агульнай савецкай гісторыі, і асобна гісторыі беларускай”.

9 траўня на “лініі Сталіна” адбудзецца тэатралізаваная дзея — інсцэніроўка бою савецкіх і нямецкіх войскаў. Тое, што гістарычнай праўды ў такой вольнай інтэрпрэтацыі няма, арганізатараў не бянтэжыць. Яны спасылаюцца на досьвед краінаў, якія таксама аднаўляюць абарончыя форты. Пра гэта апавядае галоўны кансультант на “лініі Сталіна” Ўладзімер Камінскі:

(Камінскі: ) “У Чэхіі падобныя збудаваньні ёсьць, у Славаччыне, палякі штосьці робяць. Але такіх вялікіх прыкладаў, натуральна, няма. Гэта збудаваньні ўзору 1936—1938 гадоў, умацаваньні, якія не зрабілі ніводнага стрэлу. Але яны таксама музэефікаваныя, людзі ганарацца сваім інжынэрным мастацтвам”.

Апроч адкрыцьця “лініі Сталіна”, Міністэрства абароны супольна з ідэалягічнымі падразьдзяленьнямі выканкамаў ладзяць у зьвязку з 60-годзьдзем Перамогі шмат іншых імпрэзаў. Самая маштабная дэманстрацыя вайсковай магутнасьці адбудзецца ў Менску, дзе галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Аляксандар Лукашэнка прыме парад з удзелам усіх родаў войскаў, пасьля чаго над цэнтрам сталіцы паляцяць самалёты ваеннай авіяцыі. У маштабнасьці крыху будуць саступаць мерапрыемствы ў Брэсцкай крэпасьці, куды “цягніком Перамогі” прыедуць некалькі соцень вэтэранаў з Расеі.
XS
SM
MD
LG