Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Горадні маяк?


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні нарэшце пачалі добраўпарадкоўваць набярэжную ракі Нёман, на якой на пагорках стаяць Стары і Новы каралеўскія замкі, а таксама старажытная Калоская царква. На набярэжнай, у прыватнасьці, плянуецца паставіць маяк.

Гарадзенцаў не засмучае, што маяк будзе не на марскім беразе, а на рачным. Гэта, канешне, незвычайна, але дагэтуль у горадзе ўсё рабілася вельмі стандартна, "казённа". Газэта “Наша Ніва” нейк заклікала чытачоў прыдумаць, як яны уяўляюць Беларусь праз сто гадоў. Адзін зь іх напісаў пра тое, што Горадня будзе стаяць на беразе мора, зважаючы на глябальнае пацяпленьне...

Маяк (або ліхтарню) прыдумалі архітэктары Ніна Емельянава і Алена Вулканоўская. Маяк, зрэшты, будзе ня вельмі сапраўдны. Ніна Емельянава тлумачыць:

(Емельянава: ) “Гэта проста калёна мэталічная такая. Тры ярусы — падсьветка на вышыні тры мэтры, потым яшчэ праз тры мэтры, а потым асноўныя пражэктары будуць ужо наверсе, там чатыры пражэктары моцныя, якія ўжо будуць сьвяціць наколькі хопіць далёкасьці”.

Архітэктары прапануюць паставіць маяк побач з камяніцай пад дахоўкай, у якой за польскім часам быў афіцэрскі байдарачны клюб, у савецкія часы — рачны вакзал, а сёньня — кавярня. Перад ім зробяць прычал для чаўноў.

Як хутка на нёманскім беразе можа зьявіцца такі маяк? Гэта даволі няпростае пытаньне: магчыма, што ня вельмі хутка. Вось што наконт гэтага мяркуе сама архітэктар Ніна Емельянава:

(Емельянава: ) “Калі гэта будзе? Разумееце, цяпер яны пачалі гэтую набярэжную будаваць. Гэта, напэўна, ужо пытаньне фінансаваньня, таму што вуліца Заводзкая, яна ў такім занядбаным стане, і калі ёю займацца, там яшчэ шмат працы, апроч маяка будзе. І я ня думаю, што спачатку паставяць маяк, а потым будуць займацца ўладкаваньнем гэтай тэрыторыі. Напэўна, гэта будзе ў комплексе вырашацца”.

Ніна Емельянава называе гэтае месца з заплянаваным маяком брамай гораду з боку ракі. Трэба сказаць, што набярэжную Нёмана ў 1930-я гады ўмацавалі і дабраўпарадкавалі палякі, саветы пасьля гэтага нічога не рабілі, таму, напрыклад, для турыстаў, на якіх спадзяюцца ўлады, яна выглядала зусім непрывабна.

А як у Горадні з рачнымі прагулкамі для турыстаў? Існуе толькі адзіны цеплаход пад назвай “Вольга Соламава”, яму больш за 50 гадоў. Ён возіць на экскурсіі, на пікнікі за некалькі кілямэтраў ад гораду. Дарэчы, летась сталічны спэцназ праводзіў вучэньні і захапіў гэты цеплаход зь нібы-тэрарыстамі і нібы-закладнікамі ажно за дзьве ці тры сэкунды... Але баюся, што арыентавацца па маяку яму ўсё ж не давядзецца. Апошнімі днямі пачаліся спрэчкі: на чым зэканоміць пры ўладкаваньні набярэжнай, і некаторыя прапануюць гэта зрабіць за кошт маяка.
XS
SM
MD
LG