Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастанова пра рэгуляваньне заробкаў – "спроба ўсіх падраўняць пад адну лінейку"


Уладзімер Глод, Менск Бліжэйшым часам на вядучых камэрцыйных прадпрыемствах і ў камэрцыйных ўстановах Беларусі могуць даволі значна зьнізіцца заробкі. Пра гэта заявіла група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў падчас іхняй сустрэчы ў Авальнай залі зь міністрамі беларускага ўраду. На чым грунтуецца такое меркаваньне парлямэнтароў?

Зь 1 сакавіка пачала дзейнічаць пастанова ўраду пад назовам "Аб некаторых пытаньнях рэгуляваньня аплаты працы супрацоўнікаў камэрцыйных арганізацыяў". Сутнасьць яе ў тым, што ў кожнай галіне ўвялі так званае базавае абмежаваньне заробку. Цяпер камэрцыйныя прадпрыемствы, банкі, вучэльні й г.д. усе выплаты, якія перавышаюць разьліковую адносна стаўкі першага разраду суму, мусяць браць для сваіх супрацоўнікаў толькі з чыстага прыбытку. І два першыя месяцы працы згодна з пастановай ураду паказалі шмат недарэчнасьцяў.

Пра іх найбольш эмацыйна і доўга распавядаў дэпутат Уладзімер Дзялендзік – заснавальнік фірмы "Дарыда", якая выпускае розныя напоі. Перадусім, калі пускаць на заробкі чысты прыбытак, дык не хапае грошай на разьвіцьцё прадпрыемства. Урад раіць браць крэдыты ў банках, але кіраўнікі баяцца, што за гэта кантрольныя органы адразу накладуць велізарныя штрафы. Такім чынам, урад сам падштурхоўвае кіраўнікоў камэрцыйных установаў да так званага "шэрага разьліку", калі яны даплочваюць сваім супрацоўнікам сумы, якія не праходзяць у дакумэнтах, лічыць дэпутат Дзялендзік.

Дэпутат усё дамагаўся даведацца, хто й навошта падрыхтаваў такую пастанову. І вось што адказала яму міністар працы й сацыяльнай абароны Антаніна Морава:

(Морава: ) "Гэтая пастанова зьявілася згодна з даручэньнем прэзыдэнта. І тут сапраўды стаяла пытаньне пра зьніжэньне дыфэрэнцыяцыі – як галіновай, так і міжгаліновай. У нас была дастаткова высокая дыфэрэнцыяцыя, яшчэ два гады таму яна складала паміж прадпрыемствамі аж дзевяць разоў. Цяпер мы зьнізілі яе да шасьці".

Якой жа бы рэакцыя на гэтыя словы спадара Дзялендзіка? Ён пачаў удакладняць сытуацыю, уступіў у дыскусію з міністрам. І тая сказала, што ўрад можа ў некаторых выпадках дазволіць павелічэньне тарыфнай стаўкі першага разраду, што аўтаматычна пацягне ўзрастаньне базавага абмежаваньня заробку.

Паводле спадарыні Моравай, ужо 10 прадпрыемстваў напісалі ў Саўмін такія заявы. Яна прапанавала спадару Дзялендзіку таксама зьвярнуцца ва ўрад з заявай. Дый наагул, праз 9 месяцаў будзе зроблены аналіз дзеяньня пастановы, паабяцала міністар. Ну а што ёй адказаў Уладзімер Дзялендзік, нашы слухачы зараз пачуюць:

(Дзялендзік: ) "І яшчэ раз паўтаруся. Бачыце, вось Вы ўжо й назад пайшлі. Дык навошта ж пагаршаць, навошта прымушаць бугальтараў, кіраўнікоў прадпрыемстваў зьвяртацца ў Савет Міністраў, пісаць: дапамажыце, дайце, павялічце каэфіцыент... Навошта ўскладняць сытуацыю? Дзе мы жывем? У якой мы дзяржаве?!"

Якім ёсьць меркаваньне экспэртаў на гэты конт? Я размаўляў з кандыдатам навук Кастусём Скуратовічам, які даўно займаецца вывучэньнем праблемаў аплаты працы. І ён лічыць, што гэта тыповы выпадак добра знаёмай з савецкіх часоў ураўнілаўкі.

(Скуратовіч: ) "Гэта спроба ўсіх падраўняць пад адну лінейку, каб асобныя не багацелі. Калі будуць многа зарабляць у камэрцыйных структурах, дык патрэбна будзе падвышаць заробкі й апарату, бо інакш могуць "іскры паляцець" пры кантактах. І наагул, традыцыя ўраўнілаўкі ў нас існуе. Я б параіў ураду лепш зьвярнуць увагу на аплату працы ў калгасах. Гэта ж таксама недзяржаўныя прадпрыемствы. Але там усім плацяць базавую велічыню й не капейкі болей. Вось дзе праблема! А калі ў Нямеччыне пасьля другой сусьветнай вайны рабілася рэформа, дык ніякая дадатковая дзейнасьць, прыкладам, сумяшчэньне ці нешта іншае, падаткам не абкладалася. Калі чалавек дадаткова робіць на сябе, дык ён зь дзяржавы такім чынам здымае шмат розных праблем".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG