Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самадысцыпліна як перадумова посьпеху


Натальля Судлянкова, Прага Пра самадысцыпліну й самакантроль узгадваюць практычна ўсе, хто дасягнуў посьпеху ў нейкай сфэры. Гэтыя якасьці часьцяком – проста ўмова выжываньня ў іншай краіне. Ці шкадуюць самі сябе беларусы за мяжой, альбо, наадварот, прымушаюць сябе рабіць належнае з апошніх сілаў і перагрузкі робяцца неад''емнай часткай жыцьця, калі пакідаеш родныя мясьціны? Пра гэта – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Кожны дзень у жыцьці – гэта своеасаблівае самавыпрабаваньне, праверка здольнасьцяў чалавека. І перамога над сабой у гэтых выпрабаваньнях – неабходная ўмова посьпеху. Такую перамогу дае сама кантроль ды самадысцыпліна. Самадысцыпліна – рэч добраахвотная, уласны свабодны сьвядомы выбар. Можна сказаць, дадатковы цяжар, хаця і дапамагае дасягнуць мэты, дамагчыся посьпеху. Гэтае выпрабаваньне – фактычна праверка здольнасьці чалавека паставіць перад сабой мэту ды ісьці да яе кожны дзень, крок за крокам.

Піліп Тананка скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржунівэрсытэту.

(Тананка: ) "Калі я вучыўся, я шмат вандраваў па Заходняй Эўропе і Амэрыцы таксама. Калі закончыў вучобу, вандроўка мяне занесла ў Канаду".

У Канадзе Піліп апынуўся не адразу, але менавіта гэтая краіна стала месцам яго сталага жыхарства.

(Тананка: ) “Я таксама атрымаў адукацыю ў Канадзе і знайшоў працу па спэцыяльнасьці”.

Цяпер Піліп працуе ў кампаніі, якая вырабляе мапы.

(Тананка: ) “Я не плянаваў займацца геаграфіяй у Беларусі, але тут, у Канадзе, гэта было для мяне адзінай магчымасьцю. Я вырашыў, што геаграфія – гэта вельмі разнастайная навука, і што я здолею сябе знайсьці ў ёй”.

Так яно і адбылося. Амаль год Піліп пасьля пераезду ў Канаду Піліп працаваў геадэзістам, каб зарабіць грошы на вучобу, працаваў ён і падчас вучобы, а пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту знайсьці добрае мейсца было ўжо не цяжка. Піліп – мэтанакіраваны чалавек, ён перакананы, што асноўная праблема – гэта вызначыць мэту, да якой рухацца, а сам шлях ужо не такі цяжкі, і баяцца яго ня варта.

(Тананка: ) “За апошнія пяць гадоў мне давялося вырашаць шмат цяжкіх пытаньняў у жыцьці– пачынаючы з таго, дзе жыць, у якой краіне, і заканчваючы тым, што рабіць”.

Часам здараецца і такое, што...

(Тананка: ) “Трэба штосьці зрабіць, але ты ня ведаеш, што менавіта. Гэта вельмі цяжка. А калі ты ведаеш дакладна, што трэба рабіць, дык гэта ўжо і не так складана, на маю думку”.

Вызначэньне мэты і потым добраахвотнае падпарадкаваньне свайго жыцьця руху да гэтай мэты – няпростая задача для любога чалавеку. Яшчэ больш няпростая для таго, хто ў маладосьці апынуўся адзін у іншай краіне. Зь іншага боку, гэта такое выпрабаваньне, якое прымушае кожнага сур’ёзна паставіцца як да сваіх мэтаў, так і да таго, што трэба рабіць на шляху да іх.

(Тананка: ) “Калі ты жывеш у Беларусі, і ў цябе ёсьць родныя, якія цябе падтрымліваюць, і ты ведаеш краіну, і яе народ, і калі ты робіш памылкі – гэта ня так цяжка, бо заўсёды ты здолееш знайсьці падтрымку ў сваіх блізкіх. Тут, за мяжой, кожная памылка вельмі цяжкая, бо толькі ты нясеш адказнасьць за яе, і таму самадысцыпліна папросту абавязковая”.

Мала хто мае ў сябе самакантроль зь дзяцінства. Звычайна людзі выхоўваць такія якасьці ўжо ў больш-менш сталым узросьце. І кожны мае ў гэтым выхаваньні свае сакрэты.

(Тананка: ) “Я ня думаю, што я ўжо нарадзіўся з самадысцыплінай, але я ведаю, што я раблю кепска, і я працую над гэтым”.

Як? У Піліпа ёсьць свае рэцэпты выхаваньня самадысцыпліны, якія, хаця і здаюцца на першы погляд простымі, тым ня менш, зьяўляюцца вельмі эфэктыўнымі.

(Тананка: ) “Усе любяць паспаць раніцай. Каб ня спаць доўга, я прызначаю сустрэчу зь лекарам або сябрам як мага раней. Мне трэба прачынацца і рабіць сваю працу. І калі ты ўжо прачнуўся, дык дзень атрымліваецца доўгім, і ты ўсё пасьпяваеш зрабіць”.

Сёньня праца Піліпа цалкам задавальняе, але...

(Тананка: ) “Я ня думаю, што буду рабіць кар’еру, як картограф. Больш мяне вабіць пэрспэктыва стаць мэнэджэрам праектаў”.

Піліп таксама пачынае думаць пра тое, каб атрымаць яшчэ адну адукацыю.

(Тананка: ) “Пляны вялікія, але цяпер у мяне ёсьць мая праца, якая мяне корміць, і, як гавораць у Канадзе, “I do my best” – “Я раблю найлепшае з таго, што я магу зрабіць”.

Пра неабходнасьць самадысцыпліны даводзілася чуць усім. Што хаваецца за гэтым словам у практычным сэнсе, аднак, рэдка абмяркоўваецца. Псыхолягі прыйшлі да высновы, што людзі, якія дасягаюць посьпехаў, якія здолелі выхаваць самадысцыпліну, прызвычаіліся нават у самых непрыемных, але абавязковых занятках знаходзіць нешта пазытыўнае. Далей – Тацяна Поклад зь Вільні.

(Поклад: ) "Многія з тых беларусаў, якія адносна нядаўна жывуць у Літве і пасьпяхова тут працуюць, знайшлі б што сказаць пра свой уласны досьвед што да самадысцыпліны. Камусьці даводзілася з немалымі цяжкасьцямі прывучаць сябе рабіць тое, што неабходна, бяз вонкавага прымусу. Іншыя ня уяўляюць свайго шляху да посьпеху без самадысцыпліны і ня лічаць, што гэта занадта цяжка ці непрыемна – рабіць ня толькі тое, што хочацца.

Алена Базюк 12 гадоў таму прыехала ў Літву, бо выйшла сюды замуж. У Літве і адбылася яе прафэсійная кар''ера выкладчыка-беларусіста. У Алены двое дзяцей, але й сама яна выглядае не нашмат старэйшай за сваю першую дачку – хіба Алена больш элегантная. На зьнешні пагляд, яна проста ня мае вольнай хвіліны – выкладае ў старэйшых клясах Віленскай школы імя Ф.Скарыны, мае лекцыі і заняткі на аддзяленьні беларусістыкі ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце:

(Базюк: ) “Працую па аўтарскіх праграмах, у мяне лексыка была, курс марфалёгіі, практычны курс, раней – крышку літаратуру, фальклёр”.

Калі я запыталася ў Алены, ці шмат яна працуе і ці адчувае перагрузку, яна адказала нечакана:

(Базюк: ) "Ну, адносна – я б не сказала, што я перасільваю сябе. Розныя бываюць гады. Адзін год больш працуеш, студэнты, вучні цяжэйшыя, другі год – менш працуеш. Сёлета не магу сказаць, што вельмі перагружаная".

Ёсьць яшчэ адна прычына, чаму праца і шматлікія абавязкі ня ў цяжар: самадысцыпліна, як кажа Алена, проста неяк сталася звычкай, як бы другой натурай – ёсьць рэчы, якія трэба зрабіць, і яны робіцца лёгка і радасна.

(Базюк: ) “Я напэўна ужо зраслася, не магу і аддзяліць свой унутраны голас ад голасу самадысцыпліны – гэта для мяне адно і тое ж самае, як бы я не прымушаю сябе рабіць тое, што я не хачу, і ў той жа час я ведаю, што мне гэта трэба зрабіць, і мяне цягне гэта – імпульсіўна ужо неяк робіш тое, што належыць”.

Для таго, каб задуманае зьдзейсьнілася, самадысцыпліна неабходная. Але як па-рознаму людзі разумеюць гэта. На неабходнасьць прымушаць сябе рабіць тое, што належыць, часам глядзяць як на самаахвярнасьць, добраахвотную пакуту. Алена цягам свайго жыцьця у Літве для сябе вызначае самадысцыпліну інакш:

(Базюк: ) “Для мяне самадысцыпліна – гэта ўменьне знаходзіць рашэньне ў правільны момант. Гэта нейкі ўнутраны голас душы, які мне дыктуе так паступіць у дадзеным выпадку ці інакш. Назіраючы за людзьмі, і сваімі блізкімі, скажу, што калі нешта хочаш дамагчыся ў жыцьці – трэба быць самадысцыплінаваным. Інакш мэты не дасягнеш”.

Кажуць, кожны раз, калі самадысцыпліна перамагае над лянотай, у чалавека расьце павага да сябе, ён робіцца больш упэўненым у сваіх сілах. Алена гаворыць, што ёй кожная такая перамога дадае новых сілаў:

(Базюк: ) “...і растуць крылы – калі нешта атрымалася, то хочацца яшчэ нешта зрабіць”.

