Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першым ляўрэатам дыплёму “За адданасьць прынцыпам свабоды слова” імя Ігара Гермянчука стала гарадзенская журналістка Алена Раўбецкая


Альгерд Невяроўскі, Менск 3 траўня – Усясьветны дзень свабоды друку. Дэлегацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў сёньня наведае Горадню – цэнтар вобласьці, недзяржаўныя мэдыі якой апошнім часам найбольш пацярпелі ад ціску ўладаў. У Горадні адбудзецца сустрэча з супрацоўнікамі мясцовых рэдакцый пад назваю “Гарадзенская зона – тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў”.

Дэлегацыя БАЖу ладзіць сёньня сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых дэмакратычных выданьняў пад назваю “Гарадзенская зона – тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў”. Справа ў тым, што недзяржаўныя мэдыі рэгіёну апошнім часам найбольш пацярпелі ад ціску й перасьледу ўладаў. Нагадаю: некалькі год таму былі пакараныя абмежаваньнем волі рэадактар і карэспандэнт газэты "Пагоня" Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка.

У мінулым годзе за публікацыі ў незалежным бюлетэні, якія паводле прысуду "абразілі годнасьць прэзыдэнта", Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў былі асуджаныя на 2 гады пазбаўленьня волі. Некалькі разоў па розных прычынах перапыняўся выхад “Новай газэты Смаргоні”, што прывяло да закрыцьця выданьня. “Местная газета” з Ваўкавыску таксама знаходзілася пад забаронай некалькі месяцаў, а яе лідэр Андрэй Шантаровіч на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў нават абвясьціў галадоўку. Прыпыняўся таксама выхад гарадзенскай рэгіянальнай газэты “Біржа інфармацыі”, а галоўная рэдактарка Алена Раўбецкая за крытычны артыкул была аштрафаваная на 1 мільён 350 тысячаў рублёў. Карэспандэнт інтэрнэт-сайту “Пагоня” Андрэй Пачобут за асьвятленьне страйку прадпрымальнікаў асуджаны на 10 сутак арышту.

Пра ўсе гэтыя факты гаворыцца ў адмысловай заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, прымеркаванай да Ўсясьветнага дня свабоды друку.

У Горадні будзе ўручаны і дыплём “За адданасьць прынцыпам свабоды слова” імя Ігара Гермянчука – вядомага арганізатара незалежнага друку краіны, які заўчасна памёр 3 гады таму. Дыплём заснавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, нарвэскі ПЭН-цэнтар і праваабарончая арганізацыя Human Rights House. Яе першым ляўрэатам стала галоўная рэдактарка гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі” Алена Раўбецкая.

Як незалежныя беларускія экспэрты ацэньваюць сёньняшняе становішча недзяржаўных СМІ ў іншых рэгіёнах краіны? Яны называюць яго надзвычай цяжкім, да таго ж, яно ўвесь час пагаршаецца. Вось меркаваньне намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца:

(Бастунец: ) “Становішча са свабодай друку пагаршаецца. І пагаршаецца як у цэнтры, так і ў рэгіёнах. Мы ўсе зьвесткі абагульнілі ў справаздачы “Аб свабодзе СМІ ў 2004 годзе”, і гэты наш дакумэнт атрымаўся так недзе ў тры разы большым, чым у папярэднія гады. І гэта само па сабе паказальна”.

Галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч гаворыць, што цяпер становіцца актуальнай нават пагроза жыцьцю супрацоўнікаў незалежных выданьняў:

(Старыкевіч: ) “Першае і самае істотнае, што б я адзначыў – гэта сумная падзея, забойства Веранікі Чаркасавай. Калі раней улады сьцьвярджалі, што Беларусь гэта краіна, у якой журналістаў не забіваюць, хаця з улікам лёсу Зьмітра Завадзкага гэта ўжо выглядала непраўдзівым, то пасьля 20 кастрычніка мінулага году такія заявы проста не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

Ніхто з маіх суразмоўцаў не спадзяецца, што сёлета стан свабоды слова ў Беларусі зьменіцца да лепшага.

Тым часам улады сёньня адкрываюць у Менску міжнародную спэцыялізаваную выставу “СМІ ў Беларусі”. Ніводнае з дэмакратычных выданьняў запрашэньне ўзяць у ёй удзел не атрымала.

На здымку: Алена Раўбецкая (фота photo.promedia.by)
XS
SM
MD
LG