Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Вайновіч: франтавікі Быкаў і Акуджава былі прыхільнікамі Чонкіна


Ігар Карней, Менск Напярэдадні дня Перамогі, які сёлета будзе шырока адзначацца ў Маскве і ў Менску, нечакана ўзьнікла завочная спрэчка паміж асобнымі вэтэранамі і літаратарамі Беларусі і Расеі. Прычым, жорсткая спрэчка разгарнулася вакол кніжнага пэрсанажа, якога бальшыня чытачоў успрымае надзвычай станоўча.

Гаворка пра галоўнага героя апавяданьняў расейскага пісьменьніка Ўладзімера Вайновіча, Івана Чонкіна. Тыдзень таму на патрабаваньне вэтэранаў, якія жывуць у Менску, у Цэнтральным Доме афіцэраў быў адменены аднайменны спэктакль. У адказ на гэта спадар Вайновіч назваў вэтэранаў “лайдакамі, якім няма чаго рабіць”.

Нечакана на бок вэтэранаў стаў драматург Аляксей Дудараў, які, у сваю чаргу, назваў галоўнага героя Вайновіча “дурнем”. Я затэлефанаваў Уладзімеру Вайновічу і запытаўся: ці ўсе ветэраны лічаць Чонкіна “пэрсонай нон-грата”?

(Вайновіч: ) “Вы ведаеце, гэта гледзячы для якіх ветэранаў. Ёсьць шмат вэтэранаў, якім Чонкін вельмі падабаецца. А да ўсіх гэтых ваяўнічых вэтэранаў я стаўлюся скрайне адмоўна. Гэта людзі, якія лезуць у справы літаратуры, лязгаючы мэдалямі, зараз ужо ўсё роўна, за што атрыманымі. Прайшло шмат часу, а ён насамрэч, можа, такі вэтэран, што ў абозе ўсю вайну прасядзеў, а ўсё роўна ходзіць, грыміць мэдалямі”.

Беларускі драматург Аляксей Дудараў ставіць Чонкіна ў адзін шэраг з другараднымі героямі расейскіх забаўляльных праграмаў кшталту “Аншляг”. А на сур’ёзнай сцэне, маўляў, Чонкіну рабіць няма чаго.

(Дудараў: ) “Ёсьць пэўныя рэчы: у мяне бацька франтавік. Падчас вайны і сьмешныя эпізоды здараліся, і абсурдныя, і дурныя ўвогуле. Але ён там (я пра свайго бацьку) знаходзіўся: суперажываў, асуджаў, сьмяяўся. Але гэта было ня збоку, а знутры. А ў Вайновіча гэта проста “аншлягавасьць”. Цяпер якую праграму на тэлебачаньні ня ўключыш, усюды крыўляюцца, усюды сьмяюцца, абсьмяялі ў чалавеку ўсё – ад пазногцяў да ўсяго іншага. Ёсьць нейкія рэчы, у зьвязку зь якімі гэта рабіць недазволена. Гэта этычныя рэчы”.

Уладзімер Вайновіч кажа, што, прыдумваючы вобраз Чонкіна, не зьбіраўся зьдзекавацца над удзельнікамі вайны. Аднак удакладняе, што сапраўдных франтавікоў на пасьлясавецкай прасторы практычна ўжо і не засталося.

(Вайновіч: ) “Тых, хто быў на перадавой, засталося пасьля вайны ўжо вельмі мала. А сярод гэтых шмат проста старых лайдакоў, якім няма чаго рабіць і якія спрабуюць навязаць свой дурны густ народу, чытачам, гледачам. Але я ведаю шмат вэтэранаў, якім Чонкін вельмі падабаўся. Прыкладам, адным з прыхільнікаў Чонкіна быў Булат Акуджава, франтавік; Васіль Быкаў, які ў сапраўднасьці быў вэтэранам. Дый шмат іншых”.

Аляксей Дудараў не здаецца і перакананы, што напярэдадні 9 траўня гаварыць пра Чонкіна – значыць, яшчэ больш распальваць жарсьці.

(Дудараў: ) “Нават калі ты атэіст, ты не павінен расказваць анэкдоты, насьміхацца над пачуцьцямі і верай, якая б яна не была: каталіцкая, праваслаўная ці мусульманская. Трэба паважаць у чалавеку чалавека. І гэта ня я сказаў”.

(Карэспандэнт: ) “А як тады быць са Швэйкам? Гэта прыклад у часе крыху ранейшы, але ж усе канстатуюць: гэта ўсясьветная клясыка”.

(Дудараў: ) “Вы ведаеце, найперш, Швэйк – ён не з Расеі і не зь Беларусі. Па-другое, ён больш пранізьлівы, разумнейшы, трапяткі і глыбінны, чым Чонкін. Ня блытаць з Цёркіным”.

Дарэчы, супраць Цёркіна спадар Дудараў нічога ня мае. Між тым, аўтар прыгодаў пра салдата Івана Чонкіна, расейскі пісьменьнік Уладзімер Вайновіч кажа, што супрацьстаяньне з вэтэранамі бярэ пачатак ад моманту ўзьнікненьня гэтага пэрсанажу. І ў чымсьці прымаючы пазыцыю ўдзельнікаў вайны, лічыць, што прафэсійна ацэньваць мастацкія якасьці твору павінны людзі крыху іншыя. Асабліва калі гаворка пра забарону кнігі, мастацкай стужкі ці спэктаклю.

(Вайновіч: ) “Нават калі ён на вайне насамрэч заслужана праславіўся, то ўсё роўна яму ня трэба лезьці ў галіну, у якой ён некампэтэнтны. Тут яшчэ справа ў тым, што ў вас, у Беларусі, такія ўлады. Гэтых вэтэранаў цалкам можна выхоўваць. Яны звычайна вельмі прыслухоўваюцца да таго, што хоча ўлада і імкнуцца ёй дагадзіць. Калі ўладзе выгодныя гэтыя забароны, дык вось яны і “разыходзяцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG