Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цара Батуру памятае


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы"

Завітаў аднойчы ў прыдарожную краму і пачуў размову паміж падпітым дзядзькам у ватоўцы і ружовашчокай магазыншчыцай.

– Ці сьвежы, Іванаўна, хлеб? – пытаўся дзядзька.

– Сьвежы... цара Батуру помніць, – адказвала магазыншчыца.

Колькі было сказана й напісана пра адсутнасьць у нашага народу гістарычнай памяці. А на табе... Больш як чатыры стагодзьдзі прамінула, як ваяры Вялікага княства выгналі з Полаччыны маскавітаў, а народ і да сёньня згадвае таго, хто кіраваў пераможным войскам. Так што мы тут раўня брытанцам, якія, жадаючы падкрэсьліць задаўнасьць падзеі, кажуць: in Cromwell’s time. Ну, а нашыя ўсходнія суседзі ў такой сытуацыі абавязкова згадаюць цара Гароха. Зрэшты, фальклёрны цар гэты ўбіўся і ў беларускія фразэмы. Самая папулярная зь іх: пры цару Гароху, як людзей было троху. Ну а калі хочуць падкрэсьліць ня толькі даўнасьць часу, але й сумнеўнасьць таго, аб чым гаворка, кажуць: як сьвет гарэў ды саломаю тушылі, – альбо больш ляпідарна: за дзедам швэдам. Апошні выраз – відавочны адгалосак Паўночнай вайны.

У большасьці эўрапейскіх моваў мяжой, што аддзяляе нас ад пракаветнага часу, стаўся ўсясьветны патоп ды яшчэ чума, якая лютавала ў Сярэднявеччы. Так, у латыскай мове слову дапатопны ёсьць свой адпаведнік: tas vel no mera laikem, што значыць ‘яшчэ дачумнай парою’. Ну а ў нас на Полаччыне, памацаўшы чэрствы бохан, з дасьціпным гумарам кажуць: цара Батуру памятае.
XS
SM
MD
LG