А пры няўдачы ізноў выручае самадысцыпліна.

(Базюк: ) “Калі трымаць сябе ў руках – ізноў жа самадысцыплінаваць сябе, то рукі не ападуць”.

Алена лічыць, што самадысцыпліна дапамагла ёй на шляху да мэты. Яна працуе, і яе праца запатрабаваная, яна піша вершы, і вершы гэтыя ня толькі чытаюць, але і сьпяваюць, яна цешыцца сваім сямейным жыцьцём і не гаворыць пра стому: звычка да самадысцыпліны дапамагае арганізоўваць і працу, і адпачынак. Ці былі выпадкі, калі самадысцыпліна не спрацоўвала і даводзілася пасьля мець праблемы, а то і цярпець страты – словам, пашкадаваць?

(Базюк: ) “Дзякуй Богу, яшчэ не. У далейшым усякае можа здарыцца, пакуль што я не шкадую – я лічу, чаго хацелася, тое і збылося”.

Мікалай Асоўскі з Мазыра цяпер жыве ў Ізраілі. Мікалай – адзін з тых таленавітых людзей, якія могуць самарэалізавацца практычна ў любым грамадзтве. Ён пераехаў у Ізраіль у 1990-м годзе. Мікалай Асоўскі – прафэсар філязофіі й права, сябра Нью-Ёрскай Акадэміі навук. Цяпер Мікалай Асоўскі ачольвае ізраільскі рух “Геронтас”.

(Асоўскі: ) “Геронтас” – гэта лацінскае слова, якое перакладаецца, як сталы, стары чалавек. Сваю навуковую дзейнасьць я прысьвяціў адной адзінай праблеме – прававой абароне найбольш абяздоленай часткі насельніцтва ня толькі ў нас, але і ва ўсім сьвеце – геранталёгіі”.

У Беларусі Мікалай Асоўскі займаўся пытаньнямі вольнага часу й разьвіцьця здольнасьцяў чалавека, напісаў дзесяткі навуковых работ, вёў выкладчыцкую дзейнасьць.

(Асоўскі: ) “Калі казаць пра час, дык усё можна пасьпець зрабіць. У мяне, дарэчы, заўсёды быў хранічны недахоп часу, дэфіцыт часу, цэйтнот ва ўсім жыцьці і ў працы”.

Натуральна, такі лад жыцьця немагчыма вытрымаць без самай высокай ступені самакантролю й самадысцыпліны.

(Асоўскі: ) “Самадысцыпліна – гэта такая зьява, якая сустракаецца і неабходная як у навуковым, так і ў паўсядзённым жыцьці. Для чалавека, які імкнецца да дасягненьня сваіх мэтаў, важна захаваць літаральна кожную хвіліну, кожную сэкунду”.

Сам Мікалай Асоўскі здолеў пабудаваць такую сыстэму, у якой страты часу мінімальныя, як цягам працы, так і падчас адпачынку.

(Асоўскі: ) “Справа ў тым, што ў вышэйшых навучальных установах як у Беларусі, так і за мяжой праблемам рацыянальнага выкарыстаньня вольнага часу не надаецца асаблівай і адпаведнай увагі. Але дзеля таго, каб усё пасьпяваць, трэба здолець пабудаваць сваю працу й жыцьцё на падставе навуковай арганізацыі працы”.

Але што значыць навуковая арганізацыя працы ў паўсядзённым жыцьці?

(Асоўскі: ) “Гэта максымальнае скарачэньне непатрэбных стратаў часу й мэтанакіраванае выкарыстаньне таго часу, якое ў чалавека ёсьць”.

Паводле спадара Асоўскага, кожны чалавек можа выхаваць самадысцыпліну.

(Асоўскі: ) “Зрэшты кожны чалавек сам творца свайго шчасьця й сам гаспадар свайго часу. Калі ён паводле пляну робіць сваю справу, ён абавязкова навучыцца быць ашчадным што да свайго часу, ня будзе губляць яго на дробязі, будзе займацца асноўнымі пытаньнямі, і ён навучыцца самадысцыпліне й будзе пасьпяхова дамагацца таго, чаго хоча”.

“Самадысцыпліна ўмацоўвае Вашыя іншыя станоўчыя якасьці. Кожны раз, калі Вы праяўляеце самадысцыпліну, расьце Вашая павага да самога сябе” – піша аўтар бэстсэлеру “21 сакрэт посьпеху мільянэраў” Браян Трэйсі і дадае, што посьпех важыць грамы, няўдача – тоны. Пасьпяховыя людзі, апроч самадысцыпліны, здолелі разьвіць у сябе творчыя якасьці, удасканаліць сваю працу, зрабіць яе творчым працэсам. Пра тое, у якіх галінах жыцьця й дзейнасьці знаходзяць творчыя аспэкты беларусы, што жывуць у іншых краінах – у наступнай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.
XS
SM
MD
LG