Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца беларускія ўлады да вэтэранаў – бацькоў апазыцыйных палітыкаў?


Алесь Дашчынскі, Менск 1 траўня сябры праваабарончых арганізацый наведалі маці Юрыя Захаранкі – Ульяну Захаранку, якая жыве ў горадзе Васілевічы Гомельскай вобласьці, каб павіншаваць яе з надыходзячым днём Перамогі. У гасьцях у спадарыні Ульяны пабывалі таксама Вольга Завадзкая, маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, і Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага палітыка Віктара Ганчара.

Галоўнае для спадарыні Ульяны – гэта лёс яе сына. 7 траўня якраз спаўняецца шэсьць гадоў з моманту выкраданьня былога міністра ўнутраных справаў, генэрала Юрыя Захаранкі, які займаўся стварэньнем апазыцыйнага саюза афіцэраў. Цягам мінулых гадоў улады так і не адказалі на пытаньне, дзе знаходзіцца Юрый Захаранка, а таксама Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Зьміцер Завадзкі. Ульяна Захаранка, як і раней, чакае свайго сына.

(Захаранка: ) “Я спадзяюся, што я Юру дачакаюся. Мне ўсё думаецца, што ён дзесьці ёсьць, можа, іх куды пазвозілі? Я ўсё думаю, што ён недзе жывы. І людзі ўсе так кажуць: “Ня можа быць, каб яны іх пабілі, яны недзе жывыя і ўсё”. Ты ня плач, кажуць. І вось варажылі і яны сказалі: жывы. А што яно ці праўда ці крыўда, няхай дае Бог, каб жывы. Ён жа нікога не абакраў, не забіў, такі быў самастойны, такі працавіты. А Лукашэнка выступаў першы раз: абакраў МУС! Каб над табой вароны гракалі, калі ён ніколі нічога не прывозіў, і нават асадкі. А прыяжджалі ж, правяралі. А што ты зробіш, усё трэба перажыць. Куды яго дзелі, куды іх падзелі? А што будзе далей, мне так думаецца: калі ён – на парог, і я гляну, маё сэрца адразу разарвецца. Я ня вытрымаю. Пагляджу на фотаздымкі ды плачу толькі. І хочаш ня плакаць, а яно само плача. Ды сынок, кажу, ды адгукніся… Здаецца, каб падумаў, што сапраўды былі злодзеі, а то ж жывём па вясковаму, сваёй працай гараванай, ды і ўсё. Ды яшчэ і яму колькі я дапамагала, ды я ж працавала да 72 гадоў і тады толькі кінула. Колькі працавала, ну цяпер бы ўжо пасядзела, дык дзяцей згубіла ў мірны час”.

Спадарыня Ульяна прыгадвае, што яе брат Васіль Лазоранка ў часе другой сусьветнай вайны атрымаў узнагароду героя, а сама яна была вывезеная ў Нямеччыну, там пазнаёмілася са сваім будучым мужам, вязьнем канцлягера. У 1991 годзе ў складзе дэлегацыі яна езьдзіла зь Юрыем Захаранкам у Кёльн, дзе яна была за вайной на прымусовых працах. Штогод спадарыні Ульяне беларускія ўлады дасылаюць віншаваньні з днём Перамогі. Як яна да іх ставіцца?

(Захаранка: ) “Да што ж я стаўлюся, толькі плачу, хіба ты ня ведаеш, што я магу, як у мяне такая крыўда, што адна засталася”.

(Карэспандэнт: ) "Ці дапамагаюць Вам мясцовыя ўлады?"

(Захаранка: ) “Не, ніхто, нічога не дапамагае. Цяпер мне не патрэбная іхняя дапамога, і я не прашу ніколі, нікуды і не хаджу. У мяне ногі зусім адмовілі хадзіць, а ціск такі, што я магу на вуліцу выйсьці і ўпасьці. Жыву я адным днём. Перажываньне такое, вось паспрабуй: адзін сын ляжыць у магіле, і другога няма”.

Для Ульяны Захаранкі самы вялікі боль – гэта абыякавасьць уладаў да лёсу сына Юрыя, зьніклага 6 гадоў таму. Нагадаю, жонка, дзьве дачкі і ўнук Юрыя Захаранкі зьехалі ў Нямеччыну і атрымалі там палітычны прытулак. Цяпер у Нямеччыне яны дамагаюцца адкрыцьця справы ў выкраданьні Юрыя Захаранкі, дзеля юрыдычных выдаткаў працягваецца збор сродкаў. Спадарыня Ульяна разьлічвае тут на дапамогу.

(Захаранка: ) “Я думаю, што дапамогуць. Алена казала, што мы дамагаемся, і яны паабяцалі: што б ні каштавала, мы будзем шукаць. Яны ж заплоцяць, ім адна царква дапамагла, другая царква, і яшчэ адна. Проста ў царкве народ зьбіраецца, людзі скідаюць грошы. Будуць весьці сьледзтва, узяліся зь вялікім настроем. Кажуць, ня можа быць такога, каб людзей пабралі і дзе дзелі. Трэба каб суд быў, асудзіць іх. А то ні суда, ні праўды, узялі і як у яму пакідалі”.

А як ставяцца беларускія ўлады да вэтэранаў і ахвяраў вайны, бацькоў іншых апазыцыйных палітыкаў?

У многіх бацькі былі вэтэранамі, да прыкладу, у зьняволенага Міхаіла Марыніча бацька і брат былі ўдзельнікамі партызанскага руху ў лясах Палесься. Бацька Марыніча загінуў, а дзядзька памёр ад раненьняў. У актывіста сацыял-дэмакратычнага руху Аляксея Караля бацька прайшоў на перадавой усю вайну. А вось у Анатоля Лябедзькі, лідэра АГП, бацькі былі запісаныя дзяржаўным радыё ў паліцаі.

(Лябедзька: ) “Нягледзячы на тое, што па беларускім радыё казалі, што мой бацька быў у паліцаях, ён нарадзіўся ў 1938 годзе. Так што ў гэты час не мог быць ні партызанам, ні паліцаям, а быў 4-гадовым хлапчуком на пачатак вайны. Але сям’я, натуральна, мае адносіны да вайны: у мяне дзед загінуў і яго яшчэ 5 братоў – 6 чалавек пайшлі на вайну, вярнуўся толькі адзін. І два дзядзькі родныя загінулі”.

Цімафей Даўгучыц, бацька актывісткі апазыцыі Валянціны Палевіковай, вэтэран вайны, мае ўзнагароды, жыве ў Любані, а яе маці была вывезеная на прымусовыя працы ў Аўстрыю. Цягам амаль трох гадоў спадар Цімафей дамагаўся, каб адрамантавалі плот, які зламаў выканкамаўскі аўтамабіль. Літаральна некалькі дзён таму гэты плот, нарэшце, адрамантавалі, але, як кажа Цімафей Даўгучыц– няякасна. А нядаўна здарылася яшчэ адна непрыемнасьць – бацькоў спадарыні Валянціны абакралі.

(Даўгучыц: ) "Злодзеі вядомыя, можна сказаць, але так і замялі, і нічога не атрымалася ў мяне. Толькі нэрватропка перад сьвятамі такая, ды і ўсё".

Валянціна Палевікова кажа, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, беларускае тэлебачаньне, не шкадуюць бацькоў-вэтэранаў.

(Палевікова: ) “Калі ішлі ўсе гэтыя фільмы паганыя, то да сардэчных прыступаў даходзіла, калі зьдзекаваліся над апазыцыяй, у тым ліку мяне паказвалі. Гэта вельмі іх кранае. Я ня думаю, што гэта толькі маіх бацькоў тычыцца, я думаю, што ўсе бацькі па-свойму гэта так цяжка перажываюць”.

На здымку: Вольга Завадзкая, Ульяна Захаранка і Зінаіда Ганчар (фота Радыё Свабода)
XS
SM
MD
LG