Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Моладзь, перш за ўсё, трэба адукоўваць... А ўдзел у вулічных акцыях – гэта апошняя стадыя"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 2 траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

Спадар: ) “Ужо даўно вядома, што на Беларусі загінуў кожны чацьверты. А вось учора Лукашэнка заяўляе, што кожны трэці загінуў. Дык гэта ж хлусьня! І яшчэ адзін хлопец, які быў партызанам, казаў, што на Беларусі не было такога партызанскага руху, як раздувае прапаганда. А Лукашэнка заяўляе, што партызаны зьнішчылі 500 тысяч немцаў. Гэта ж сусьветная хлусьня! Чалавек называе сябе гісторыкам, а зь гісторыі зусім нічога ня ведае”.

(Спадар: ) “Віншую вас са сьвятам Вялікдня! Жадаю вам посьпехаў у вашай працы! І хацелася, каб у вас акрамя палітыкі, гучалі якія-небудзь цікавыя перадачы. Можа, ёсьць штосьці новае пра Бэрмудзкі трохкутнік, пра НЛА і г.д?”

(Пятро Міхайлавіч: ) “Шаноўныя супрацоўнікі Радыё Свабода! Мяне вельмі ўзрушылі словы барда Віктара Шалкевіча наконт, так бы мовіць, зваротнай сувязі. Я далучаюся да шаноўнай спадарыні, якая выказала словы падзякі Віктару Шалкевічу за яго творчасьць. Ад сябе хачу дадаць наступнае.

Калі б песьні Віктара Шалкевіча ды іншых сьпевакоў, чыя творчасьць фактычна забароненая на Беларусі, бо не гучыць па афіцыйнаму радыё, гучалі кожны дзень, і кожны дзень іх маглі слухаць усе беларусы, дык існуючы рэжым ужо б даўно не існаваў. Бо, на маю думку, словы песьняра маюць магічную здольнасьць узьдзейнічаць на душы людзей, на іх сумленьне, абуджаць гэтае сумленьне, уздымаць дух людзей.

На вялікі жаль, зрэдку выпадае пачуць на Свабодзе песьні ў выкананьні вядомых беларускіх сьпевакоў, робячы для беларускай справы сваёй творчасьцю больш, чым якая апазыцыя. Слухаючы сьпевы Віктара Шалкевіча з сумам думаў, што гэтае чароўнае імгненьне нельга паўтарыць. Я тройчы паслухаў перадачы зь яго ўдзелам. І гэтае ўражаньне толькі ўзмацнілася. Было балюча за Беларусь, за сябе. Парайце, дзе набыць запісы са сьпевамі Віктара Шалкевіча ды іншых сапраўды беларускіх сьпевакоў?”

(Спадарыня: ) “Арыштавалі расейскіх і ўкраінскіх маладых людзей. Правільна зрабілі! Непатрэбна лезьці ў чужыя справы! У нас хопіць сваіх бунтароў. Свабода, карацей кажучы, бэнээфаўцы, толькі і робяць, што бунтуюць народ. Народ бы спакойна жыў, каб не яны. І сёньня сьвята, вялікае сьвята, а яны цэлую раніцу толькі і крытыкуюць. Няма нічога ў іх чалавечага!”

(Спадар: ) “Са сьвятам вас! Ёсьць добрая песьня: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць.” Яна вельмі добрая, але тэкст яе састарэў. Сёньня мала ў розных краях пабываць, каб любіць Беларусь, трэба змагацца за яе. І трэба, каб людзі аб’ядноўваліся ў змаганьні за незалежнасьць краіны. І таму я хацеў бы зьвярнуцца да паэтаў і музыкаў, каб яны зрабілі, мо, лепшую песьню, альбо дарабілі гэтую”.

(Мікола Саскевіч: ) “Слухаў перадачу “Сымбаль веры”. Я ня згодны з выказваньнямі праваслаўных. Хачу сказаць яшчэ і яшчэ раз, што лепшая вера на зямлі – каталіцкая, што ў перакладзе сусьветная вера, самая лепшая вера! Уся хрысьціянская вера пайшла з Рыма, і ўсе дарогі ідуць у Рым!”

(Лявон Цімохін: ) “Хрыстос уваскрос! Сёньня Дзень уваскрэсеньня Хрыстова. Дзякуй вам за сустрэчу з Хрысьцінай Лялько і часопісам “Нашая вера”. Дазвольце павіншаваць калектыў гэтага часопіса”.

(Спадар: ) “Абураны неаднаразовымі здрадніцкім паводзінамі спадара Лябедзькі і іншых лідэраў! Чаму ад акцыі да акцыі нашыя дзеці і ўнукі ідуць пад дубінкі АМОНу, а Лябедзька і іншыя лідэры хаваюцца ў кустах? Чаму на сьвята нашыя дзеці і ўнукі сядзяць на Акрэсьціна, а яны сядзяць за сьвяточным сталом? Чаму на Дзень Перамогі яны будуць працягваць сядзець на Акрэсьціна, а спадар Лябедзька паедзе на сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША ў Тбілісі? І Юшчанка, і прэзыдэнт Грузіі ішлі наперадзе сваіх паплечнікаў, а нашыя ідуць у кустах! А пасьля гэтага яшчэ пра нешта кажуць. Абураны да мяжы!”

(Спадар: ) “Вось глядзеў расейскае тэлебачаньне. Дык там нейкія патрыёты крычалі, што славянства трэба бараніць і г.д. Трэба запытаць: а хто зьнішчае беларускае славянства? Хто пагражае беларускаму славянству? Хай патрыёты і філёзафы адкажуць. Каму не падабаецца беларускае славянства? Пра гэта трэба казаць, бо ў вашых перадачах ня шмат на гэтую тэму гаворыцца”.

(Слухач: ) “За апошні час наш дэмакратычны рух усё нешта расколваецца на нейкія групоўкі, на розныя партыі. У чым справа? Каб раскалоць партыю, трэба натравіць аднаго на другога і праводзіць такую палітыку сэктанцтва. Хацелася, каб на тэму сэктанцтва нашыя палітолягі пагаварылі. Мне здаецца, што яно ўкараняецца спэцслужбамі ў наш дэмакратычны рух”.

(Спадар: ) “Хацелася б пачуць камэнтар Радыё Свабода: няўжо чэскі дыплямат займаўся падобнымі гадасьцямі, пэдафіліяй і спайваньнем непаўнагадовых, як пра гэта кажа наша афіцыйны канал? А таксама што там з амэрыканскім амбасадарам і той авантурай, пра якую так актыўна заяўляў наш спадар Лукашэнка?

Наконт вашага апытаньня. Відавочна, Беларусы ўвогуле не павінны жыць на гэтай тэрыторыі і весьці нейкую сельска-гаспадарчую дзейнасьць. А тое сельскае насельніцтва, якое там жыве, павінна, па магчымасьці, быць вывезена. І выглядае абсурдам стварэньне аграмаднай колькасьці тых самых гарадкоў, пра якія сёньня заяўляе ўлада. Я думаю, там трэба актыўна працаваць не калгасьнікам, а вучоным, таму ж Івану Філімоненку, славутаму расейскаму вучонаму, які распрацаваў унікальную сыстэму па ачыстцы заражаных радыёнуклідамі тэрыторыяў, вучонаму, які сёньня падмятае вуліцу, адседжвае свой, зусім невядома за што, тэрмін. Чарнобыль – гэта катастрофа, якую мы будзем мець бліжэйшыя 50 гадоў, як мінімум”.

(Слухач: ) “Калі наш прэзыдэнт так хоча, каб нашыя сяляне жылі на забруджаных тэрыторыях, чаму б яму самому не перасяліцца разам са сваёй рэзыдэнцыяй у гэты раён і не пачаць там сур’ёзна працаваць? Альбо хаця б паслаць туды пажыць сваю сям’ю, дзе сапраўды кожны дзіцёнак нараджаецца зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі, і дзе шмат народу памірае, а моладзь бяжыць куды-небудзь падалей і імкнецца застацца ў Менску ці паўночных рэгіёнах. Ён жа сам селянін! Няхай падтрымае сялян на месцы!”

(Спадар: ) “Слухаў на мінулым тыдні нашыя тэлефанаваньні. Адзін слухач выказаў меркаваньне наконт праграмы “Вольная студыя”. У большасьці я зь ім згодны. Сапраўды, праграма мае, мякка кажучы, адпаведную аднаполюсную арыентацыю. Безумоўна, гусьлям, княжа, законы ня пішуць. Іншая справа, што кожны на гэтых гусьлях брынькае, як умее, нават ганьбячы законы мастацкай культуры.

І гэта вельмі нагадвае наступнае інтэрвію, зьвязанае зь Леніным, выказваньнямі нашых мэтраў пра Леніна. Усё гэта папахвае цынічнай крывадушнасьцю. У дадзеным выпадку, як ад першага, так і ад другога, мы чакаем пакаяньня нейкага і разуменьня. Чаму б тым самым нашым мэтрам не пакаяцца ў тым, што яны пісалі? Бо, напрыклад, таго самага Барадуліна можна судзіць за ягоныя камуністычныя творы, таму што гэта злачынства супраць беларускага духу. Хаця ён у нас сёньня лідэр духоўны нацыі, так? Патрабуецца пакаяньне нейкае, а не набіваньне сабе цаны. Усё ж такі, вы ў нас самая дэмакратычная радыёстанцыя, для вас галоўны закон – непрадузятасьць і ўлада факту. Дык давайце глядзець на агульную праўду, як належыць, а не прыкрывацца за нейкімі шторамі, прадузятасьцю нейкай, нейкімі сваімі амбіцыямі. Ні для каго не сакрэт, што ўсе нашыя народныя пісьменьнікі, за выключэньнем Быкава, атрымалі свае званьні, менавіта дзякуючы сваім адпаведным творам. І таму гідка выглядае, калі Рыгор Іванавіч накідваецца на таго ж Крапіву. У самаго ж рыльца ў пушку! Давайце будзем больш аб’ектыўнымі. Узяць хаця б вашую “Вострую браму”, якая зьяўляецца абсалютным аналітычным праектам у дадзеным накірунку”.

(Алесь Харытон, Краснае: ) “Добры дзень! Я хачу падзякаваць спадару Дубаўцу за ўчорашнюю перадачу! Вялікі яму дзякуй!”

(Уладзімер Крук: ) “Наконт мінулай перадачы “Праскі акцэнт”, паводле ўдзелу моладзі ў апазыцыйных акцыях. Справа ў тым, што моладзь, перш за ўсё, трэба адукоўваць, трэба яе накіроўваць на навучаньне ў заходнія краіны. А ўдзел у вулічных акцыях – гэта самая апошняя стадыя. Бо, найперш, моладзь ня мяса, а будучыня, таму яе трэба рыхтаваць да гэтага. Па-другое. Сучасную моладзь трэба загартоўваць, бо так яна ня зможа ні арганізавацца, ні зрабіць штосьці істотнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG