Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа год пасьля пашырэньня: трыюмф на Захадзе і на Ўсходзе


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Споўніўся год, як да Эўрапейскага Зьвязу далучыліся восем былых камуністычных краінаў. І, на думку аналітыкаў, навічкі кінулі сапраўдны выклік старой Эўропе. З нагоды гадавіны ўзьяднаньня ўсходу і захаду Эўропы брытанская газэта “Таймс” піша пра росквіт у посткамуністычных краінах.

Газэта піша, што ў сталіцы Эстоніі Таліне назіраецца неверагодны будаўнічы бум. Нібы грыбы вырастаюць прыгожыя дамы. Людзі езьдзяць у дарагіх аўтамабілях. Талін цяпер – квітнеючы горад, зусім не падобны на былую савецкую глуш. У эканоміку краіны, дзе нізкі ўзровень падаткаабкладаньня, няспынна плывуць інвэстыцыі. Але ж Эстонія застаецца на трэцім месцы сярод трох, як выказваецца газэта, балтыйскіх тыграў. Рост эканомікі ў Латвіі, прыкладам, склаў восем з паловай адсоткаў. Гэта такі паказчык, якога дасягнуў Эўразьвяз за мінулыя пяць гадоў. І, як піша “Таймс”, праз год пасьля далучэньня да Эўразьвязу васьмі былых камуністычных краінаў, мала хто там адчувае настальгію.

1 траўня 2004 году настрой быў іншы, піша “Таймс”. Захад баяўся наплыву таннай працоўнай сілы, вынікам чаго маглі стаць рост злачыннасьці, беспрацоўя. Усход баяўся страты нацыянальнай самабытнасьці, павелічэньня цэнаў і панаваньня больш заможных суседзяў. Аднак, і на ўсходзе, і на захадзе аб’яднанай Эўропы адчуваюць нават ці не трыюмф.

Дырэктар Варшаўскага цэнтру міжнародных стасункаў Януш Рэйтэр кажа, што ўсё адбылося лепей, чым чакалася. Так, Эўразьвяз фінансуе будаўніцтва новых дарог у Польшчы, дзе аб’ём замежных інвэстыцыяў вырас з 4 мільярдаў даляраў да дзесяці, а аб’ём экспарту ў адчыненыя для Польшчы рынкі Заходняй Эўропы павялічыўся на 30 адсоткаў. Не згубіла Польшча і сувэрэнітэту.

Зьніклі і страхі Захаду. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў Брытанію прыехалі 130 тысячаў чалавек з Усходняй Эўропы, або ў 20 разоў меней, чым чакалася. Амаль усе яны працуюць і заслугоўваюць добрых словаў. Няма й наплыву злачынных груповак.

Новыя краіны трансфармавалі і зьнешнюю палітыку Эўразьвязу, адзначае газэта “Таймс”. Польшча і Літва, прыкладам, запатрабавалі ад Эўрапейскага Зьвязу падтрымаць празаходнюю “аранжавую рэвалюцыю” ва Ўкраіне. Яны займаюць болей праамэрыканскія пазыцыі і супрацьстаяць памкненьням Францыі пераўтварыць Зьвяз у супрацьвагу ЗША.

Аднак, на думку газэты “Таймс”, галоўнае наступства пашырэньня яшчэ не наступіла. Асноўная прычына, чаму ў францускім рэфэрэндуме наконт эўрапейскай канстытуцыі лідзіруе адмоўнае да яе стаўленьне, у тым, што выбарцам не падабаецца новы накірунак руху Эўропы. Калі Францыя адрыне канстытуцыю, гэта моцна ўдарыць па яе ролі лідэра ў Зьвязе, падсумоўвае газэта “Таймс”.
XS
SM
MD
LG