Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла ў лік паўсотні краінаў, дзе сыстэматычна парушаюцца аўтарскія правы


Ігар Карней, Менск Паўсотні краінаў сьвету застаецца ў “чорным сьпісе” дзяржаваў, за якімі вядзецца назіраньне з-за сыстэматычнага парушэньня імі правоў інтэлектуальнай уласнасьці. Гэтая статыстыка апублікаваная на падставе дакладу ўпраўленьня гандлёвых перамоваў пры прэзыдэнце ЗША. Наш карэспандэнт высьвятляў, за якія парушэньні значыцца ў сьпісе Беларусь.

Ці можна сказаць, што Беларусь трапляе ў лік “злосных” парушальнікаў? Канстатаваць так катэгарычна не выпадае, паколькі 52 краіны, за якімі вядзецца назіраньне ў справе парушэньня правоў інтэлектуальнай уласнасьці, падзеленыя на тры катэгорыі: галоўныя парушальнікі (у ліку якіх, дарэчы, Украіна) аднесеныя да першай катэгорыі; другая ахоплівае паўтара дзесяткі менш сур’ёзных парушальнікаў, сярод якіх – Расея. У трэцяй групе краіны, сярод якіх Літва, Латвія, а таксама практычна ўсе краіны СНД, уключна зь Беларусьсю.

Таму пазыцыя Беларусі ў гэтым сэнсе ня горшая за астатніх, але патрабаваньні да ўладаў адназначныя: беларускі закон аб ахове аўтарскіх правоў мае патрэбу ў дапрацоўцы дзеля поўнай адпаведнасьці міжнароднаму заканадаўству.

Адзін са спэцыялістаў у галіне аўтарскага права, юрыст Андрэй Лучанок, кажа, што гэтае пажаданьне адрасаванае, перадусім, органу, які ў Беларусі акумулюе зьвесткі, зьвязаныя з інтэлектуальнай уласнасьцю.

(Лучанок: ) “Калектыўнае кіраваньне правамі ў Беларусі ажыцьцяўляе Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасьці. Гэта, перадусім, песенны жанр: аўтары тэкстаў і музыкі, вялікія формы твораў, як балет, опэра, спэктаклі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і аўтары навуковых артыкулаў. У кампэтэнцыі прадпрыемства – палітыка ў галіне аўтарскага і сумежных правоў: міжнародныя пагадненьні і сачэньне за тым, каб нашае ўнутрыдзяржаўнае заканадаўства адпавядала міжнародным прынцыпам, не супярэчыла нормам міжнародных пагадненьняў”.

Прэтэнзіі да Беларусі – падобныя, як і да ўсіх парушальнікаў у гэтай сфэры, але ў дадзеным выпадку ўсё залежыць ад маштабаў злоўжываньняў. Тут, перадусім, недастатковая абарона гукавых запісаў і раней надрукаваных мастацкіх і навуковых працаў. Прасьцей кажучы – у краіне квітнее “пірацтва”. І шмат хто лічыць, што аўдыё- ды відэапірацтва спыніць ня ўдасца да таго часу, пакуль будзе існаваць празрыстая мяжа з Расеяй.

Дзякуючы высілкам асобных людзей і арганізацый шэраг правапарушэньняў пашыраецца. Пра нядаўнія захады апавядае драматург Мікалай Халезін:

(Халезін: ) “У 2004 годзе на зьезьдзе ўсіх гільдый драматургаў у Маскве было узьнятае пытаньне аб аўтарскіх правах у Беларусі. Ужо тады востра паўстала пытаньне, што беларускія тэатры вельмі часта не выконваюць аўтарскія правы драматургаў. Гэта тычыцца ня толькі драматургаў маладых, але і знакамітых. Таму на штогадовых эўрапейскіх тэатральных нефармальных сустрэчах быў напісаны адпаведны ліст на адрас беларускага міністра культуры Гулякі”.

Ліст, дарэчы, так і застаўся без адказу. Тым ня меней, адной з санкцый за злоўжываньні можа стацца забарона на гастролі беларускіх тэатраў за мяжой.

Варта сказаць, што набыткам галоснасьці робяцца далёка ня ўсе факты аўтарскіх спрэчак – збольшага, таму, што маюць яны не міжнародны, а больш лякальны характар. Адзін з найбольш гучных скандалаў мінулага году – аўтарства “Сказу пра Лысую гару”, якое нечакана пачалі аспрэчваць паэты Мікола Аўрамчык і Ніл Гілевіч. І праз год, падаецца, кожны застаецца пры сваім. Гаворыць Мікола Аўрамчык:

(Аўрамчык: ) “Канечне, каб мы дзесьці выйшлі, ды людзі там былі, няхай сабе і далекавата адзін ад аднаго сталі, але прылюдна расказалі б, як ўсё было. Я апавёў бы, ён апавёў. І няхай усе параўнаюць – што ён раскажа, і што я раскажу. Але мне, старому чалавеку, з усім гэтым вазіцца не выпадае”.

Яшчэ адзін беспрэцэдэнтны для ўсясьветнай практыкі прыклад зьвязаны з гісторыяй вакол ансамблю “Песьняры”. Сапраўды, мала прыкладаў, калі пад адной шыльдай амаль паралельнымі курсамі гастралюе пяць ансамбляў. Нядаўна ў Маскве зарэгістраванае ТАА “Песьняры”, зь якім, як ні дзіўна, у шчыльным кантакце музыкі афіцыйных “Песьняроў”. Дагэтуль такое сяброўства не атрымалася ў Лявона Барткевіча. Пра ўзаконенае клянаваньне “Песьняроў” – новы кіраўнік ансамблю Вячаслаў Шарапаў:

(Шарапаў: ) “Хутчэй за ўсё, ТАА “Песьняры” будзе пераўтворанае ў прадусарскі цэнтар, у якім мы будзем браць самы непасрэдны ўдзел. Можа, ён такі і будзе называцца – прадусарскі цэнт “Песьняры”. У любым выпадку, у нас там зьявіліся вельмі прыстойныя сябры, якія, у прынцыпе, распачыналі там усю гэтую справу. Яны проста своечасова зразумелі, з кім зьвязаліся”.

Ня гледзячы на тое, што даклад у справе абароны інтэлектуальнай уласнасьці носіць рэкамэндацыйны характар, статус сыстэматычных парушальнікаў ў гэтай сфэры накладае адпаведны адбітак.
XS
SM
MD
LG