Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманаму ў Менску актывісту гомельскага "Лімону" прысудзілі два дні арышту


Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў два дні адміністрацыйнага арышту актывісту гомельскай моладзевай арганізацыі “Лімон” Сяргею Сямёнаву. 1 траўня Сяргей Сямёнаў зьбіраўся ўзяць удзел у акцыі, якую наладзілі ў цэнтры Менску ягоныя паплечнікі, але да месца правядзеньня акцыі ён не даехаў.

Фармальна актывіста гомельскай моладзевай арганізацыі “Лімон” Сяргея Сямёнава пакаралі за тое, што ён нібыта лаяўся ў грамадзкім месцы. Між тым ён сьцьвярджае, што у момант затрыманьня мірна сядзеў у “Сямейнай кавярні”, якая знаходзіцца побач з трактарным заводам, і чакаў, пакуль афіцыянт прынясе абед.

(Сямёнаў: ) “Заказаў салянку і манты. А да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным, назваліся міліцыянтамі і заявілі, што мусяць мяне затрымаць. Паесьці так і не далі, колькі не прасіў. Толькі праз 10 хвілінаў яны назвалі свае прозьвішчы, а чаму затрымліваюць, гэтак і не патлумачылі. Пазьней з размовы я зразумеў, што мяне прадставілі ледзь не тэрарыстам”.

Сяргей Сямёнаў – добра вядомы ў Гомелі актывіст моладзевай арганізацыі “Лімон”. Гэтая арганізацыя праз публічныя акцыі высьмейвае недарэчныя дзеяньні беларускіх ўладаў. 1 траўня актывісты “Лімону” вырашылі адзначыцца і ў Менску. Разам з актывістамі менскай арганізацыі “Трэці шлях” яны плянавалі наладзіць ў сталічным парку імя Горкага раздачу лімонных цукерак, быццам зараджаных сілай кіраўніка Беларусі.

Сяргей Сямёнаў прыехаў у Менск напярэдадні, 30 красавіка. У кавярні была прызначаная сустрэча з актывістамі “Трэцяга шляху”. Гэтай сустрэчы і перашкодзіла раптоўнае затрыманьне Сямёнава. Пасьля ў Ленінскім райаддзеле міліцыі на яго склалі пратакол быццам за хуліганства і адправілі ў ізалятар на вуліцу Акрэсьціна.

У ізалятары суседзямі Сямёнава былі ўкраінцы, якіх пакаралі за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. Як і ўкраінцы, Сяргей Сямёнаў трымаў галадоўку, пакутаваў ад начнога холаду і недахопу паветра ў цеснай камэры. Пасьля суду ён заявіў, што сёлетні Вялікдзень запомніць на ўсё жыцьцё. Па вяртаньні ў Гомель юнак зьбіраецца аспрэчыць прысуд, які вынесла яму судзьдзя Зінаіда Красоўская.

Актывістка арганізацыі “Лімон” Юля Сівец гэтак пракамэнтавала затрыманьне Сяргея Сямёнава:

(Сівец: ) “Улады баяцца. Сямёнаў прыехаў рабіць ў нядзелю акцыю, прычым акцыю бязьвінную: раздаваць лімонныя цукеркі, якія быццам зарадзіў прэзыдэнт, і казаць, што вось, зьясьце і будзеце такімі ж усемагутнымі, як ён. А ўлады забаяліся, што ён будзе каардынатарам акцыі. А нам у Гомелі, калі нас затрымлівалі на падобнай акцыі, па сакрэту міліцыянт патлумачыў, што нас ужо запісалі ў рэвалюцыянэры і ўсе падобныя акцыі будуць разглядаць як правакацыі”.

У менскай міліцыі ніяк не пракамэнтавалі затрыманьне актывіста моладзевай арганізацыі з Гомеля. Сёньня ў сярэдзіне дня Сяргей Сямёнаў нават не лічыўся ў сьпісах затрыманых.
XS
SM
MD
LG