Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 1 траўня ў Гомелі затрымалі актывістаў моладзевага руху "Лімон"


Казімір Яноўскі, Гомель 1 траўня ў Гомелі каля 11-й гадзіны раніцы на пляцы Паўстаньня былі затрыманыя дзесяць маладых гамельчукоў, прыхільнікаў моладзевага руху “Лімон”. У гонар афіцыйнага Сьвята працы ды праваслаўнага Вялікадня моладзь мелася ладзіць акцыю “Партрэт самага галоўнага працаўніка – кожнаму” з раздачай каляровых партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі ды лімонных цукерак. Аднак раздаць партрэты кіраўніка дзяржавы моладзь не пасьпела. Міліцыянты ды людзі ў цывільным схапілі юнакоў ды дзяўчат і даставілі ў Цэнтральны пастарунак.

Паводле сьведчаньня затрыманай Юліі Сівец, сяржант міліцыі Юранаў ды ягоныя памагатыя ў цывільным дзейнічалі вельмі груба. Былому кандыдату ў дэпутаты парлямэнту Валерыю Сьляпухіну парвалі нават куртку і майку.

Хаця ў маладых гараджанаў меліся пашпарты, міліцыянты тлумачылі, што затрымліваюць іх дзеля высьвятленьня асобаў.

У пастарунку маладых людзей здымалі на відэакамеру, рабілі дагляд асабістых рэчаў, забаранялі гаварыць па-беларуску. Партрэты Аляксандра Лукашэнкі ў маладых людзей сканфіскавалі. Затрыманьне доўжылася больш як тры гадзіны.

Намесьнік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Юрый Панамарэнка прычыну затрыманьня патлумачыў тым, што “кампанія маладых людзей выклікала падазрэньне”.
XS
SM
MD
LG