Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэнаў на рынку будаўніцтва жыльля ў Беларусі будзе працягвацца і надалей


Ганна Соусь, Менск У далейшым росьце цэнаў упэўненыя спэцыялісты Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і прадстаўнікі Менгарвыканкаму. Незалежныя экспэрты зьвязваюць рост цэнаў на жыльлё з інфляцыяй і абмежаванай сфэрай для інвэстыцыяў у Беларусі.

Летась у Беларусі было пабудавана 3,5 мільёна квадратных мэтраў жыльля, а сёлета ў краіне плянуецца ўзьвесьці 4 мільёны квадратных мэтраў. Пра гэта паведаміла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніца аддзелу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Тацяна Затурэнская. Нягледзячы на пашырэньне будаўніцтва, кошты на гэтым рынку працягваюць расьці. Гаворыць намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Вячаслаў Кушнер:

(Кушнер: ) “У нейкай ступені жыльлё падаражае. У ідэале гэта 27%. У даляравым эквіваленце яно, хутчэй за ўсё, будзе даражэць. Таму што даляр стаіць, а цэнаўтварэньне, зыходзячы з фактычных коштавых характарыстык прадукцыі прамыслова-тэхнічнага прызначэньня, расьце”.

Экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Яраслаў Раманчук гэтак тлумачыць прычыны росту цэнаў на жыльлё:

(Раманчук: ) “У Беларусі акрамя жыльля і будаўніцтва нерухомасьці няма іншых сфэраў інвэстыцыяў. Банкі, людзі накіроўваюць свае грашовыя патокі толькі ў сфэру будаўніцтва, і таму такі буйны попыт на жыльлё. Калі Нацыянальны банк павялічвае грашовую масу на 60% за год, то гэтыя грошы Нацыянальнага банку праз камэрцыйныя банкі трапляюць на рынак жыльля, а інфляцыя застаецца на ўзроўні 10—14% і не адлюстроўвае рэальных затратаў людзей на арганізацыю свайго жыцьця. Тое, што цэны такія высокія, то гэта таксама анамалія, калі ёсьць канкурэнтны рынак. Але паколькі будаўніцтва ў нас сфэра зарэгуляваная, то, безумоўна, адказнасьць за рост цэнаў на жыльлё нясуць органы і структуры, якія рэгулююць гэты рынак”.

Цяперашняя жыльлёвая палітыка беларускіх уладаў скіраваная ў асноўным на залучэньне пазабюджэтных сродкаў на будаўніцтва жыльля. Гаворыць прадстаўніца Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Тацяна Затурэнская:

(Затурэнская: ) “Калі раней 60—70% жыльля будавалася ў асноўным за кошт ільготных крэдытаў і разовых бязвыплатных субсыдыяў, то цяпер плянуецца ня больш за 30—40% пабудаваць з падтрымкай дзяржавы”.

У Менску ў чарзе на кватэру каля 160 тысяч чалавек, некаторыя зь іх стаяць у ёй ад 1985 году. Кошт аднаго квадратнага мэтра ў сталічнай кватэры на гэтак званым першасным рынку жыльля, цэны на якім рэгулюе дзяржава, летась склаў амаль 300 даляраў. Тады як камэрцыйны кошт жытла складае цяпер да 850 даляраў за квадратны мэтар.
XS
SM
MD
LG