Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі Анатоль Лябедзька, магчыма, сустрэнецца з Джорджам Бушам


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька атрымаў асабістае запрашэньне ад прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі наведаць 10-11 траўня Тбілісі. У гэты ж час у сталіцы Грузіі будзе знаходзіцца прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Некаторыя грузінскія мэдыі ўжо паведамілі пра заплянаваную сустрэчу прэзыдэнта Злучаных Штатаў з беларускім апазыцыянэрам. Сам Анатоль Лябедзька гаворыць, што ягоная паездка ў Тбілісі адбудзецца, але фармат і ўзровень сустрэч падчас гэтага візыту будзе вызначаны пазьней.

Паводле інфармацыі, распаўсюджанай днямі грузінскай тэлекампаніяй “Руставі–2”, сустрэча лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі з Джорджам Бушам ужо ўзгодненая. Сам спадар Лябедзька ў інтэрвію беларускай Свабодзе гэтую інфармацыю не пацьвярджае, але й не абвяргае:

(Лябедзька: ) “У мяне будзе рабочая паездка ў Тбілісі, а фармат і ўзровень сустрэч будзе вызначаны пазьней”.

(Карэспандэнт: ) “Калі ўсё ж такі адбудзецца ваша сустрэча з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, пра што вы зьбіраецеся гаварыць са спадаром Бушам?”

(Лябедзька: ) “Калі ў мяне будзе мажлівасьць сустрэчы з прэзыдэнтам ці ЗША, ці Нямеччыны, ці Грузіі, мы будзем гаварыць пра адно: пра Беларусь, пра сёньняшнюю сытуацыю, пра пэрспэктывы яе разьвіцьця. Мы сыходзім з таго, што беларускія праблемы вырашаюцца ў Беларусі, але разам з тым прызнаем, што міжнародны фактар для нашай краіны даволі істотны. І калі Беларусь будзе ў міжнародным парадку дня, то гэта адпавядае інтарэсам пераважнай большасьці насельніцтва. Калі пра Беларусь гавораць, калі ў адносінах да Беларусі прымаюць нейкія рэзалюцыі, значыць у нас, як у краіны, ёсьць пэрспэктыва і ёсьць шанец”.

(Карэспандэнт:) “Спадар Лябедзька, калі ваша сустрэча з прэзыдэнтам Бушам усё ж такі адбудзецца, ці будуць тут нейкія паралелі зь нядаўняй віленскай сустрэчай з дзяржсакратаром Кандалізай Райс прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці?”

(Лябедзька: ) “Мы, у адрозьненьне ад афіцыйных уладаў, ня маем праблемаў з камунікацыяй на вельмі высокім узроўні на міжнароднай арэне. І што тычыцца ЗША ці Эўропы – у нас тут кансалідаваная пазыцыя, і ўсе гэтыя сустрэчы можна разглядаць як вагоны аднаго й таго ж цягніка. Калі афіцыйны Менск ня мае мажлівасьці весьці такія перамовы й мець такія камунікацыі, то нехта павінен запаўняць гэтую нішу. Яна не павінна быць пустой. Я думаю, што грамадзянская супольнасьць – і палітычныя партыі, і грамадзкія арганізацыі – павінны весьці вось такі дыялёг у міжнародным аспэкце”.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што атрымаў асабістае запрашэньне Міхаіла Саакашвілі наведаць Грузію ў часе знаходжаньня там Джорджа Буша, і таму ён ня ведае, хто яшчэ з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі прыедзе ў тыя ж дні ў Тбілісі.
XS
SM
MD
LG