Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінны беларускія ўлады даць згоду на адкрыцьцё могілак нямецкіх салдат у Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Беларускія ўлады дагэтуль не далі згоды на адкрыцьцё могілак нямецкіх вайскоўцаў, якія загінулі па тэрыторыі Беларусі ў часе Другой Усясьветнай вайны. Напрыклад, у суседняй Расеі створана 16 зборных могілак салдат і афіцэраў Вэрмахту, там пахавана каля 150 тысячаў чалавек, ва Ўкраіне – адкрыта 8 зборных могілак, там ляжаць парэшткі каля 100 тысячаў нямецкіх вайскоўцаў. Беларускі парлямэнт дагэтуль не ратыфікаваў двухбаковае пагадненьне аб доглядзе за вайсковымі могілкамі паміж Нямеччынай і Беларусьсю. Гэткія пагадненьні даўно ўжо ратыфікавалі парлямэнты Расеі і Украіны. Наша карэспандэнтка запыталася ў людзей на менскіх вуліцах, як яны ставяцца да адкрыцьця могілак нямецкіх вайскоўцаў у Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце Вы, што беларускія ўлады павінны даць згоду на адкрыцьцё могілак нямецкіх вайскоўцаў, якія загінулі на беларускай тэрыторыі ў часе Другой Усясьветнай вайны?

(Спадар: ) “Я быў шмат гадоў у Нямеччыне. Там вельмі добра даглядаюць магілы нашых вайскоўцаў. Канешне, дух супярэчнасьці былых вайскоўцаў, якія бачылі гэтую вайну, гэтыя злачынствы нямецка-фашысцкіх салдат… гэта супярэчыць іх перакананьням. А я лічу, што салдаты – гэта паднявольныя людзі, яны выконвалі волю фюрэра. Я лічу, што, канешне ж, трэба адкрыць нямецкія могілкі на тэрыторыі Беларусі, ахоўваць і даглядаць іх”.

(Спадар:) “Калі пачалася вайна, мне было толькі 13 гадоў. Немцы вельмі моцна зьдзекаваліся з цывільнага насельніцтва. За тыя зьдзекі з нас я праціўнік адкрыцьця нямецкіх могілак. Не ляжыць душа”.

(Спадарыня: ) “Лічу, што не. Гэта абраза вэтэранаў і тых, хто загінуў. Няхай немцы робяць пахаваньні на сваёй тэрыторыі”.

(Спадар: ) “Канешне, яны таксама людзі, такія ж, як і мы. Лёс быў такі. Яны змагаліся за свае ідэалы”.

(Спадар: ) “Я думаю, што тут гэта не прыжывецца, таму што Беларусь моцна пацярпела ў часе вайны, таму тут гэта наўрад ці атрымаецца”.

(Спадар: ) “Адкрыць пахаваньні нямецкіх салдат – гэта будзе чалавечна. Яны таксама людзі, і яны выконвалі загады сваіх камандзіраў. Яны такія ж людзі, як ім мы, і маюць права быць пахаванымі ў адпаведнасьці з рэлігійнымі традыцыямі, каб у іх былі помнікі на магілах”.

(Спадар: ) “ Я лічу, што трэба даць згоду на гэта, таму што нямецкія салдаты, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі, ня ўсе падтрымлівалі фашызм. І для гэтых салдатаў трэба даць згоду”.

(Спадар: ) “Трэба пагадзіцца, таму што многія карныя апэрацыі праводзілі тыя ж польскія войскі. Нямецкія вайскоўцы амаль ня ўдзельнічалі ў гэтым”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта было б добра з нашага боку, бо на нямецкай тэрыторыі ёсьць таксама могілкі нашых салдатаў. Гэта было б справядліва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG