Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалін


Ягор Маёрчык, Міхалін, Чэрыкаўскі раён Магілёўшчыны Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Я спыніўся на паўдарозе да Міхаліна, каб агледзець недабудаваную фэрму. Пасярод поля стаіць жалезабэтонны шкілет. Давесьці справу да канца і перарэзаць чырвоную стужку ня даў Чарнобыль.

Gea_mixalin1.jpg

Насустрач мне крочыць дзядзька сярэдніх гадоў. Ды ня крочыць, а ледзь ногі перастаўляе. І гойдаецца ён зусім не ад ветру. Стаміўся папросту. Выглядае наш герой так: закасаныя рыбацкія чобаты, латаная-пералатаная спэцоўка няпэўнага колеру. На шчаках — трохдзённая шчэць, на галаве... Словам, хутка там будзе каўтун. Прадставіўся Анатолем і наўпрост запытаўся: “У чом дзела?” Кароткім адказам новы знаёмец не задаволіўся і вырашыў працягнуць гутарку:

(Анатоль: ) “А вы тут радыяцыю мераеце?”

(Карэспандэнт: ) “Не, ня мераем. А вы дзе працуеце?”

(Анатоль: ) “Рыбу лаўлю. Яна тут да берага прыткнулася. Яе вёдрамі насілі. А ў нас яшчэ і азёраў шмат. Мы і ядзім яе. Людзі, праўда, ад гэтага паміраюць. А мы яшчэ гэтую рыбу прадаём”.

(Карэспандэнт: ) “Вы кажаце сваім пакупнікам, дзе вы гэтую рыбу злавілі?”

(Анатоль: ) “Яны і самі ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Іх не спыняе, што ў вас тут забруджаная зона?”

(Анатоль: ) “Мы яе завязем у Чэрыкаў праверыць. Паказвае, што радыяцыя. Павязём у Крычаў — няма”.

(Карэспандэнт: ) “Дорага радыяактыўную рыбу прадаяце?”

(Анатоль: ) “2,5 тысячы”.

(Карэспандэнт: ) “Рыбнагляд вас ганяе?”

(Анатоль: ) “Лукашэнка даў ім тэхніку. Ён табе цяпер такога штрафу можа даць, што не абрадуесься. Вунь там ужо Сож пайшоў. На тым баку мая тэхніка стаіць. А міліцыянты мне кажуць: “Вы знаходзіцеся ў зоне”. А нібыта тут ня зона. У мяне ёсьць чаўны, да мяне сюды можа прыехаць любы. Прыяжджай да мяне, я табе столькі рыбы налаўлю, што не давязеш!”

Сож дыяганальна разразае Чэрыкаўскі раён Магілёўшчыны на дзьве няроўныя часткі. Побач з ракою нямала азёраў. Рыбу тут лавілі заўсёды: хто на продаж, а хто сабе на патэльню. Пасьля 1986-га людзям цяжка ўсьведамляць, што зямля і вада атручаныя радыяцыяй. Яны працягваюць хадзіць па грыбы і ягады, займацца паляваньнем і рыбачыць. Але ж ня ўсе такія легкадумныя. Доказ — гісторыя жыхара Чэрыкава Генадзя Раўкова. У ваколіцы Міхаліна ён прыехаў парыбачыць толькі аднойчы. Болей у яго такога жаданьня не ўзьнікала.

Gea_mixalin2.jpg

(Раўкоў: ) “Па вясьне, як лёд заходзіць, добра клюе. Паехаў на рыбалку. Кляваць перастала. Я дастаў дазымэтар і паклаў яго на зямлю. І ён накруціў недзе там за 400 мілірэнтгенаў. Я не дачакаўшы, пакуль дазымэтар спыніць лічыць, паўкідаў у машыну вуды і зматаўся адтуль. І болей туды ня ежджу. Там вельмі страшэнная радыяцыя. Тут міліцыя ўсё ахоўвае. Так атрымліваецца, што рыбу яны самі вылоўліваюць, а людзей проста ганяюць. Туды людзей не пускаюць. Атрымліваецца, што гэтыя азёры нібыта прыватызавалі. А рыбу прадаюць у Чэрыкаве і Крычаве”.

Я стаю на самым ускрайку Міхаліна. За плотам сядзібы Ўладзімера Сіўцова ўжо поплаў, а там і рака. З акна сваёй хаты пэнсіянэр назірае сцэны з жыцьця рыбакоў і рыбнагляду: начныя рэйды, пагоні па вадзе і па зямлі, затрыманьні людзей і канфіскацыя рыбацкіх прыладаў.

Gea_mixalin3.jpg

(Сіўцоў: ) “Яны ўтрох прыехалі. Адзін нават з аўтаматам быў. Перагарадзілі дарогу, забралі ўлоў. Пералічылі рыбу. Праўда, ня ведаю, колькі ім штрафу далі. Асабліва шмат па тым баку езьдзяць. Там зусім забаронная зона. Нам туды хадзіць не дазваляюць. Лічыцца, што там радыяцыя яшчэ мацнейшая. Пераехаў на той бок — ужо атрымаеш штраф. А на гэтым баку, калі ласка, лаві”.

(Карэспандэнт: ) “Але людзі ўсё адно езьдзяць на той бок?”

(Сіўцоў: ) “Натуральна, так. Па шчаўё трэба схадзіць — атрымліваецца, што на той бок трэба ехаць… Якое ў нас тут жыцьцё? Госпадзі! Пакрысе існуем. Я ўжо тры гады на пэнсіі”.

(Карэспандэнт: ) “Гаспадарку трымаеце? Нешта садзіце?”

(Сіўцоў: ) “Бульбу і капусту”.

(Карэспандэнт: ) “Тут жа радыяцыя! Нельга на гэтай зямлі нічога садзіць”.

(Сіўцоў: ) “Гэтай радыяцыі дваццаць гадоў. І што з таго?”

(Карэспандэнт: ) “А да вас, можа, прыяжджалі і казалі, якая тут ступень забруджаньня? Можна тут жыць ці нельга?”

(Сіўцоў: ) “Раней прыяжджалі. А гады тры-чатыры ніхто не зьяўляецца”.

(Карэспандэнт: ) "Здароўе як?"

(Сіўцоў: ) “Добрага няма нічога. Усе патроху хварэюць. Людзі ў пяцьдзесят гадоў паміраюць. Поўна! Рак горла як стаў касіць, дык і парадкам людзей выкасіў”.

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет нейкім чынам пра вас клапоціцца? Увагу на вас зьвяртае?”

(Сіўцоў: ) “Калі той савет у нас быў? Яго тут ніколі не было! Гэта я ў газэце прачытаў, што іншым разам камісіі па дваццаць чалавек начальства езьдзяць і пытаюцца ў людзей. А ў нас нікога не бывае”.

(Карэспандэнт: ) “А самім схадзіць ды папрасіць. Атрымалі б?”

(Сіўцоў: ) “У мяне ня той характар, каб хадзіць і прасіць. Сам усё раблю”.

З дваццаці жыхароў Міхаліна самай негасьціннай аказалася баба Нэля. У ейнай сям’і – матрыярхат і жорсткая дысцыпліна. Хацеў паразмаўляць з сынам — той кіўнуў на маці. Аналягічна зрабіў і муж. Маўляў, першае слова за жонкай. У дзявоцтве спарадыня Нэля насіла прозьвішча Лукашэнка. Затым пайшла ў шлюб і стала Зайцавай. Пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў на закіды пра сваяцтва зь першай асобай дзяржавы рэагуе нэрвова — гэта калі спадарыня не ў гуморы. А пры добрым настроі яна і пажартаваць можа: “Ды пляменьнік ён мне, пляменьнік”. На гэта людзі кпяць: “А што ж тады Міхалін такі занядбаны?” І тут бабе Нэлі крыць ужо няма чым.

gea_Michalin4_new.jpg

(Карэспандэнт: ) “Міхалін быў забруджаны і адсяляць вас не хацелі, так?”

(Зайцава: ) “Так. Прыехалі да нас людзі. Сядзелі і на каленцах тут пісалі. Я запытваюся: “У нас тут чыстая зона?” А яны мне гавораць: “Бабка, цябе даўно трэба высяляць з гэтай чыстай зоны!”

(Карэспандэнт: ) “А Вам зьехаць адсюль не прапаноўвалі?”

(Зайцава: ) “Я адсюль нікуды не паеду. Я тут жыла, усё жыцьцё хату будавала. А зьехаць — гэта значыць, трэба ўсё кінуць. Нікуды не паеду, буду тут паміраць”.

(Карэспандэнт: ) “Здароўе Вашае як?”

(Зайцава: ) “Лепей усяго! Хутчэй бы падохнуць. Цяпер пра здароўе не пытайцеся: нага баліць, сьпіна баліць, усё ломіць-круціць”.

(Карэспандэнт: ) “Як жывецца ў вёсцы?”

(Зайцава: ) “Добра. Ды толькі ніхто нам не зайздросьціць. Аўталаўка да нас двойчы на тыдзень прыходзіць. Бяз хлеба не сядзім. Я парсючка трымаю. Хочаш есьці — будзеш трымаць”.

(Карэспандэнт: ) “А пэнсіі на жыцьцё хапае?”

(Зайцава: ) “Хапае толькі на хлеб і на цукар. А нешта дзецям набыць я не магу. Ім трэба на ногі і на плечы. Паглядзела, аж куртка — 37 тысяч. А мне трэба набыць на дваіх”.

(Карэспандэнт: ) “Яны ў Вас школьнікі?”

(Зайцава: ) “Здрасьце! Аднаму — 37, другому — 45”.

(Карэспандэнт: ) “Яны самі мусяць зарабляць...”

(Зайцава: ) “А які ў калгасе заробак? Адзін атрымаў 112 тысяч, другі — 22. А есьці ўсе хочуць”.

(Карэспандэнт: ) “Зь сельсавету ці прыяжджаюць? Клапоцяцца?”

(Зайцава: ) “Дапамагаюць. Як мне што трэба, не адмаўляюць. І савет дапамагае, і калгас нам дапамагае”.

(Карэспандэнт: ) “Вы, мабыць, старастаю ў вёсцы”.

(Зайцава: ) “Ой-ёй-ёй! Старая баба я!”

(Карэспандэнт: ) “А так сельсавет хваліце...”

(Зайцава: ) “Мне ён нічога дрэннага не зрабіў. І вы наш сельсавет ня ганьце! Ён у нас добры... Толькі мяне нікуды ня трэба ўторкваць”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго з Вамі рабіць ня трэба?”

(Зайцава: ) “Ня трэба нікуды гэтыя словы ўторкваць: ні ў газэту, ні з газэты. Можа, я тут нечага не таго ляпнула. Я красавацца я не хачу”.

Адныя хваляцца, што сельсавет пра іх клапоціцца, іншыя наракаюць на няўвагу. Нетутэйшаму чалавеку разабрацца ва ўсіх тонкасьцях жыцьця маленькай вёскі ня так і проста. Па дапамогу я зьвярнуўся да Ганны Сіўцовай. Забягаючы наперад, скажу: апошні раз у маёй асобе ўгледзелі шпіёна тры гады таму. Было гэта ў вёсцы Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне. Іншай рэакцыі там цяжка было чакаць, бо за 200 мэтраў ад вёскі — дзяржаўная беларуска-літоўская мяжа, а на супрацьлеглым беразе возера стаіць Ігналінская атамная электрастанцыя.

Gea_mixalin5.jpg

Але чым цікавая шпіёну паміраючая чарнобыльскай вёска, я так і ня ўцяміў.

(Сіўцова: ) “А можа, вы нейкія шпіёны. І правяраеце нас, старых”.

(Карэспандэнт: ) “Хто шпіёны?”

(Сіўцова: ) “Я ў вас запытваюся: вы не шпіёны? Што вы тут правяраеце?”

(Карэспандэнт: ) “Нічога я не правяраю. Кажуць, што Вы самы стары чалавек у вёсцы. Колькі Вам гадоў?”

(Сіўцова: ) “85. А здароўя няма ніякага. Усё баліць. Рабіць усё трэба, а сілаў няма. Жывём мы з радыяцыяй. Да нас тут прыяжджалі яе правяраць. Такую скрынку пад хату ставілі. Там налічылі 80 зь нечым тых радыяцыяў. Нам тады сказалі, што ў гародзе араць нельга. І трэба глебу зразаць і вывозіць. Яны нічога не вывозілі. А я сама не зраблю гэтага”.

(Карэспандэнт: ) “Зьвярнуліся б у калгас ці ў раён...”

(Сіўцова: ) “Мы ім былі патрэбныя толькі калі працавалі. А цяпер на нас і глядзець ня хочуць. Мы тут і прападаем”.

Gea_mixalin6.jpg

На забруджаных тэрыторыях насельнікі Міхаліна працягваюць рыбачыць, паляваць і араць агароды. І празь дзевятнаццаць гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы радыяцыя для іх застаецца чымсьці ўяўным, незразумелым і неасэнсаваным.
XS
SM
MD
LG