Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Freedom House": "Улады ў Беларусі ўзмацняюць кантроль за сродкамі масавай інфармацыі"


Ул. інф. "Улады ў Беларусі ўзмацняюць кантроль за сродкамі масавай інфармацыі" – пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе амэрыканскай праваабарончай арганізацыі "Freedom House", які апублікаваны 28 красавіка, паведамляе агенцтва БелаПАН.

Даклад зьмяшчае аналіз сытуацыі са свабодай прэсы ў 194 краінах сьвету, зь якіх 75 маюць статус "свабодных", 50 – "адносна свабодных" і 69 краінаў зьяўляюцца "несвабоднымі". Агульная выснова даклада за 2004 год палягае ў тым, што друк у сьвеце стаў "менш свабодным". Беларусь у рэйтынгу "Freedom House" займае 185-е месца і мае статус краіны зь "несвабодным друкам".

"Дзяржава выкарыстала закон аб СМІ для прыпыненьня дзейнасьці больш чым 25 газэтаў на працягу года, выпуск 11 з іх быў прыпынены за месяц да рэфэрэндуму. У дзень рэфэрэндуму на выбарчых участках былі затрыманыя журналісты", зазначана ў дакладзе праваабарончай арганізацыі. У ім таксама згадваецца забойства журналісткі газэты "Солидарность" Веранікі Чаркасавай.

"Незалежная і прыватная прэса актыўная і прапаноўвае разнастайныя і крытычныя пункты гледжаньня, але многія журналісты баяцца пісаць праўду з-за ўзмоцненых нападак уладаў на незалежныя СМІ", падкрэсьліваецца ў дакладзе "Freedom House". Фінляндыя, Ісьляндыя, Швэцыя, Данія названы ў дакладзе краінамі з самай свабоднай прэсай. Гватэмала, Ліван і Ўкраіна за год зьмянілі "несвабодны" статус на "адносна свабодны". Апошнія месцы ў рэйтынгу займаюць М''янма, Куба, Лівія, Паўночная Карэя і Туркмэністан. Аднолькавую колькасьць набраных балаў зь Беларусьсю мае Судан.
XS
SM
MD
LG