Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ініцыявала стварэньне шырокага перадвыбарчага руху прыхільнікаў пераменаў


Валер Каліноўскі, Менск Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі заклікала да стварэньня агульнабеларускага руху прыхільнікаў пераменаў і выступіла з шэрагам іншых ініцыятываў у падтрымку адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта 2006 года.

Шырокі грамадзкі рух прыхільнікаў пераменаў мае аб’яднаць ня толькі партыйных актывістаў і сябраў няўрадавых арганізацыяў, а ўсіх неабыякавых людзей, гатовых падтрымаць адзінага кандыдата ад апазыцыі на выбарах, – перакананы намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук.

(Раманчук:) “Гэта тое, што мае патэнцыял стаць плятформай для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах не пад сьцягам партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а пад максымальна шырокімі сьцягамі”.

На думку Яраслава Раманчука, прыкладам для беларускага руху можа стаць польская “Салідарнасьць”. Апрача гэтага, АГП ініцыюе аднаўленьне працы Нацыянальнага камітэту (ценявога ўраду) і стварэньне перадвыбарчай плятформы – бачаньня будучыні Беларусі. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка на гэты момант больш важным лічыць іншае.

(Вячорка:) “Структура аб’яднаных дэмакратычных сілаў можа быць выбудаваная эфэктыўна, з усімі неабходнымі інструмэнтамі і мэханізмамі, з дакладна прапісанай стратэгіяй толькі пасьля вызначэньня адзінага кандыдата. Любыя спробы ствараць цяпер нешта новае будуць азначаць аслабленьне таго, што ўжо створана”,– сказаў Вінцук Вячорка.

Тым часам завяршаецца першы этап кампаніі – вылучэньне прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ў рэгіёнах. 15 траўня пройдзе апошняя абласная канфэрэнцыя ў Віцебску. На абласных сходах у якасьці прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата вылучаныя лідэры АГП, БСДГ, ПКБ Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін ды прадстаўнік трэцяга сэктару Аляксандар Мілінкевіч. Як мяркуе Вінцук Вячорка, ужо ў бліжэйшы час будзе створаны аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім і будзе абраны адзіны кандыдат. Такі кангрэс павінен адбыцца як мага хутчэй, гэта спыніць унутрыапазыцыйнае спаборніцтва, – лічыць спадар Вячорка. Большасьць рэгіянальных канфэрэнцыяў выказаліся за правядзеньне кангрэсу ў ліпені–жніўні. Але ў АГП лічаць рэальным правядзеньне кангрэсу ў кастрычніку,– зазначае Яраслаў Раманчук.

(Раманчук:) “Мы хацелі б, каб гэта была больш шырокая дыскусія, каб удзельнічалі ня толькі гэтыя чатыры асобы, а больш, каб пазьней нас не абвінавачвалі, што гэта быў закрыты працэс выбару толькі прадстаўнікоў палітычных партыяў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці”.

Абвінавачваньні, пра якія казаў спадар Раманчук, ужо гучаць з вуснаў непартыйных фігур, гатовых уключыцца ў перадвыбарчую кампанію. Гаворыць былы кіраўнік Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч:) “Думаю, што гэтая працэдура прыстасаваная да партыяў, і тое, што там удзельнічаюць толькі партыйныя прэтэндэнты, адлюстроўвае гэтую асаблівасьць. Таму яны пойдуць да канца, яны ўсё гэта зробяць, вылучаць, але гэта ня будзе завяршэньне працэсу. Непазьбежна прыйдзецца прадоўжыць працэс за рамкамі гэтай працэдуры. Трэба будзе весьці перамовы таго кандыдата, якога вызначаць па гэтай схеме, з другім, трэцім”.

Праблема, пра якую сказаў Аляксандар Вайтовіч, існуе, але не зьяўляецца вырашальнай, – перакананы лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін:) “У працу ўключыліся 90 адсоткаў арганізаваных структураў, якія сёньня могуць працаваць у ходзе выбарчага працэсу, гэта самае важнае, бо гэтыя людзі будуць працаваць у камандзе адзінага кандыдата.”
XS
SM
MD
LG