Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы і актывісты ЗБС сустракалі на вакзале ў Воршы расейскіх удзельнікаў акцыі 26 красавіка


Браніслава Станкевіч, Ворша Аршанскія маладафронтаўцы і актывісты Згуртаваньня Беларускіх студэнтаў зладзілі разьвітальную акцыю для хлапцоў і дзяўчат з Расеі, затрыманых у Менску пад час “Чарнобыльскага шляху”. На чыгуначным вакзале яны зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сустрэлі цягнік “Берасьце– Масква”, у якім прадстаўнікі расейскіх моладзевых арганізацый ехалі дахаты.

Як распавёў кіраўнік мясцовай Рады моладзевых арганізацый Ігар Казьмярчак, беларускія хлопцы падарылі расейскім дзяўчатам белыя ды чырвоныя кветкі, усе разам абмяняліся плякатамі, налепкамі ды значкамі.

Сустрэча працягвалася роўна 10 хвілін – якраз столькі, колькі ў Воршы стаіць гэты цягнік. І ўвесь гэты час за маладымі людзьмі пільна сачылі аршанскія міліцыянты. Ніякіх заўвагаў з боку ахоўнікаў правапарадку не было, хаця госьці з Расеі, паводле іхных словаў, ад''яжджалі зь Менску, уражаныя надзвычай жорсткім абыходжаньнем беларускай міліцыі.

Пасьля таго, як над вакзалам прагучаў апошні супольны выгук “Жыве Беларусь!”, аршанскія міліцыянты на службовых машынах праводзілі маладых людзей ад прывакзальнай плошчы да самага цэнтру горада.
XS
SM
MD
LG