Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: Скрабец патрабуе ад БТ 2,5 мільярды рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Белорусская газета” некалькі артыкулаў прысьвяціла чарнобыльскай тэме. Чытачы могуць даведацца аб тым, як жывуць іх суайчыньнікі ў забруджаных вёсках.

На старонках газэты абмяркоўваюцца вынікі “Чарнобыльскага шляху” ў Менску і іншых рэгіёнах.

"Радасьці жыцьця" – пад гэтай рубрыкай чытачы “Белорусской газеты” даведаюцца пра конкурс дыскатэчных праграмаў, якія праводзіў Менгарвыканкам.

100 дзён Віктара Юшчанкі. Гэтай тэме прысьвечана інтэрвію са старшынём цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Канстанцінам Бандарэнкам. Ён робіць высновы, што ва Ўкраіне буржуазная рэвалюцыя пераўтварылася ў сацыялістычную. Бандарэнка параўноўвае Аляксандра Лукашэнку і Віктара Юшчанку і ставіць паміж імі знак роўнасьці. Тлумачыць гэта тым, што украінскі прэзыдэнт праводзіць сацыяльна-арыентаваны бюджэт. Ён паступова адмаўляецца ад сваіх абяцаньняў. А ў дэмакратычных свабодах перш за ўсё зацікаўленая буржуазія.

Газэта “Белорусский рынок” артыкул прысьвяціла крымінальнай справе Сяргея Скрабца. Ён мае намер судзіцца з КГБ і пракуратурай. Былы дэпутат ставіць пытаньне: “Што гэта за злачынныя брыгады выкрадаюць і падвяргаюць катаваньням людзей у цэнтры Менску?”. Апроч таго, Сяргей Скрабец хоча, каб суд спагнаў з нацыянальнага тэлебачаньня 2,5 мільярды рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі.

Нумар “Европейского выбора” прысьвечаны першай гадавіне пашырэньня Эўразьвязу. Газэта друкуе размову з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу. Амбасадары Літвы і Латвіі выказваюцца, што іх краіны гатовыя стаць ланцугом паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу.

“Рэгіянальная газэта” у Маладэчне пад загалоўкам “Суседзі па няшчасьці” распавядае пра вуліцу Сыракомлі. Па словах жыхароў, на гэтую вуліцу ня хочуць ехаць ні “хуткая”, ні служба газу, ні трактар, які зьбірае сьмецьце, хоць гэтая паслуга аплачаная: людзі тут жывуць, а дарогі няма. 9 гадоў таму аддзел архітэктуры на вуліцы Сыракомлі выдзеліў сем’ям маладэчанцаў участкі для будоўлі. Але й сёньня дзеці, што жывуць там, ходзяць у школу і дзіцячы сад у гумовых ботах.

“Рэгіянальная газэта” расьсьледавала прычыны забруджваньня рэчкі, якую гараджане празвалі “сьмярдзючкай”. Адна вэрсія – гэта ліўневая каналізацыя, якая часткова цячэ па трубах пад зямлёй, а часткова на паверхні і ў часе дажджоў затапляе агароды і нават скляпы. Другая вэрсія – старыя рэзэрвуары нафтапрадуктаў далі цечу, і шкоднае рэчыва трапіла ў рэчку. Але дасьледаваньні будуць каштаваць нафтабазе 35 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG