Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтыцыя вайсковага параду мірных жыхароў Менску не натхняе


Іна Студзінская, Менск У сталіцы поўным ходам ідзе падрыхтоўка да ваеннага параду. Амаль два месяцы вайскоўцы шпацыравалі на пляцы, магутныя баявыя машыны і комплексы трэніраваліся на палігонах. Але цяпер танкі, БТРы, БМП па начах рэпэтыруюць у цэнтры сталіцы. Калі адбудзецца парад, дзе пройдуць войскі, і як да рэпэтыцыяў параду ставяцца менчукі, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Першапачаткова Міністэрства абароны плянавала, што парад адбудзецца 8 траўня – быццам бы 9 траўня Аляксандар Лукашэнка будзе на сьвяткаваньнях у Маскве. Але цяпер вайскоўцы рыхтуюцца прадэманстраваць магутнасьць Узброеных Сілаў менавіта 9 траўня. 8-га кіраўнік дзяржавы ў Маскве возьме ўдзел у нефармальным саміце СНД. Потым паляціць у Менск, каб раніцай 9 траўня прыняць парад, а пасьля яго зноў вернецца ў Маскву на працяг сьвяткаваньняў.

Як і ў мінулым годзе, сёлета парад пройдзе па вуліцы Іерусалімскай (плошча Незалежнасьці дагэтуль перакапаная). Удзельнічаць у ім будуць больш за 200 адзінак баявой тэхнікі, 40 самалётаў, верталётаў, больш за 3 тысячы вайскоўцаў. Менчукі, што жывуць у цэнтры, ужо мелі магчымасьць назіраць, як гэта будзе выглядаць: толькі што прайшла генэральная рэпэтыцыя параду. Вось як адрэагавалі на яе менчукі:

(Спадарыня: ) “Я ўвечары працавала, і раптам пачаліся нейкія выбухі. Стала жудасна: ці то нейкі наступ на горад, ці што... Гук быў такі моцны, яшчэ завыла сыгналізацыя, сабакі забрахалі. Спачатку мяне ахапіў пэўны жах. Потым я ўзгадала, што ідзе рэпэтыцыя параду. А тут яшчэ мае знаёмыя, якія павінны былі даехаць за мной, ніяк не маглі да мяне дабрацца, таму што, аказваецца, горад быў увесь перакрыты. Карацей, вечар быў цалкам сапсаваны”.

(Спадар: ) “Ну як можна ставіцца? Калі прайсьці нельга, бразгацяць па вуліцах, людзей мірных не пускаюць. Выбралі б сабе поле за Менскам, намалявалі б сабе ўсе свае дарогі і хай бы маршыравалі, колькі ім трэба, і тэхніку ганялі б туды. Гэта колькі ж паліва выпалілі ўжо!”

(Спадарыня: ) “Увесь цэнтар гораду перакрылі, дадому з працы не дабрацца, стаіш у корках. Увечары пачалі страляць. Калі дзеці паляглі спаць, раздаліся гэтыя гучныя стрэлы, дзяцей пабудзілі, машыны за вокналі завылі – спрацавала сыгналізацыя. Карацей, поўная бязглузьдзіца”.

Сапраўды, нязручнасьцяў было шмат – і для аўтамабілістаў, і для пешаходаў. Прычым, пэўнасьці нават па руху пасажырскага транспарту падчас рэпэтыцыяў няма. Начальнік Упраўленьня арганізацыі перавозак “Мінсктрансу” Віктар Тозік скардзіцца, што кожны дзень атрымлівае новыя ўказаньні наконт рэпэтыцыяў і перакрыцьця руху.

А чаму абавязкова рэпэтыцыі трэба рабіць ў горадзе, што, нельга, як, дарэчы, прапаноўваў ваш суразмоўца, выбраць палігон за горадам і трэніравацца? Гэтае ж пытаньне я задала чалавеку, які за сваё жыцьцё ўдзельнічаў больш чым у 20 парадах – палкоўніку ў адстаўцы, вэтэрану Вялікай Айчыннай Івану Кобецу. Вось што ён адказаў:

(Кобец: ) “Рэпэтыцыя рэпэтыцыі розьніца. У 120-й дывізіі, да прыкладу, ёсьць месца для трэніровак. Але тут трэба прайсьці ўсё ж такі па месцы, дзе будзе сам парад. Каб кожны арыентаваўся, сам адчуў, вызначыў сваё месца руху, свой погляд”.

Магчыма, для некага ваенны парад, дэманстрацыя магутнасьці, зладжанасьці дзеяньняў вайскоўцаў, сучасная баявая тэхніка – шыкоўнае захапляльнае відовішча. Але звычайныя людзі ставяцца да ўсяго гэтага даволі скептычна:

(Спадарыня: ) “Мяне гэта ўражвае вельмі-вельмі не па-добраму. Таму што мы – нармальная, міралюбівая краіна, а тут нейкая мілітарызацыя ідзе. Апошнія выказваньні прэзыдэнта нейкія мілітарыстычныя. І яшчэ гэтыя рэпэтыцыі, якія дэманструюць нейкую гатоўнасьць процістаяць невядома каму – гэта неяк сумна”.

Колькі яшчэ такіх рэпэтыцыяў параду будзе? Кантрольная адбудзецца 6 траўня (таксама ўвечары і ўначы). Але зь сёньняшняга дня пачынаюцца яшчэ трэніроўкі паветранага эшалёну над горадам (да гэтага яны трэніраваліся ў Мачулішчах). А гэта больш за 40 адзінак тэхнікі Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, ДОСААФ – верталёты Мі-8, Мі-24, штурмавікі і зьнішчальнікі СУ-24, МіГ-29, ваенна-транспартны самалёт ІЛ-76. Так што гораду не да спакою...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG