Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў застанецца за кратамі як найменей да 22 чэрвеня


Алесь Дашчынскі, Менск Андрэю Клімаву прад’яўлена афіцыйнае абвінавачаньне. Яму закідаюць парушэньне артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка ў Менску. Паводле рашэньня пракурора ён застанецца ў сьледчым ізалятары на Валадарцы прынамсі да 22 чэрвеня.

Паводле паплечніка Андрэя Клімава Цімоха Дранчука, абвінавачаньне было прад’яўлена яшчэ ў пятніцу, але пра гэта стала вядома толькі сёньня.

(Дранчук: ) “Мэтанакіравана сьледчы гэтую інфармацыю ад нас схаваў, таму што яшчэ ў чацьвер ён нам сказаў, што абвінавачаньне будзе прад’яўляць толькі ў панядзелак”.

Ужо 6 траўня справу перададуць Андрэю Клімаву для азнаямленьня. Цімох Дранчук мяркуе, што на гэта не спатрэбіцца шмат часу, бо справа вельмі простая.

(Дранчук: ) “Адзіны момант абвінавачаньня прысутнічае ў ёй — гэта парушэньне працы грамадзкага транспарту на 35 хвілінаў, пры гэтым у справе ёсьць некалькі пратаколаў допытаў сьведкаў, з боку абвінавачаньня — гэта кіроўцы транспартных сродкаў, якія працавалі ў гэты час у цэнтры, і 16 відэакасэтаў, на якіх з розных ракурсаў запісаны падзеі з 15 да 16 гадзінаў 21-й хвіліны”.

Паводле жонкі спадара Андрэя Тацяны Леановіч-Клімавай, бліжэйшым часам мяркуецца памяняць адваката. Сёньня спадарыні Тацяне сьледчы адмовіў у спатканьні з мужам.

(Леановіч-Клімава: ) “Я спасылалася на тое, што раней, калі Андрэй сядзеў па палітычна матываванай справе, мне, пасьля доўгай барацьбы, але ўсё ж давалі спатканьні. Нам сьледчы таксама паўгода не даваў спатканьняў, але потым, пасьля ўмяшальніцтва міжнародных арганізацыяў, сталі рэгулярна даваць спатканьні”.

У Андрэя Клімава 15-гадовы сын і 10-гадовая дачка, маці — інвалід 2-й групы. Нягледзячы на гэта, Клімава ўсё ж пакінулі пад вартай.

(Леановіч-Клімава: ) “Я так разумею, што ў дадзенай справе ніхто не кіруецца законам, а кіруюцца толькі палітычнымі меркаваньнямі. Хто дае загады пракуратуры — наўрад ці гэта іх асабістая ініцыятыва”.

Андрэя Клімава затрымалі ў Менску на аўтастаянцы 22 красавіка. Апроч гэтай крымінальнай справы, на Андрэя Клімава раней была заведзеная крымінальная справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, які быццам бы ўтрымліваецца ў ягоных кнігах. На 19 траўня прызначана наступнае паседжаньне ў гэтай справе, і туды Андрэя Клімава даставяць з Валадаркі. Андрэй Клімаў — дэпутат Вярхоўнага Савета, адзін з ініцыятараў імпічмэнту Лукашэнкі, вядомы прадпрымальнік, раней быў асуджаны за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Асноўную мэту сваёй палітычнай дзейнасьці ён бачыць у недапушчэньні працягу прэзыдэнцтва Лукашэнкі на трэці тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG